Прафесійна-псіхалагічнае субяседаванне для абітурыентаў упершыню праводзіцца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Падрабязнасці высветліла карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
— Яно праходзіць перад пачаткам падачы дакументаў для паступлення. Гэта будзе своеасаблівым допускам да ўдзелу ў конкурсе на паступленне ў нашу ўстанову, — паведаміў рэктар акадэміі Вячаслаў Даніловіч.
Зарэгістравацца на субяседаванне можна на сайце гэтай установы адукацыі альбо непасрэдна ў дзень яго правядзення. Адкрыта рэгістрацыя на 27 мая, 3, 10 і 17 чэрвеня, 8 і 15 ліпеня. У ліпені будзе праводзіцца штодзень у дні падачы абітурыентамі дакументаў. На сёння для праходжання субяседавання зарэгістраваны больш як 110 чалавек.
Праводзіцца яно ў вуснай форме па трох тэматычных блоках: лідарскія якасці; матывацыя да прафесійнай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага кіравання і схільнасць да яе эфектыўнай рэалізацыі; каштоўнасныя арыентацыі. Рашэнне камісіі аб’яўляецца абітурыенту адразу пасля завяршэння субяседавання. Яму выдаецца выпіска з пратакола пасяджэння, сапраўдная ў год паступлення і ў наступны год.
В. Даніловіч адзначыў, што для паступлення абітурыенты павінны падаць як сертыфікаты ЦТ (у тым ліку сапраўднымі з’яўляюцца сертыфікаты 2022 года), так і сертыфікаты цэнтралізаванага іспыту. Акрамя таго, трэба прадставіць у прыёмную камісію рэкамендацыю з апошняга месца вучобы (работы, службы) і мясцовага выканаўчага і распарадчага органа. Каб яе атрымаць, абітурыент павінен звярнуцца ва ўстанову адукацыі, у якой ён вучыўся або якую скончыў. Форма рэкамендацыі, а таксама алгарытм яе выдачы размешчаны на сайце Акадэміі кіравання ў раздзеле «Абітурыенту».
Інтэрв’ю з рэктарам Вячаславам Даніловічам можна будзе прачытаць у «Настаўніцкай газеце».
Ала КЛЮЙКО
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі