Прафесійная адукацыя: сіла, гонар, будучыня

- 11:05Прафесійна-тэхнічная адукацыя

На Брэстчыне адсвяткавалі 80-годдзе сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці. Доўгачаканае ўрачыстае мерапрыемства адбылося ў абласным грамадска-культурным цэнтры. Удзельнікаў свята віталі інтэрактыўныя тэматычныя пляцоўкі, якія дазволілі акунуцца ў сучаснае прафтэхаўскае асяроддзе. Шматлікія ганаровыя госці адрасавалі ўдзельнікам урачыстасцей шчырыя пажаданні. У гэты дзень каля 100 работнікаў сістэмы прафесійнай адукацыі вобласці атрымалі ўзнагароды ад шэрага міністэрстваў і ведамстваў. 

Такія даты заўсёды прымушаюць азірнуцца на пройдзены шлях і асэнсаваць яго, каб рухацца далей. Пра станаўленне і прафесійную адукацыю вобласці на сучасным этапе мы пагутарылі з Аляксандрам Фёдаравічам Жуком, першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. 

— Аляксандр Фёдаравіч, за 80 гадоў сістэма прафесійнай адукацыі прайшла значны шлях. Яна перажыла розныя перыяды, у тым ліку і няпростыя, аднак заўсёды заставалася здольнай прыняць любы выклік. Раскажыце, што сістэма прафадукацыі вобласці ўяўляе сабой на сучасным этапе? 

— Сёння ў сістэме прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці функцыянуе 31 установа прафесійнай адукацыі, падпарадкаваная галоўнаму ўпраўленню па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Гэта 15 прафесійных ліцэяў, 8 прафесійна-тэхнічных каледжаў, 8 каледжаў. У іх каля 9 тысяч навучэнцаў атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю і каля 6 тысяч — сярэднюю спецыяльную.

Установы рыхтуюць кадры для ўсіх сацыяльна значных галін эканомікі краіны. Аграпрамысловы профіль маюць 13 устаноў, будаўнічы — 5, машынабудаўнічы — 3, сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва — 3, прыборабудавання і электратэхнікі — 2, лёгкай прамысловасці — 2. Па адной установе рыхтуюць работнікаў для галіны чыгуначнага транспарту, гандлю і сувязі.

Навучанне вядзецца амаль па 90 кваліфікацыях рабочых і больш чым 30 спецыяльнасцях узроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Большасць прафесій з’яўляюцца інтэграванымі, 70% навучэнцаў адначасова атрымліваюць дзве і больш кваліфікацый, што забяспечвае высокі ўзровень працаўладкавання выпускнікоў, пашырае зону іх прафесійнай кампетэнтнасці і павышае канкурэнтаздольнасць на рынку працы. Акрамя таго, у перыяд навучання кожны навучэнец можа дадаткова атрымаць любую кваліфікацыю, па якой ажыццяўляецца падрыхтоўка ва ўстанове адукацыі. Штогод каля 15% навучэнцаў карыстаюцца такой магчымасцю.  

— Установы адукацыі заўсёды працуюць над павышэннем якасці падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў у адпаведнасці з узроўнем сучаснай вытворчасці. Раскажыце аб дасягненнях у гэтым напрамку. 

— Сапраўды, якасць адукацыі заўсёды ў цэнтры ўвагі. Штогод расце колькасць выпускнікоў, якія атрымалі 4-ы і вышэйшы кваліфікацыйны разрады. Так, у 2020 годзе больш за 60% выпускнікоў атрымалі павышаныя разрады.

Якасць падрыхтоўкі рабочых кадраў пацвярджаюць дзяржаўныя і выпускныя кваліфікацыйныя камісіі, якія, дарэчы, узначальваюць прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў. У кожнай установе прафесійнай адукацыі вобласці створаны незалежныя выпускныя кваліфікацыйныя камісіі, у склад якіх уваходзяць толькі прадстаўнікі базавых арганізацый.

Павышаныя патрабаванні да прафесійнай падрыхтоўкі сучаснага рабочага і спецыяліста патрабуюць і адпаведнага прафесійнага ўзроўню выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. У сувязі з гэтым адзначу, што больш за 75% педагагічных работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі вобласці маюць вышэйшую адукацыю, больш за 70% атрымалі вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыі. Штогод павышаюць кваліфікацыю больш як 300 кіруючых і педагагічных работнікаў, больш за 350 праходзяць стажыроўкі. Значная работа па павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў праводзіцца Брэсцкім абласным вучэбна-метадычным цэнтрам прафесійнай адукацыі.

— Усе галіны эканомікі хутка развіваюцца, і ўстановам адукацыі даводзіцца мяняцца разам з імі. Раскажыце, як сістэма прафесійнай адукацыі рэагуе на гэтыя змены і адаптуецца да іх. 

— Сапраўды, сістэма прафадукацыі павінна забяспечваць патрэбы прадпрыемстваў і арганізацый і выпускаць менавіта тых спецыялістаў, якія зараз запатрабаваны ў работадаўцаў, і менавіта столькі, колькі патрэбна на дадзеным этапе. Таму пастаянна ўдасканальваюцца структура, аб’ёмы і тэрміны падрыхтоўкі кадраў ва ўстановах прафесійнай адукацыі вобласці. Гэта робіцца на падставе заказу на падрыхтоўку кадраў, пацверджанага заяўкамі і дагаворамі. 

За апошнія пяць гадоў была пачата падрыхтоўка кадраў па шэрагу новых спецыяльнасцей: “Аперацыйны лагіст”, “Тэхналогія машынабудавання (па напрамках)”, “Сеткі тэлекамунікацый”, “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”, “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў (па напрамках)” і інш. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі пачалі рыхтаваць памочнікаў машыніста электрацягніка, аператараў аўтаматызаванага раскройнага комплексу, агентаў па абслугоўванні аўтамабільных перавозак, вытворцаў мясных паўфабрыкатаў, электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі, вытворцаў мастацкіх вырабаў з керамікі, страхароў па металічных дахах, мантажнікаў каркасна-абшытых канструкцый сухога будаўніцтва, жылоўшчыкаў мяса і субпрадуктаў, абвальшчыкаў мяса і інш.

Арганізавана работа па аптымізацыі тэрмінаў атрымання прафесіі. На аснове агульнай сярэдняй адукацыі тэрмін навучання скарочаны з 1 года і 6 месяцаў да 1 года, з 2 гадоў — да 1 года і 6 месяцаў; на аснове агульнай базавай адукацыі — з 3 да 2 з паловай гадоў.

Развіваем і матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі, каб дзеці выхоўваліся ў аптымальна камфортных умовах. Мэтанакіравана вядзецца работа па набыцці сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання. За апошнія пяць гадоў закуплена каля 3 тысяч адзінак тэхнікі, абсталявання, камп’ютараў.

— Дарэчы, калі мы гаворым аб аснашчэнні ўстаноў адукацыі новым абсталяваннем, то нельга абмінуць увагай рэсурсныя цэнтры, якія апошнім часам сталі пунктамі інтэнсіўнага развіцця для сістэмы ПТА і ССА. Раскажыце аб рэсурсных цэнтрах, якія дзейнічаюць на Брэстчыне. 

— Сёння стаўка робіцца на развіццё высокатэхналагічных вытворчасцей, інавацыйную эканоміку, і сістэма прафадукацыі здольная ўнесці свой уклад у вырашэнне гэтых задач. Гэтаму спрыяе стварэнне рэсурсных цэнтраў, дзе сканцэнтраваны інавацыі, перадавое абсталяванне, якое нярэдка ў арганізацыях яшчэ нават не з’явілася.

У Брэсцкай вобласці працуюць 7 рэсурсных цэнтраў па наступных 8 профілях: тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ; тэхналогія зварачных работ; механічная апрацоўка металу на станках і лініях; грамадскае харчаванне; санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў; эксплуатацыя абсталявання і тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей; тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў; цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка.

Плануецца адкрыццё рэсурсных цэнтраў на базе Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі па спецыяльнасці “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання” і на базе Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання па спецыяльнасцях “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, “Аўтасэрвіс”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”.

Штогод у рэсурсных цэнтрах вобласці праходзяць навучанне больш за 3,5 тысячы чалавек. Усяго за перыяд функцыянавання з 2010 года ў рэсурсных цэнтрах навучаліся больш за 22 тысячы чалавек, прычым больш за палову з іх складаюць навучэнцы іншых устаноў прафесійнай адукацыі вобласці.

— Якія напрамкі развіцця сістэмы прафадукацыі сёння найбольш актуальныя?

— Прафесійная адукацыя — гэта магутны рэсурс развіцця грамадства, які па сутнасці вызначае эканамічны і сацыяльны дабрабыт краіны. Сёння ўстановы прафадукацыі не проста даюць прафесію, іх функцыі значна шырэйшыя. Таму і спектр актуальных задач, напрамкаў работы вялікі. Гэта, у першую чаргу, прадастаўленне маладым людзям магчымасцей для задавальнення іх прафесійна-адукацыйных запытаў, накіраваных на павышэнне кампетэнтнасці, мабільнасці і набыццё сучасных ведаў у розных галінах. Важная задача — фарміраванне аптымальных аб’ёмаў і структуры падрыхтоўкі рабочых, служачых, спецыялістаў з улікам рэгіянальных асаблівасцей развіцця рынку працы, патрэб эканомікі і дэмаграфічнай сітуацыі. 

Таксама сёння мы працуем над павышэннем прывабнасці прафесійнай адукацыі для моладзі і дарослага насельніцтва з выкарыстаннем розных форм і метадаў прафарыентацыйнай работы. Яшчэ адзін значны напрамак работы — фарміраванне ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму, уцягванне яе ў актыўную грамадскую дзейнасць. 

Забеспячэнне шырокага выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, абнаўленне парка камп’ютарнай тэхнікі, распрацоўка і ўкараненне ў працэс навучання і выхавання элементаў дыстанцыйнага навучання — надзвычай актуальныя кірункі развіцця. 

