Прафесія выхавальніка дзіцячага садка вельмі адказная. Напэўна таму ў гэтай сферы працуюць толькі тыя, хто аддаў сваё сэрца дзецям і гатовы цалкам прысвячаць сябе іх патрэбам. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 6 Магілёва Ірына Смалякова.
Для Ірыны Мікалаеўны выбраная некалі справа стала жыццёвым прызваннем. Атрымаўшы трыццаць гадоў назад адпаведны дыплом у МДУ імя А.А.Куляшова, яна прыйшла працаваць у 6-ы гарадскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. Літаральна з першых дзён зразумела: работа выхавальніка і ёсць тое, пра што яна заўсёды марыла. З таго часу працоўная біяграфія Ірыны Смаляковай непарыўна звязана з гэтай навучальнай установай.
За тры дзесяцігоддзі Ірына Мікалаеўна падрыхтавала да школы не адну сотню выхаванцаў, а таксама зарэкамендавала сябе як творчы, ініцыятыўны педагог.
“Яна валодае рознымі формамі арганізацыі выхаваўча-адукацыйнага працэсу і пастаянна імкнецца да пошуку новых ідэй у вырашэнні педагагічных задач. Гэта педагог-наватар, ініцыятар укаранення перадавога вопыту ў сістэму дашкольнай адукацыі”, — так гаворыць аб сваёй падначаленай загадчык дашкольнага цэнтра Наталля Каташэнка.
У словах кіраўніцтва няма ніякага перабольшання, бо ў сваёй справе Ірына Смалякова сапраўды прафесіянал. Яна чулая і бязмежна ўважлівая да кожнага выхаванца.
“А інакш нельга, — пераканана Ірына Мікалаеўна, — бо якасці ў навучанні і выхаванні можна дасягнуць толькі памятаючы пра тое, што ў цэнтры ўвагі заўсёды павінна быць асоба дзіцяці”.
Адметна, што ў сваёй педагагічнай дзейнасці яна адводзіць значнае месца метадычным складнікам вучэбнага працэсу, стварае ўсе ўмовы для развіцця задаткаў, здольнасцей, асобасных і маральных якасцей выхаванцаў. У гэтым кірунку работы Ірына Смалякова прытрымліваецца канцэпцыі, у аснове якой ляжыць узаемапранікненне традыцыйных і інавацыйных метадаў выхавання. У сваіх групах Ірына Мікалаеўна актыўна выкарыстоўвае методыку Жытко, блокі Дзьенеша, Зака, палачкі Кюізенера. Распрацоўвае яна і аўтарскія падыходы да навучання.
“Я дастаткова доўга займалася вывучэннем праблематыкі, звязанай з фарміраваннем элементарных матэматычных уяўленняў у дзяцей. Вынікам гэтай дзейнасці стала аўтарская кніга “Картатэка дыдактычных гульняў і практыкаванняў па перадматэматычным развіцці дашкольнікаў”. У дапаможніку прадстаўлены канспекты заняткаў, гульнявыя формы якіх дазваляюць зрабіць працэс навучання больш цікавым”, — расказала Ірына Мікалаеўна.
Па яе меркаванні, галоўная задача выхавальніка — напаўняць знаходжанне дзяцей у садку радаснымі, шчаслівымі падзеямі. Штодня Ірына Смалякова імкнецца менавіта да гэтага. Да сваіх падапечных яна ставіцца з бязмежнай любоўю і клопатам. Уся яе дзейнасць прысвечана разуменню іх патрэб і інтарэсаў, прыняццю іх маленькіх праблем. На сваіх занятках Ірына Мікалаеўна забяспечвае дыферэнцыраваны падыход да кожнага дзіцяці, заахвочваючы ініцыятыву і творчасць выхаванцаў. Такім чынам яна стараецца зрабіць так, каб радасць ад гульнявой дзейнасці перайшла ў радасць навучання, што дазваляе дзецям быць актыўнымі і паспяховымі. Падобны падыход дае магчымасць большасці выхаванцаў Ірыны Смаляковай лёгка паступаць і ўпэўнена вучыцца ў гімназіях горада.
Характэрная працоўная рыса Ірыны Мікалаеўны — пастаяннае самаразвіццё. Яна прымае актыўны ўдзел у разнастайных семінарах, канферэнцыях, дзе не толькі пашырае свае прафесійныя гарызонты, але і дзеліцца ўласным назапашаным вопытам з калегамі. Сёлета Ірына Смалякова дэманстравала сваё майстэрства ў конкурсе “Настаўнік года”. Выступіла выдатна, атрымаўшы дыплом лаўрэата абласнога тура.
“Конкурс дазволіў пераацаніць вынікі сваёй працы, узбагаціцца новым вопытам, выбраць для сябе далейшыя працоўныя мэты. Для мяне гэта таксама пэўная перамога”, — запэўніла выхавальніца.
Дарэчы, у скарбонцы Ірыны Мікалаеўны не адна значная ўзнагарода. Яна двойчы адзначана званнем “Лепшы па прафесіі”, узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі. Высокія дасягненні для яе важныя, але не менш Ірына Смалякова ганарыцца былымі выхаванцамі. Многія з іх даўно дарослыя, паспяховыя людзі. Некаторыя ўжо прыводзяць на выхаванне да яе сваіх дзяцей. Гэты давер для Ірыны Мікалаеўны — самая лепшая працоўная ўзнагарода.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.