Прафесійная камунікацыя — анлайн

- 13:49Педагагічная майстэрня

Плануючы пасяджэнне педагагічнага савета, кіраўніцтва кожнай установы адукацыі, спецыяльна створаная творчая група настаўнікаў імкнуцца да таго, каб чарговы педагагічны савет быў па-сапраўднаму 

С — сучасным,
А — актуальным,
В — высокаэфектыўным,
Е — еднасным,
Т — тэхналагічным.

Асаблівасцю правядзення тэматычных педагагічных саветаў у гімназіі № 4 Мінска ў мінулым навучальным годзе было тое, што пасяджэнні праходзілі анлайн. Відавочна, што для сённяшніх педагогаў інфармацыйна-камунікацыйныя кампетэнцыі з разраду пажаданых перайшлі ў разрад неабходных. 

Паспрабуем аднавіць свае крокі ў арганізацыі і правядзенні інтэрнэт-педсавета.

Выбар платформы для правядзення пасяджэння. Для правядзення анлайн-пасяджэння прасцей за ўсё будзе выкарыстаць платформу Zoom. Безумоўна, што адной трансляцыі вам не хопіць, таму загадзя прызначце адразу некалькі.

Ваша пасяджэнне адразу набудзе афіцыйны статус, прывабіць увагу калег, калі будзе падрыхтавана спецыяльная застаўка-прывітанне з правіламі паводзін падчас анлайн-трансляцыі (напрыклад, уключыце відэа, аднак выключыце мікрафон; выкарыстоўвайце “ўзняць далонь”, калі хочаце нешта сказаць і інш.). 

Другой платформай для работы быў выбраны Google Клас (у нас атрымаў назву “Педсавет”). У GoogleКлас неабходна далучыць мадэратараў. Імі могуць быць удзельнікі творчай групы па падрыхтоўцы да педсавета. Ролю мадэратараў могуць выконваць кіраўнікі метадычных аб’яднанняў, удзельнікі творчай групы па інфарматызацыі. Важнае патрабаванне да мадэратараў — дастатковы ўзровень інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці, уменне працаваць з тэхнічнымі сродкамі навучання (камп’ютар, праектар, інтэрактыўная дошка, монаблок і інш.), а таксама арганізатарскія навыкі. Мадэратараў загадзя неабходна зарэгістраваць на інтэрнэт-рэсурсах, з якімі неабходна будзе працаваць падчас выканання заданняў практычнай часткі. 

Вядома, што эфектыўнасць любога калектыўнага абмеркавання пытанняў залежыць ад мастацтва наладжваць дыялог паміж удзельнікамі пасяджэння. Устанаўленне зваротнай сувязі падчас анлайн-мерапрыемства — адна з самых складаных задач, якую вам неабходна будзе спланаваць падчас падрыхтоўчага этапу.  

Прасцей за ўсё гэта рабіць праз чат. Так адкрываюцца магчымасці для правядзення галасавання аб зацвярджэнні парадку дня, прыняцці рашэнняў педсавета. Праз чат мадэратары груп змогуць даслаць інфармацыю аб выкананні заданняў.

Прапануем таксама іншыя варыянты анлайн-узаемадзеяння.

Прыём “Ключавыя словы” дапаможа калектыўна сфармуляваць праблему пасяджэння. Выступоўца дэманструе на слайдзе некалькі думак знакамітых людзей (могуць быць вытрымкі з аналізу работы, з нарматыўнай прававой дакументацыі). Затым прапануе разам вызначыць ключавыя словы ў іх і сфармуляваць праблему. Калі ў прадстаўнікоў групы падрыхтаваны адказ, мадэратар клікае “ўзняць далонь”. Заслухоўваюцца версіі груп.

Прыём “Эксперт” дапаможа змяніць від дзейнасці, зверне ўвагу калектыву на навуковае тлумачэнне з’явы, якая разглядаецца, ці азнаёміць з найбольш перспектыўным вопытам вырашэння праблемы педсавета. Загадзя неабходна дамовіцца пра выступленні на педсавеце экспертаў у галіне педагогікі. Гэта могуць быць метадысты, выкладчыкі профільных устаноў вышэйшай адукацыі, калегі па міжнародным супрацоўніцтве. Пагадзіцеся, што арганізаваць такую сустрэчу з дапамогай дыстанцыйных тэхналогій больш эрганамічна, чым жывое (натуральнае) узаемадзеянне!

Прыём “Квест” надасць рабоце груп дынамічнасць, прастымулюе да актыўнай работы. Вядучы педсавета абвяшчае, што па выніках выканання шэрага практычных заданняў педагогі атрымаюць “Кейс педагагічнай мудрасці”. Як узнагарода за паспяховае выкананне кожнага задання на слайдзе з’яўляецца частка дэвіза дзейнасці калектыву (можа быць тэматычная ілюстрацыя, блокі схемы, памяткі для работы і інш.). Па выніках выканання ўсіх заданняў педагогі звяртаюцца да атрыманага візуальнага вобраза, абмяркоўваюць яго. 

Прыём “Ланцужок поціскаў рук” дазволіць вызначыць эмацыянальны настрой калектыву напрыканцы работы, эфектыўнасць правядзення пасяджэння, карыснасць прадстаўленага матэрыялу. Вядучы прапануе ўдзельнікам груп працягнуць фразы, змешчаныя на слайдзе (напрыклад, “Педсавет прайшоў … і … .  Лічым, што прапанаваны матэрыял быў … і … . Найбольшую цікавасць выклікала… . Удзел у рабоце педсавета дазволіў мне… Напрыканцы педсавета наш настрой…”). Каштоўна будзе, калі “поціскі рук” будуць перадавацца не прымусова, а ў адпаведнасці з узнятымі далонямі!

Практычная частка работы педсавета заўсёды накіравана на абагульненне напрацаваных на метадычных мерапрыемствах матэрыялаў. З дапамогай сучасных электронных сэрвісаў ёсць магчымасць адпрацаваць іх прымяненне ва ўмовах дыстанцыявання. Прапануем да выкарыстання некаторыя з іх.

Для аптымізацыі работы калектыву падчас выканання заданняў практычнай часткі арганізатары педсавета павінны загадзя распрацаваць для груп маршрутныя лісты. Мадэратары груп заходзяць у Google Клас “Педсавет”, ва ўкладцы “Заданні” выбіраюць адпаведнае выпрабаванне, адкрываюць па спасылцы інтэрнэт-рэсурс, запісваюць імя сваёй групы і выконваюць прапанаваныя заданні.

Кіраўніцтва нашай установы ўпэўнена, што, каб “быць тым, хто адчыняе дзверы для тых, хто ідзе за табой”, сённяшняму настаўніку неабходна пастаянна шукаць новыя формы і метады ўзаемадзеяння, працягваць удасканальваць інфармацыйна-камунікацыйную кампетэнтнасць педагогаў. Выказваем спадзяванні, што наш вопыт падштурхне калег да яскравых ідэй у пошуку новых падыходаў да камунікацыі ў інфармацыйным адукацыйным асяроддзі.

Вольга ЛУК’ЯНЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 4 Мінска.