Многае робіцца і ў напрамку сацыяльных гарантый і абароны навучэнцаў. Працуем над удасканаленнем сістэмы падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў для работы з людзьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, каб сфарміраваць ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу талерантнае стаўленне да такіх асоб. Адзначу, што кожны год ва ўстановах прафесійнай адукацыі навучаюцца каля 500 дзяцей-сірот і 350 асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, уключаючы інвалідаў. 

З 2008 года на базе Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці дзейнічае Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і абмежаванымі магчымасцямі. Навучэнцы цэнтра атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю ў адпаведнасці з магчымасцямі і ўзроўнем здароўя, ажыццяўляецца іх сацыяльная і прафесійная адаптацыя. За гады існавання выпускнікамі цэнтра сталі 326 чалавек, і ўсе яны працаўладкаваны па атрыманай прафесіі. Асвойваючы выбраныя прафесіі, гэтыя навучэнцы становяцца сацыяльна адаптаванымі, канкурэнтаздольнымі спецыялістамі, якія ўмеюць жыць і працаваць у складаных умовах сучаснага грамадства.

— Якія ўстановы прафадукацыі вобласці з’яўляюцца флагманамі сістэмы?

— Адказаць на гэтае пытанне мне дапамогуць вынікі конкурсу “Лепшая ўстанова прафесійнай адукацыі”. Ён праводзіцца па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама з 2004 года і актывізуе работу педагагічных калектываў па ўдасканаленні адукацыйнага працэсу.

За апошнія пяць гадоў пераможцамі конкурсу станавіліся Баранавіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сферы абслугоўвання, Брэсцкі дзяржаўны гандлёва-тэхналагічны каледж, Брэсцкі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання, Брэсцкі дзяржаўны каледж сувязі, Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці, Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання, Абласны аграрна-вытворчы прафесійны ліцэй. Гэтыя ўстановы, а таксама Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж за апошнюю пяцігодку былі занесены на рэспубліканскую і абласную Дошку гонару. 

— Якія дасягненні ў галіне прафесійнай адукацыі Брэстчыны самыя значныя? Што з’яўляецца прадметам гордасці?

— Такіх дасягненняў у нас, на шчасце, многа. Усяго і не пералічыць. Назаву толькі некаторыя. Напрыклад, навучэнцы ўстаноў ПТА і ССА вобласці пацвярджаюць высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі на чэмпіянатах WorldSkills, у якіх прадстаўнікі рэгіёна актыўна ўдзельнічаюць з 2014 года. На апошнім рэспубліканскім чэмпіянаце WorldSkills Belarus 2020 было заваявана 9 медалёў: 2 залатыя, 3 сярэбраныя, 4 бронзавыя. Традыцыйна Брэсцкая вобласць лідзіруе ў кампетэнцыях “Цырульніцкае мастацтва” і “Зварачныя работы”.

Прадстаўнікі Брэстчыны мелі гонар прадстаўляць нашу краіну на міжнародных чэмпіянатах WorldSkills. Навучэнцы і выпускнікі Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання спаборнічалі ў кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва”: Алеся Назарава выступала ў 2015 годзе ў Сан-Паўлу, Надзея Кашталян — у 2017 годзе ў Абу-Дабі, Ксенія Шафранская — у 2019-м у Казані. Паедуць прадстаўнікі Брэстчыны і на 46-ы Міжнародны чэмпіянат у Шанхай. 

Дарэчы, у 2020 годзе ў Баранавічах прайшоў абласны фестываль-конкурс прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых Брэсцкай вобласці. Мерапрыемства стала рэгіянальным этапам рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus 2020. Упершыню не толькі ў вобласці, але і ва ўсёй краіне адборачны этап праводзіўся так маштабна — па сутнасці, гэтак жа праходзіць рэспубліканскі фестываль. А ў маі 2021 года ў Івацэвічах, зноў жа ўпершыню ў краіне, прайшоў абласны фестываль прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых з асаблівымі патрэбамі. 

Штогод нашы навучэнцы годна праяўляюць сябе ў такіх рэспубліканскіх конкурсах, як “Лепшы малады зваршчык”, “Млын моды”, “Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці (электраэнергетыка)” і мностве іншых. Ганарымся і перамогамі нашых юнакоў і дзяўчат у міжнародных конкурсах, такіх як “Неўскія Берагі”, “Ружа вятроў”, “Залатая пралеска”, этнафестываль кулінарнага мастацтва ў Луцку і г.д. Конкурсы, злёты і агляды, фестывалі і выставы кожны год выяўляюць яркія таленты сярод навучэнцаў і педагогаў устаноў прафесійнай адукацыі.

І, безумоўна, мы ганарымся тымі таленавітымі, працавітымі, адоранымі людзьмі, што працуюць у сістэме прафесійнай адукацыі. Хацелася б рассказаць пра кожнага, аднак іх так многа, што гэта немагчыма зрабіць у рамках інтэрв’ю. Увогуле, сістэма прафесійнай адукацыі Брэстчыны — гэта сістэма, якую стваралі пакаленні дастойных працаўнікоў, і цэлыя пакаленні дастойных працаўнікоў гэтая сістэма выхавала. У гэтым наша сіла, наш гонар і наша будучыня. 

Гутарыла Дар’я РЭВА.