Ушаччына — край уражальнай па сваім размаху і гераічнасці партызанскай барацьбы, якая разгарнулася тут у гады Вялікай Айчыннай вайны. У мясцовых школах вучыцца і працуе нямала нашчадкаў народных мсціўцаў, а праекты, якія рэалізуюцца тут у памяць аб героях, кранаюць сваёю шчырасцю. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Яловыя гірлянды памяці
Падчас Вялікай Айчыннай вайны барацьба супраць акупантаў дасягнула на гэтых землях такога ўздыму, што ў верасні 1942 года была створана асобная Полацка-Лепельская (Ушацкая) партызанская зона. Народныя мсціўцы змаглі выбіць фашыстаў з вялізнай тэрыторыі, на якой размяшчалася больш 1,2 тысячы населеных пунктаў, уключаючы Ушачы. Па сутнасці, яны адрадзілі ў тыле ворага савецкую ўладу і рашуча яе абаранялі.
Зразумела, што акупантам непадкантрольная партызанская рэспубліка была як костка ў горле, але больш чым паўтара года зрабіць з гэтым нічога не маглі, хаця і спрабавалі. У красавіку 1944 года, напалоханыя набліжэннем Чырвонай Арміі, яны ажыццявілі асабліва маштабную карную аперацыю. Супраць 17 тысяч партызан вораг выставіў 60 тысяч сваіх салдат, артылерыйскія гарматы, танкі, бронепаязды, самалёты і пачаў бязлітасна сціскаць кола акружэння. Народныя мсціўцы прынялі мужнае рашэнне ісці на прарыў. У ноч з 4 на 5 мая яны змаглі не толькі самі вырвацца з блакады, але і вывесці каля 15 тысяч мірных жыхароў. Бой быў жорсткі, адчайны, на жаль, шмат для каго ён аказаўся апошнім. Тыя партызаны, што прарваліся, працягнулі барацьбу і ўжо ў чэрвені — ліпені 1944-га ўліліся ў рады Чырвонай Арміі, якая гнала ворага з нашай зямлі падчас наступальнай аперацыі “Баграціён”.
Аддаючы даніну памяці мінуламу, сёння мясцовыя жыхары святкуюць гадавіны не толькі вызвалення Ушач ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 29 чэрвеня, але і легендарнага партызанскага прарыву 4 мая. Вучні ўстаноў адукацыі гарадскога пасёлка і раёна заўсёды ўдзельнічаюць у памятных мерапрыемствах, імкнучыся прыўнесці ў іх нешта сваё, па-дзіцячаму шчырае.
Ушацкая сярэдняя школа — у авангардзе ініцыятыў і праектаў. Так, 1 мая педагогі і навучэнцы правялі рэканструяваны ўрок у “лясной школе”, якая разам з зямлянкамі пабудавана каля мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. Апрануўшыся ў стылізаванае пад ваенныя часы адзенне, дзеці змаглі на свае вочы ўбачыць, як і чаму вучыліся іх аднагодкі ў партызанскіх школах.
Другі год ва ўшацкай школе працуе ваенна-патрыятычны клуб “Прарыў”, які аб’ядноўвае больш за 30 хлопцаў і дзяўчат. Прыём у члены клуба адбыўся на мемарыяльным комплексе, што стварала асаблівы настрой. Да помніка дзеці ўсклалі трохметровую ўпрыгожаную стужкамі яловую гірлянду, якую зрабілі сваімі рукамі.
Гэта вельмі сімвалічна, бо елкі, як і іншыя лясныя дрэвы, былі лепшымі сябрамі партызан — укрывалі, сагравалі, лячылі.
У школьным музеі, прысвечаным гісторыі ўстановы адукацыі, падзеям Вялікай Айчыннай вайны ўдзяляецца асаблівая ўвага. Па словах настаўніцы гісторыі Святланы Галай, ужо ў жніўні 1941 года тагачасны дырэктар іх школы Павел Усцінаў стаў адным з арганізатараў ушацкага падполля. Да яго далучыліся і іншыя педагогі. На жаль, пасля таго як арганізацыю выдаў здраднік, многія былі забіты. На маладзенькую піянерважатую Ганну Валяўка фашысты нацкавалі аўчарак…
Шмат інфармацыі сабрана аб настаўніках і выпускніках школы, якія былі партызанамі, байцамі Чырвонай Арміі. Што асабліва прыемна, расказаць аб некаторых з іх могуць не толькі архіўныя дакументы, але і нашчадкі. Так, партызанам, удзельнікам прарыву варожай блакады быў дзед настаўніцы біялогіі Вольгі Жыткай — былы настаўнік гісторыі Павел Карпоўскі.
— На шчасце, ён разам з маёй бабуляй і двума дзецьмі змог вырвацца з акружэння жывым. Такім чынам, для мяне партызанская гісторыя краю цесна пераплецена з сямейнай, — дзеліцца педагог. — Свайго старэйшага сына я назвала ў гонар дзеда Паўлам. А як класны кіраўнік заўсёды размаўляю з вучнямі аб вайне так, каб яны ўсвядомілі, якія пакуты выпалі на долю нашых продкаў і якая гэта вялікая каштоўнасць — мірнае жыццё. Арганізоўваю для іх выязныя ўрокі на “Прарыве”, паходы па месцах размяшчэння партызан у блакадным коле.
