Прафтэх будуе маршрут

- 11:46Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Абласны конкурс даследчых работ і праектаў “Спадчына” сёлета стаў рэспубліканскім. 

Яго ініцыятар — Гомельская абласная арганізацыя РГА “Белая Русь”. У фінальны этап на ўзроўні Гомельшчыны выйшлі 16 юных прадстаўнікоў прафтэхадукацыі вобласці і 11 педагогаў.

Усе не толькі падрыхтавалі сур’ёзныя даследаванні і іх прэзентацыі, але і абаранялі іх перад строгім журы. На конкурс, адзначае намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталля Мамрукова, прыйшло каля 200 работ, але на абарону ў Гомель прыехалі аўтары толькі самых актуальных. 

Навучэнцам было прапанавана распрацаваць турыстычныя маршруты. Дзеці старанна прадумалі, склалі карты і нават пралічылі час на правядзенне экскурсій. Макар Анішчанка з Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа прапанаваў праехаць па праваслаўных святынях ад аграгарадка Пакалюбічы пад Гомелем да райцэнтра Ветка. Марына Зайцава з Палескага дзяржаўнага аграрнага каледжа імя У.Ф.Міцкевіча засяродзілася на славутасцях роднага горада Калінкавічы. Гістарычнае аблічча Рагачова даследавала навучэнка мясцовага педкаледжа Ганна Слюсарава, а Карней Торманаў з Гомельскага машынабудаўнічага каледжа паглыбіўся ў вывучэнне архітэктуры беларускага дойліда Станіслава Шабунеўскага.

Больш за ўсё эмоцый выклікалі ідэі прадстаўнікоў Гомельскага каледжа кулінарыі і Лельчыцкага прафесійнага ліцэя. Вераніка Юркевіч прапанавала апетытны гастратур, а Ілья Журовіч распрацаваў “Мядовы шлях” па самым паўднёвым раёне Гомельшчыны.

Выкладчыкі праф­тэха аказаліся не менш крэатыўнымі, чым іх вучні. Яны разважалі, як складаную тэму патрыятызму зрабіць простай і блізкай падлеткам, з якімі яны працуюць. Выкладчык гуманітарных дысцыплін Гомельскага машынабудаўнічага каледжа Уладзімір Сахараў на рэальных гераічных гісторыях сваёй сям’і паказаў прыклад: можна зацікавіць і іншых уважліва пагартаць сямейны альбом. Выдатныя міфы пра гомельскі мікрараён Валатава знайшла бібліятэкар Гомельскага каледжа кулінарыі Вікторыя Якавенка. Ра­зам з навучэнцамі яна прайшла па маладым мікрараёне, пабудаваным на гістарычным месцы, і знайшла “могілкі марсіян” і “мост гадзюкі Мармалюкі”.

— Гэты конкурс дае магчымасць заявіць пра сябе маладым і амбіцыйным людзям, якія робяць першыя крокі ў прафесіі, і іх выкладчыкам, — адзначае намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталля Мамрукова. — Сёлета на Гомельшчыне ён прайшоў дзявяты раз. Атрыманы ўдзельнікамі вопыт дазволіць тым, хто выйшаў у фінал, падрыхтавацца да рэспубліканскага тура.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.