Прафесія з пахам хвоі

- 19:13Выхаванне, Дадатковая адукацыя

Старшакласнікі сярэдняй школы № 3 Пружан асвойваюць сакрэты сталярнай справы.  

З азамі гэтай прафесіі юнакі зна­ёмяцца на ўроках працоўнага навучання ў 5—9 класах пры вывучэнні раздзела “Апрацоўка драўніны”. Школьнікі вучацца карыстацца сталярным інструментам, асвойваюць асноўныя тэхналагічныя аперацыі. Але навыкі, атрыманыя на ўроках, носяць больш азнаямленчы характар. Праграма прафесійнай падрыхтоўкі фарміруе іншыя ўменні. Так, вучні асвойваюць прыёмы заточвання і настройкі інструменту, знаёмяцца з асновамі будаўнічага чарчэння, асноўнымі паняццямі эканомікі і працоўнага права. Фактычна гэты курс — лагічны працяг школьных урокаў працоўнага навучання, а атрыманая кваліфікацыя — адказ на пытанне, навошта яны патрэбны ў школе.

Дзякуючы прафе­сійнай падрыхтоўцы, юнакі вучацца выконваць асноўныя тэхналагічныя аперацыі па ручной апрацоўцы драўніны. На практычных занятках старшакласнікі вырабляюць розныя прадметы мэблі, інструменты і прыстасаванні для вучэбнай майстэрні. 

Адной з самых цікавых і складаных работ стаў табурэт. Вучням давялося перарабляць асобныя дэталі, тра­ціць шмат часу на падгонку і зборку вырабу. Але пасля яго выканання ў школьнікаў з’явілася ўпэўне­насць у сваіх сілах. І наступныя работы выконваліся ўжо куды больш хутка і якасна.  

Падчас вытворчай практыкі вучні вырашылі вырабіць цацкі для дзяцей, якія займаюцца ў раённым ЦКРНіР. Да работы падышлі вельмі сур’ёзна. Кожны шукаў сваю ідэю для вырабу цацак, распрацоўваў неабходную графічную і тэхналагічную дакументацыю. У выніку з’явіліся самалёцікі, машынкі, галаваломкі, конік-качалка, мальберт, пірамідкі… Здавалася б, простыя рэчы, але вырабіць іх аказалася не так і проста. Невялікія пралікі ў выглядзе сколаў тут недапушчальныя. 

Пасля здачы квалі­фікацыйнага экзамену юнакі наведалі ЦКРНіР і перадалі цацкі яго выхаванцам. Дзеці былі вельмі рады незвычайным падарункам. А школьнікі адчулі значнасць сваіх намаганняў і гордасць за тое, што змаглі падзяліцца сваімі ўменнямі з іншымі. Вучні спадзяюцца, што цацкі, цёплыя навобмацак, з пахам хвоі, ста­нуць для выхаванцаў ЦКРНіР крыніцай станоўчых эмоцый. Абавязкова стануць! Хлопцы ўклалі ў работу шмат пазітыву і дабрыні.

Па выніках квалі­фікацыйнага экзамену ўсе вучні атрымалі пасведчанні аб прысваенні ім кваліфікацыі сталяра 2-га разраду, што дазволіць пры неабходнасці працаўладкавацца па ёй. Канечне, сёння не многія выпускнікі мараць ­стаць сталярамі, мулярамі ці зваршчыкамі. Але жыццё паказвае, што рабочыя прафесіі добра запатрабаваны на рынку працы. І няхай былыя вучні не будуць праца­ваць па атрыманай у школе кваліфікацыі, але навыкі апрацоўкі драўніны спатрэбяцца ў побыце: пры зборцы мэблі, рамонце драўляных вырабаў ці кватэры. Акрамя таго, сталярная справа можа стаць цікавым і карысным хобі, якое дапаможа асвоіць тэхналогію апрацоўкі іншых матэрыялаў.  

Эдуард ВАЛАСЕВІЧ,
настаўнік тэхнічнай працы сярэдняй школы № 3 Пружан.