Настаўніцай пачатковых класаў працуе ў школе прапраўнучка легендарнага партызанскага камбрыга Фёдара Дуброўскага — Дзіяна Калбасава. Па яе словах, аб знакамітым продку яна ведае не толькі з гістарычных крыніц, але і ад дзвюх сваіх прабабуль. Да гэтага часу сям’я падтрымлівае закладзеную імі традыцыю — 9 Мая ўскладаць кветкі да помніка воінам Вялікай Айчыннай вайны ў цэнтры Ушач. Дарэчы, там пахавана і прапрабабуля настаўніцы, першая жонка Ф.Дуброўскага Марыя, якая загінула ў 1944-м.
Партызанскія карані ёсць і ў шэрагу вучняў школы. Хлопцы і дзяўчаты з цікавасцю вывучаюць гэтыя старонкі сямейнага летапісу, пішуць даследчыя работы.
Школа плённа супрацоўнічае з Ушацкім музеем народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка. Акрамя экскурсій, для вучняў тут ладзяць тэматычную квест-гульню. Дзеці наведваюць і іншыя музеі, мемарыяльныя комплексы краіны, займаюцца добраўпарадкоўваннем ваенных помнікаў у родных Ушачах.
Партызанскімі сцежкамі
Вёска (цяпер аграгарадок) Глыбачка была першым населеным пунктам Ушаччыны, у якім летам 1942 года партызанскі атрад “Смерць фашызму” ліквідаваў нямецкую ўладу. Тут знаходзіўся штаб народных мсціўцаў, на месцы якога зараз стаіць памятны знак. Шмат у навакольных вёсках і лясах і іншых месцаў, звязаных з партызанскімі старонкамі гісторыі краю. Па даўняй традыцыі вучні і настаўнікі Глыбачанскай сярэдняй школы імя Б.І.Юркіна Ушацкага раёна часта наведваюць іх падчас сумесных паходаў і паездак. Яны распрацавалі шэраг экскурсійных маршрутаў, якімі могуць карыстацца ўсе жадаючыя.
У школах Ушаччыны з пакалення ў пакаленне перадаецца традыцыя праводзіць пешыя і велапаходы па партызанскіх месцах.
Актыўна практыкуецца ў школе і стварэнне інтэрнэт-праектаў. Трэба адзначыць, што іх узровень і крэатыўнасць зрабілі б гонар любой сталічнай, а не тое што сельскай школе. Так, віртуальную квест-экскурсію “Партызанскімі сцежкамі” можа выкарыстоўваць у выхаваўчай рабоце любы педагог. Дзецям будзе цікава выканаць разнапланавыя заданні вопытнага байца Васіля, маладой разведчыцы Кацярыны, медсястры Валянціны, кухара Ефрасінні Нікіцічны і іншых партызан. А сабраны тут багаты дакументальны, фота- і відэаматэрыял дазваляе значна пашырыць веды пра тое, як ваявалі і як выжывалі ў лесе народныя мсціўцы.
На школьным двары ўсталяваны чорны абеліск у гонар былых вучняў і настаўнікаў Глыбачанскай школы, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На ім больш 60 прозвішчаў! Працягвае эстафету памяці аб героях экспазіцыя ў школьным краязнаўчым музеі. Настаўніца нямецкай мовы Таісія Церашкавец і юныя экскурсаводы гатовы шмат расказаць аб лёсах аднавяскоўцаў. Цярэнцій Гоманаў загінуў у першыя дні вайны ў Брэсце. Іосіф Башун — у 1942-м на Ленінградскім фронце. Партызанскі разведчык Васіль Маршалаў у 1943-м быў зажыва спалены немцамі ў стозе сена падчас бою каля вёскі Бабча…
Гордасць школьнага музея — вялікая, на ўсю сцяну карціна мясцовага мастака Дзям’яна Крупені, які падлеткам быў партызанам брыгады Дубава. Ён увекавечыў апошні бой пры фарсіраванні Заходняй Дзвіны чырвонаармейца Барыса Юркіна, імя якога зараз носіць школа. Акрамя гэтай карціны ў музеі прадстаўлены і іншыя работы мастака.
— Дзям’ян Уладзіміравіч жыў побач са школай, ахвотна сустракаўся з вучнямі, нават калі яму было за 90 гадоў. Дзеці з цікавасцю слухалі яго жывыя аповеды. На жаль, у мінулым годзе гэты ўжо апошні наш ветэран вайны пайшоў з жыцця. Але захаваліся відэазапісы з яго ўспамінамі і ўвогуле вельмі шмат матэрыялаў па тэме вайны, сабраных намі і нашымі папярэднікамі за доўгія гады пошукавай работы. Мы ўсё алічбавалі і размясцілі на асобным сайце “Сцяна памяці”. Гэта моцны падмурак для плённай выхаваўчай работы, — заўважае Таісія Ігараўна.
Прыемна адзначыць, што мужнасць і сіла продкаў перадаліся і іх нашчадкам. Два выпускнікі школы зараз вучацца ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, рыхтуюцца да паступлення яшчэ два. Увогуле, якую б прафесію ні выбралі для сябе мясцовыя хлопцы і дзяўчаты, закладзеныя ў школе патрыятычныя пасылы застануцца з імі назаўсёды.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і прадастаўлена Ушацкай сярэдняй школай