Прайдзі тэст па гісторыі і адгадай мелодыю ваеннай песні. Анлайн-рэсурс распрацавалі ў навагрудскай школе №7

- 11:09Новости

Анлайн­-рэсурс пад назвай “Быць патрыётам — быць грамадзянінам” распрацавалі педагогі сярэдняй школы № 7 Навагрудка, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Праект метадычнага аб’яднання створаны з мэтай выхавання ў школьнікаў любові да Радзімы, пачуцця патрыятызму, грамадзянскасці, далучэння іх да гістарычнай памяці, фарміравання асноў нацыянальнай самасвядомасці. З дапамогай камп’ютара, мабільнага тэлефона і іншых тэхнічных прылад навучэнцы могуць хутка атрымліваць інфармацыю, ствараць уласныя прадукты, а таксама выконваць індывідуальныя або групавыя заданні патрыятычнай накіраванасці.

Анлайн-рэсурс складаецца з чатырох раздзелаў: “Быць годнымі Вялікай Перамогі”, “Беларусь праслаўляем, Беларуссю ганарымся”, “Выхаваць абаронцу”, “Усяму пачатак тут у краі маім родным”.

— Мы палічылі неабходным распрацаваць інтэрактыўныя заданні па тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны для захавання памяці аб Вялікай Перамозе, аб гераізме і самаадданасці салдат і афіцэраў на франтах вайны і тых, хто забяспечваў перамогу ў тыле, — расказала кіраўнік метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў 8—11 класаў “Камунікатыўнае майстэрства” сярэдняй школы № 7 Навагрудка Святлана Саракапыт. — Распрацаваны заданні па раздзелах “Падзеі вогненных гадоў”, “Перамога ў асобах”, “Вершы і песні пра вайну”, “Салют Перамогі”. Падчас выканання заданняў дзеці мо­гуць праверыць і замацаваць веды аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку аб лёсе спаленых беларускіх вёсак Хатыні і Алы, схіліцца перад подзвігам салдат.

Надзвычай высокай была роля песні ў гады вайны. Інтэр­актыўныя заданні прапаноўваюць суаднесці радок з песні і яе назву, паўдзельнічаць у гульні “Адгадай мелодыю”, успомніць першых выканаўцаў песень. Распрацаваныя заданні могуць быць выкарыстаны падчас правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных памятным датам, звязаным з Вялікай Айчыннай вайной, Дню Перамогі, Дню абаронцаў Айчыны.

Заданні рэсурсу пастаянна папаўняюцца. Іх можна выкарыстоўваць у гульнявой форме, пры правядзенні конкурсаў, брэйн-рынгаў, КВЗ. Важна, што навучэнцы ўцягваюцца ў актыўную, разнастайную дзейнасць.

Раздзел “Беларусь праслаў­ляем, Беларуссю ганарымся” дае магчымасць праверыць веды аб дзяржаўнай сімволіцы, гарадах Беларусі, культурных традыцыях і дасягненнях беларускага народа. Навучэнцам прапаноўваюцца тэсты аб прамысловых прадпрыемствах краіны, Гродна і вобласці, алімпійскіх дасягненнях у навуцы і спорце.

— Выхаваўчая работа па грамадзянска-патрыятычным кірунку будзе лічыцца эфектыўнай, калі навучэнцы авалодаюць ведамі па гісторыі малой радзімы, будуць ведаць людзей, якія яе праславілі, ганарыцца тым месцам, дзе яны нарадзіліся і выраслі. Таму ў раздзел “Усяму пачатак тут у краі маім родным” мы ўключылі заданні па гісторыі Навагрудка, пра прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, знакамітых людзей Навагрудчыны. Заданні прадстаўлены ў выглядзе анлайн-тэстаў, крыжаванак, інтэлектуальных гульняў, — паведаміла Святлана Саракапыт.

Заданні раздзела “Выхаваць абаронцу” спрыяюць павышэнню прэстыжу вайсковай службы і абароны Айчыны, усведамленню выпускнікамі ўласных магчымасцей у выбары будучай прафесіі, звязанай з Узброенымі Сіламі. Тут прапаноўваюцца пытанні па гісторыі кадэцкага руху ў Беларусі, прагляд і абмеркаванне фільмаў “Не гульня” і “Нірвана. Стрэл у сэрца”. Таксама ў раздзеле прадстаўлены тэставыя заданні аб піянерах і камсамольцах-героях.

Як адзначыла дырэктар ся­рэдняй школы № 7 Навагрудка Алена Казак, сучасны свет патрабуе новых выхаваўчых падыходаў, здольных развіваць пачуццё грамадзянскага абавязку, павагу да мінулага. Анлайн-рэсурс — адзін з такіх сродкаў.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара