На Маларыцкім кансерваваагароднінасушыльным камбінаце працуе студэнцкі будаўніча-гаспадарчы атрад “Сузор’е” імя абаронцы Брэсцкай крэпасці Пятра Клыпы.
— У атрадзе шчыруюць 9 дзяўчат і юнакоў, — расказвае першы сакратар райкама БРСМ Марыя Горнік. — Сярод іх — навучэнцы ўстаноў адукацыі Маларыты, Брэста і Мінска, а таксама БарДУ. Моладзь з задавальненнем працягвае традыцыі папярэднікаў.
Камандзір студатрада — Андрэй Алесік з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, камісар — Аксана Стасюк з Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі. Са сваімі абавязкамі яны спраўляюцца выдатна.
— У нашым атрадзе пануе сяброўская атмасфера, — гаворыць Андрэй Алесік. — Мы і папрацуем, і пасмяёмся разам. Як камандзір імкнуся данесці да кожнага атрадаўца задачы, вырашаю арганізацыйныя пытанні. Стараемся ў тэрмін і якасна выканаць даручаную справу.
— Моладзь задзейнічана на добраўпарадкаванні тэрыторыі прадпрыемства, а яна ў нас вялікая, — расказвае майстар гаспадарчага ўчастка камбіната Сяргей Сацюк. — У “Сузор’і” ўсе працавітыя і добрасумленныя. Адміністрацыя прадпрыемства задаволена працай атрадаўцаў.
***
Школьнікі праводзяць лета па-рознаму: за кнігай, на беразе вадаёма, на дачы, у вёсцы. А ёсць і тыя, хто з задавальненнем праводзіць канікулы за працай, напрыклад, у студэнцкім экалагічным атрадзе “Лідар” імя палкавога камісара, аднаго з кіраўнікоў абароны Брэсцкай крэпасці Яфіма Фаміна.
Працаўладкавацца ў атрад, які дзейнічае на базе Маларыцкага лясгаса, можна было дзякуючы райкаму БРСМ. Сёння ў “Лідары” — 9 дзяўчат і юнакоў.
— Нашы памочнікі пераважна даглядаюць лясныя культуры, — расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Маларыцкага лясгаса Людміла Губей. — Так, атрадаўцы праполваюць у матачніку для пасынкавання дрэўцы і кусты, а ў цяпліцы — пасадачны матэрыял. Працуюць таксама ў дэндрапарку, абразаюць кусты, дапамагаюць Маларыцкаму лясніцтву прыбіраць смецце ў лясным фондзе, шчыруюць у гадавальніку лясгаса, ачышчаюць касеты для пасеву насення і інш.
— Мы працуем з рэгламентаванымі перапынкамі, — гаворыць камандзір атрада Мікіта Мароз, выпускнік Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. — Работа на свежым паветры прыносіць задавальненне. Студатрад — добрая альтэрнатыва марнаму баўленню часу. А яшчэ гэта выдатная магчымасць падзарабіць.
— Студатрад дазваляе паказаць самому сабе, на што ты здатны, — заўважае намеснік камандзіра атрада, вучань сярэдняй школы № 2 Маларыты Кірыл Алесік. — Ён вучыць узаемадапамозе, калектыўнай адказнасці, працаваць у камандзе аднадумцаў. Сёлетні “Лідар” атрымаўся дружным і згуртаваным. Працоўныя канікулы — гэта новыя незабыўныя ўражанні і станоўчыя эмоцыі.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.