Практычныя заняткі, урокі мужнасці, тэматычныя экскурсіі: як рыхтуюць будучых пагранічнікаў у 1-й школе Ліды

- 15:30Образование

Як рыхтуюць будучых пагранічнікаў у сярэдняй школе № 1 Ліды, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала намеснік дырэктара, настаўніца хіміі і класны кіраўнік мінулага, юбілейнага выпуску ваенна-патрыятычнага класа Ганна Гарасімчык.

Ваенна-патрыятычныя класы пагранічнай накіраванасці функцыянуюць тут ужо на працягу 12 гадоў. Сёлета быў 10-ы выпуск юных абаронцаў Айчыны. А ў гэтым навучальным годзе да пасвячэння ў кадэты, якое адбудзецца ў студзені, рыхтуюцца 24 вучні 10-га класа. Затое ўжо з гонарам носяць форму пагранічнікаў 23 адзінаццацікласнікі.

— Ваенна-патрыятычныя класы нашай школы актыўна супрацоўнічаюць з Лідскім пагранічным атрадам і Інстытутам пагранічнай службы. На базе вайсковай часткі 1234 праводзяцца ўрокі памяці і мужнасці, практычныя заняткі па агнявой, тактычнай і тапаграфічнай падрыхтоўцы, тэматычныя сустрэчы. Вучні знаёмяцца з асаблівасцямі ваеннай службы, гісторыяй пагранатрада, сустракаюцца з ветэранамі пагранслужбы і з тымі, хто сёння стаіць на варце рубяжоў Беларусі, — адзначыла суразмоўніца.

Будучыя абаронцы Айчыны з 1-й школы Ліды актыўныя ўдзельнікі патрыятычных мерапрыемстваў, у прыватнасці, традыцыйнага абласнога злёту юных сяброў пагранічнікаў. Перамагаюць у конкурсах: два гады назад атрымалі дыпломы на Беларуска-Расійскім пазнавальным марафоне «Мы разам». Штогод прысутнічаюць на ўрачыстым прыняцці Ваеннай прысягі маладымі вайскоўцамі, а таксама на днях адкрытых дзвярэй Лідскага пагранатрада. Такое супрацоўніцтва дапамагае падлеткам задумацца аб выбары прафесіі. Праходзяць і прафарыентацыйныя мерапрыемствы з запрашэннем прадстаўнікоў в/ч, ваенных УВА, выпускнікоў школы, якія з’яўляюцца курсантамі ці выпускнікамі ваенных устаноў. Старшакласнікі выязджаюць з экскурсіямі па знакавых мясцінах, на пагранзаставы.

— Мае вучні мінулага выпуску прымалі ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 105-годдзю пагранічнай службы, у міжнароднай пагранічнай эстафеце, якая стартавала ўздоўж дзяржаўнай мяжы Беларусі, у міжнароднай патрыятычнай акцыі «Баявы разлік», у ваенна-гістарычнай рэканструкцыі на Кобрынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці, наведвалі 11-ю пагранічную заставу «Брэст» імя Героя Савецкага Саюза А.М. Кіжаватава, — паведаміла Г. Гарасімчык. — Мінулай восенню нашы кадэты далучыліся да Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі, адправіліся на экскурсію «Па сцежках Лідскага партызанскага злучэння», якую распрацавалі па выніках даследчай дзейнасці сумесна з настаўніцай гісторыі Наталляй Ліханавай. Наведалі памятныя мясціны Лідскага і Іўеўскага раёна, звязаныя з партызанскім рухам нашага краю ў гады вайны.

Пра кадэцкае жыццё класа расказвае школьны блог «Кадэцкі клуб», на старонках якога размешчаны тэксты, відэа- і фотаматэрыялы. Сабрана інфармацыя пра ўсе ваенна-патрыятычныя класы школы, іх выпускнікоў, а сёння курсантаў Інстытута пагранічнай службы, Ваеннай акадэміі і студэнтаў ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. Таксама тут ёсць інтэрактыўная карта «Даведнік па ваенных ВНУ Рэспублікі Беларусь». Блог «Кадэцкі клуб» быў адзначаны дыпломамі на абласным конкурсе «Мультымедыйныя тэхналогіі ў ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў» і на абласным фестывалі-конкурсе «Свежы вецер».

— Сёння для развіцця і росквіту дзяржавы недастаткова, каб малады чалавек атрымаў адукацыю і стаў прафесіяналам у выбранай спецыяльнасці. Важна, каб ён быў гатовы працаваць на карысць сваёй краіны, усведамляў сябе часткай грамадства, — упэўнена Г. Гарасімчык.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы