Працяг — у вучнях

- 10:33Людзі адукацыі, Рознае

У настаўніка фізічнай культуры і здароўя Паўлавіцкай сярэдняй школы імя Г.А.Худалеева Кіраўскага раёна Валерыя Вароніча ў дзяцінстве была маса захапленняў. Яго цікавіла ўсё вакол. Акрамя вучобы ў школе, ён паспяваў наведваць разнастайныя гурткі: музычны, харэаграфічны, авіямадэльны, спартыўны, шашачны… Аднак, калі прыйшоў час вызначацца з прафесійным шляхам, прыярытэт аддаў спорту. І прычым вырашыў стаць не спартсменам, а педагогам.

— У выпускных класах я зразумеў, што менавіта заняткі спортам прыносяць мне найбольшае задавальненне. А яшчэ больш падабалася далучаць да спорту іншых. Тады і вырашыў працягваць адукацыю на факультэце фізічнага выхавання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, стаць настаўнікам фізкультуры. Гэтая прафесія не толькі дае магчымасць займацца любімай справай усё жыццё, але і ўкладваць у вучняў свой патэнцыял спартсмена, чалавека, педагога, — гаворыць Валерый Іванавіч.

Атрымаўшы дыплом, малады спецыяліст Вароніч па размеркаванні паехаў у родны Кіраўск. Але абставіны склаліся так, што ў гарадскіх школах вакантных месцаў не аказалася. А вось у сярэдняй школе ў Паўлавічах якраз не хапала настаўніка фізкультуры.

— Калі прыйшоў туды на працу, думаў, што гэта ўсё часова: адпрацую належны тэрмін і знайду вакансію ў горадзе. Але праўду гавораць, што няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. У гэтай навучальнай установе выдатны педагагічны калектыў, мудрае кіраўніцтва, добрыя вучні. Тут я адразу адчуў сябе на сваім месцы, — расказвае Валерый Вароніч.

У Паўлавіцкай школе Валерый Іванавіч працуе на працягу вось ужо 23 гадоў. За гэты час ён выпрацаваў свае методыкі выкладання. Усе без выключэння навучэнцы з задавальненнем ідуць на ўрокі фізічнай культуры і здароўя. Прагульшчыкаў у педагога няма, дысцыпліна на занятках жалезная.

— Я стараюся захапіць, зацікавіць дзяцей прадметам, бо прымусам абудзіць любоў да фізкультуры і спорту не атрымаецца, — лічыць Валерый Вароніч. — Узровень фізічнай падрыхтоўкі дзяцей у класах розны. Таму выкарыстоўваю на ўроках рознабаковыя методыкі, заданні, зыходзячы пры гэтым з магчымасцей і цікавасці вучня. Стараюся таксама, каб урокі былі сістэмнымі, паэтапна вялі дзяцей да фізічнага самаўдасканалення. Матывацыю да заняткаў фізкультурай павышаю і асабістым прыкладам, — гаворыць Валерый Іванавіч.

Са сваімі вучнямі ён сустракаецца і ў пазаўрочны час. Спартыўная зала і гульнявыя пляцоўкі школы працуюць амаль бесперапынна. Заняткі спортам, спаборніцтвы тут праходзяць па вечарах, суботах і ўлетку. Неад’емнай часткай педагагічнай дзейнасці Валерыя Вароніча з’яўляюцца таксама правядзенне для вучняў турыстычных паходаў, велапрабегаў, арганізацыя палатачных летнікаў.

Не забываецца настаўнік і пра здольных да спорту дзяцей. Запрыкмеціўшы такіх вучняў яшчэ ў пачатковых класах, Валерый Іванавіч на працягу астатніх гадоў навучання займаецца з імі дадаткова ў індывідуальным парадку. Такі падыход прыносіць адпаведны вынік. На працягу апошніх васьмі гадоў навучэнцы Паўлавіцкай сярэдняй школы з’яўляюцца пераможцамі раённай спартакіяды школьнікаў. Уваходзячы ў склад зборных каманд вобласці, яны перамагаюць на такіх спаборніцтвах, як мнагаборства “Здароўе”, “Снежны снайпер” і інш.

Акрамя дасягненняў вучняў, у скарбонцы Валерыя Вароніча нямала і асабістых. Ён прызёр раённага конкурсу “Настаўнік года”, пераможца рэспубліканскіх конкурсаў метадычных распрацовак “Час футбола”, “Здаровае лета”. Неаднаразова адзначаўся ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад.

— Прыемна, што добрасумленная праца не застаецца незаўважанай. Але больш значны для мяне мой працяг у вучнях, — падкрэслівае Валерый Іванавіч. — Многія з іх сталі настаўнікамі, трэнерамі, добрымі кіраўнікамі ў сферы фізічнай культуры і спорту. Менавіта гэта лічу сваім галоўным педагагічным дасягненнем.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.