Праграма «Адораныя дзеці»: як у гімназіі № 2 Ваўкавыска развіваюць інтэлектуальны патэнцыял навучэнцаў

- 12:15Пресс-тур «Настаўніцкай»

Работа з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі эфектыўная ў тым выпадку, калі мае комплексны характар.  У Ваўкавыску і раёне на поспех працуюць педагогі, псіхолагі, дзеці і бацькі. Іх узаемадзеянне ўяўляе сабой адзіную сістэму. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Распрацоўшчыкам і каардынатарам гэтай сістэмы з’яўляецца ўпраўленне адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама. Яго дзейнасць уключае рэалізацыю шматлікіх напрамкаў, але мы спынімся на асноўных. Профільнае навучанне, арганізаванае на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі, дазваляе больш поўна ўлічваць схільнасці і здольнасці вучняў, ствараць умовы для навучання старшакласнікаў у адпаведнасці з іх прафесійнымі інтарэсамі і намерамі. Профільнае навучанне арганізавана ў 10 гарадскіх і 6 сельскіх установах адукацыі раёна.

Заняткі з псіхолагам Ірынай Шывілько

На ўзроўні раёна штогод адкрываюцца міжшкольныя факультатывы (па матэматыцы, фізіцы, астраноміі, хіміі, біялогіі). У гэтым навучальным годзе яны дзейнічаюць па прынцыпе сеткавага ўзаемадзеяння. Акрамя таго, працуе міжшкольная студыя “Юныя таленты”, у якой прадугледжаны групавыя і індывідуальныя заняткі (па 11 вучэбных прадметах) з высокаматываванымі навучэнцамі.

З 2021 года дзейнічае студыя “Шлях да поспеху”, дзе заняткі праводзіць педагог-псіхолаг. Трэба адзначыць, што ўключэнне ў агульную каманду спецыялістаў псіхолага — вельмі правільнае рашэнне, бо толькі псіхолаг здольны не проста сачыць за эмацыянальным станам адоранага навучэнца, але і вучыць яго кіраваць сваімі эмоцыямі.

“Для арганізацыі якаснай падрыхтоўкі вучняў да абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды на ўзроўні раёна практыкуецца назначэнне педагога, адказнага за падрыхтоўку навучэнцаў (раённага трэнера), і вызначаецца база (установа адукацыі), дзе будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка. Для правядзення кансультацый выкарыстоўваецца патэнцыял шостага школьнага дня, што дазваляе раўнамерна размяркоў­ваць нагрузку на навучэнцаў на працягу тыдня і арганізоўваць работу настаўніка-трэнера.

Акрамя таго, для навучэнцаў, якія дэманструюць высокі ўзровень вучэбных дасягненняў і вучэбнай матывацыі, падчас канікул арганізоўваюцца раённыя профільныя аздараўленчыя лагеры. Разам з тым школьнікі актыўна выкарыстоўваюць рэсурсы абласных пляцовак для юных інтэлектуалаў: віртуальнага лагера па біялогіі і хіміі для навучэнцаў 8—11 класаў “Крокі да поспеху”; абласных алімпіядных школ па матэматыцы, англійскай і нямецкай мовах, якія функцыяну­юць на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. На сёння ўдзельнікамі такіх алімпіядных школ з’яўляюцца 14 навучэнцаў”, — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Пётр Красько.

Работа з высокаматываванымі і адора­нымі навучэнцамі патрабуе пастаяннага росту і майстэрства настаўніка. У рамках раённай метадычнай сеткі праводзяцца семінары-практыкумы па навучанні педагогаў рашэнню алімпіядных заданняў. На такія семінары запрашаюцца настаўнікі пачатковых класаў (выяўленне і работа з адоранымі дзецьмі пачынаюцца літаральна з першага класа), хіміі, біялогіі, гісторыі, грамадазнаўства, матэматыкі, фізікі, замежных моў. Для настаўнікаў рускай, беларускай моў і літаратур праводзяцца заняткі па навучанні напісанню водгуку.

У раёне сфарміраваны і пастаянна папаўняюцца інфармацыйныя банкі даных, дзе можна даведацца пра асобасны рост кожнага паспяховага навучэнца пачынаючы з пачатковых класаў. З сакавіка 2023 года ў адпаведнасці з рашэннем Ваўкавыскага раённага Савета дэпутатаў навучэнцам, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай дзейнасці, а таксама ў адукацыйных мерапрыемствах, аказваецца сацыяльная падтрымка ў выглядзе аднаразовай грашовай выплаты.

Ва ўстановах адукацыі распрацавана сістэма матэрыяльнага і маральнага за­ахвочвання педагогаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у рабоце з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. У калектыўным дагаворы вызначаны памер прэміяльных, стымулюючых і кампенсуючых выплат.

“У большасці ўстаноў праведзена работа па прадастаўленні аптымальнай для педагога нагрузкі, якая дазваляе ўдзяляць дастатковую колькасць часу падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд. Пры гэтым забяспечваецца высокі ўзровень заработнай платы гэтых педагогаў праз выкарыстанне выплат стымулюючага характару. Педагогі па жаданні вызваляюцца ад класнага кіраўніцтва, работы выхавальнікамі ў аздараўленчых лагерах”, — заўважыў Пётр Красько.

Што тычыцца вынікаў, то лічбы гаво­раць самі за сябе. Напрыклад, на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2019 годзе быў 1 дып­лом, у 2020-м — 6, у 2021 і 2022 гадах — па 5 дыпломаў, у 2023-м іх было 7, а ў 2024-м школьнікі заваявалі 5 дыпломаў.

Адораныя вучні

У гімназіі № 2 Ваўкавыска наладжана сістэмная работа з адоранымі навучэнцамі. Тут для развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу дзяцей распрацавана лакальная праграма “Адораныя дзеці”, якая гарманізуецца з сістэмай раёна.

“Работа з адоранымі навучэнцамі будуецца на прынцыпах дыферэнцыяцыі ўжо з пачатковай школы. Адну з галоўных роляў мы адво­дзім педагогу-псіхолагу, які праводзіць дыягностыку ступені адоранасці ў вучняў 1 класа. На падставе вынікаў ствараецца “Інфармацыйны банк ступені адоранасці дзяцей”, дзе яны размяркоўваюцца па інтэлектуальных здольнасцях. Педагогі-псіхолагі даюць рэкамендацыі бацькам і педагогам па рабоце з такімі вучнямі, а дзеці маюць магчымасць выбіраць тыя напрамкі, па якіх змо­гуць развіць свае здольнасці.

Такі падыход дазваляе наву­чэнцам пачатковых класаў больш актыўна ўдзельнічаць у розных конкурсах і алімпіядах прадметнай накіраванасці як на гімназічным, так і на раённым узроўні. Акрамя таго, нашы вучні 3 і 4 класаў — актыўныя ўдзельнікі навукова-практычных канферэнцый. Яны ўваходзяць у склад гімназічнага навуковага таварыства “Эрудыт” (секцыя пачатковых класаў “Вундэркінды”), што дае ім магчы­масць прымаць удзел у канферэнцыях рознага ўзроўню — ад гімназічных да рэспубліканскіх”, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Жанна Балюк.

Па выніках дасягненняў вучняў у гімназіі вядзецца банк даных “Адораныя дзеці”. Па інфармацыі, якая акумулюецца ў банку, можна не толькі прааналізаваць рост і выніковасць дасягненняў хлопчыкаў і дзяўчынак, але і прасачыць пераемнасць паміж першай і другой ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі. На сёння ў банку адораных вучняў гімназіі ўтрымліваюцца звесткі пра 125 чалавек.

Для навучэнцаў другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі ствараецца індывідуальны адукацыйны маршрут. Гэта мэтанакіравана-праектыўная дыферэнцыраваная адукацыйная праграма для самарэалізацыі гімназіста пры падтрымцы настаўніка і педагога-псіхолага.

“Да таго ж для навучэнцаў сярэдніх і старшых класаў арганізаваны прадметныя факультатыўныя заняткі, праводзяцца стымулюючыя заняткі “Гадзіна алімпіядніка”. Гэта спрыяе паглыбленню ведаў па прадмеце. Праводзяцца кансультацыі па прадметах для адораных навучэнцаў у шосты школьны дзень. Нашы вучні наведваюць раённую студыю “Юныя таленты” па ўсіх вучэбных прадметах і псіхалогіі”, — падкрэсліла Жанна Мікалаеўна.

Настаўніца іспанскай мовы гімназіі №2 Ваўкавыска Юлія Касталомава з навучэнкамі

Для дзесяці- і адзінаццацікласнікаў адкрываюцца групы з вывучэннем на павышаным узроўні такіх прадметаў, як хімія, біялогія, матэматыка, фізіка, грамада­знаўства, іспанская і французская мовы. У якасці трэцяга прадмета на павышаным узроўні старшакласнікі вывучаюць рускую ці беларускую мову.

“На сённяшні дзень мы з’яўляемся ўдзельнікамі эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлей кіравання якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”, што дае магчымасць складаць свае вучэбныя праграмы і павялічваць колькасць гадзін на вывучэнне профільных прадметаў. Акрамя таго, мы цесна супрацоўнічаем з установамі вышэйшай адукацыі. Нашы навучэнцы наведваюць курсы, якія арганізоўваюцца ўніверсітэтамі ў перыяд падрыхтоўкі вучняў да рэс­публіканскай алімпіяды, ЦЭ і ЦТ. А нашы педагогі ўзаемадзейнічаюць з выкладчыкамі, выкарыс­тоўваюць універсітэцкую бібліятэку”, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.

Пры падрыхтоўцы каманд гімназістаў да трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах ствараюцца творчыя групы настаўнікаў-трэнераў. Акрамя сваіх педагогаў, да алімпіяднай падрыхтоўкі ў навучальнай установе запрашаюць настаўнікаў-трэнераў з іншых устаноў адукацыі раёна і нават тых, хто ўжо на заслужаным адпачынку.

Сёлета прызёрамі рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сталі:
Аляксандр Ляцкі — гісторыя (настаўнік Дзяніс Віктаравіч Радзівонаў);
Злата Грушэвіч — іспанская мова (настаўніца Юлія Уладзіміраўна Касталомава);
Настасся Новікава — іспанская мова (настаўніца Ірына Сяргееўна Шышко);
Дар’я Раманенкава — французская мова (настаўніца Валерыя Уладзіміраўна Кавалевіч).

Работа з адоранымі навучэнцамі ў 2-й гімназіі Ваўкавыска не спыняецца і ў летні перыяд. Для навучэнцаў арганізоўваецца гімназічны лагер “Пралінгва” (па вывучэнні замежнай мовы), працуе раённая змена аздараўленчага лагера для адораных навучэнцаў “Імпульс”, абласны лагер “Навука” (па ўсіх прадметах).

У 2023 годзе гімназія была ўключана ў Асацыяцыю школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Бела­русь, што дазволіла пашырыць удзел у міжнародных праектах.

Немалаважным пунктам праграмы “Адораныя дзеці” з’яўляецца ганараванне самых паспяховых гімназістаў. Традыцыйным стала віншаванне пераможцаў алімпіяд праз сайт гімназіі, Instagram і стэнд “Ведай нашых”, заахвочванне пераможцаў каштоўнымі падарункамі і накіраванне падзячных лістоў па месцы работы бацькоў з просьбай аб іх матэрыяльным стымуляванні. Ацэньваецца ўклад кожнага.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА