Працаваць з натхненнем: агляд вераснёвага нумара часопіса «Народная асвета»

- 16:24Журнал "Народная асвета", Новости

Чым дзеці любяць займацца пасля ўрокаў? Хтосьці га­дзінамі сядзіць у сацсетках, а хтосьці, знайшоўшы сапраўднае захапленне, самастойна паглыбляецца ў яго, нягледзячы на школьную нагрузку. Аднак у такой самастойнасці ёсць адзiн вялiкi мiнус: школьнiк не атрымлiвае неабходнай сiстэмы ведаў для дасягнення сваiх мэт.

А калі дзіця яшчэ не знайшло ­свайго захаплення, ні да чаго не праяўляе ўстойлівай цікавасці і нават сабрала “архіў закiнутых хобі”? У такіх сітуацыях варта звяр­нуць увагу на ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей i мола­дзi, дзейнасці якіх мы прысвяцілі вераснёвы выпуск “Педагагічнай асамблеі”. На старонках выпуску — вопыт педагогаў, якія ву­чаць дзяцей бачыць каштоў­насць сям’і, культуры, прыроды, развіваюць іх фінансавую адукаванасць і лідарскія якасці. Яны даюць вучням упэўненасць у тым, што сапраўдны вынік — не ў адзнаках, а ў тым, каб адчуваць сябе здольным да новых спраў.

Сваім прыкладам натхняе сярэдняя школа № 1 Белаазёрска імя І.В.Свідзінскага, дзе гісторыю вывучаюць не па кнігах. У гэтым можна ўпэўніцца, нават не пераступаючы парога: экспазіцыя “Каменная легенда” пад адкрытым небам вітае вас — і вось вы ў гасцях у гістарычнай навукі. У школе паказваюць, што гісторыя — гэта не толькі падручнік, а жывая стужка часу, да якой важна дакрануцца кожнаму. Удзел у праекце “Энцыклапедыя “Школы Беларусі” таксама значная падзея ў летапісе белаазёрскай школы, і на стужцы часу варта паставіць адпаведны знак. Калі вы прачытаеце матэрыялы з вопыту работы настаўнікаў, то заўважыце, што ў кожным з іх прадстаўлена ідэя гульні як сродку навучання і дзяцей, і дарослых. Дыдактычныя магчымасці гульнявых прыёмаў сапраўды бязмежныя, у гісторыі педагогікі яны адзначаны ці не самымі першымі. Кожнаму новаму пакаленню настаўнікаў ёсць што дадаць у гэтую скарбонку, таму знаёмцеся з вопытам калег і спрабуйце свае сілы ў наступных нумарах часопіса.

Цікавыя і, як заўсёды, карысныя матэрыялы падрыхтавалі і аўтары “Бацькоўскага сходу”. Яны прапануюць паглядзець на праблему падлеткавай раздражняльнасці і сіндрому выдатніка з пункту гледжання псіхалагічнага здароўя.

Пры адсутнасці падтрымкі падлетка з боку бацькоў і нас­таўнікаў сіндром выдатніка, напрыклад, можа стаць рэальнай пагрозай для развіцця творчых здольнасцей, раздражняль­насць — трансфармавацца ў агрэсіўнасць, ухіленне ад любых зносін з равеснікамі процілеглага полу — перашкодзіць стварэнню ў будучыні сям’і. Прафілактыцы сіндрому выдатніка і неўрозаў у дзяцей і падлеткаў, а таксама праблеме палавога выхавання школьнікаў прысвечаны першы ў гэтым навучальным годзе выпуск.

Такім чынам, “Народная асвета” аб’ядноўвае тэмы, якія тычацца кожнага: і дзіцяці, і настаўніка, і бацькоў. Спадзяемся, матэрыялы часопіса дапамагуць педагогам напоўніць працу сэнсам, карысцю і натхненнем.

Святлана МАЗУРЫНА,
 галоўны рэдактар часопіса