10 снежня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень правоў чалавека. Менавіта ў гэты дзень у далёкім 1948 годзе Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Калі коратка, то гэты дакумент дэкларуе, што ўсе людзі маюць неад’емныя правы, незалежна ад таго, якой мы расы, полу, якога колеру наша скура і на якой мове мы размаўляем, якому богу молімся ці не молімся ніякаму, якая наша нацыянальнасць, з якога саслоўя мы выйшлі, якую маем маёмасць і г.д. Карацей — усе мы, людзі, роўныя, хоць у гэта часам і не надта верыцца.
Добра, мы роўныя. Але мне заўсёды хацелася высветліць адну акалічнасць: гэта ўсё тычыцца толькі дарослых людзей ці дзяцей таксама? Правы маленькага чалавека суадносяцца з яго ўзростам, ці яны такія ж, як у дарослага? У школьніка аднолькавыя правы з настаўнікам? А з дырэктарам школы?
Па службовых абавязках журналіста мне часта даводзілася бываць у школах на бацькоўскіх сходах, псіхалагічных трэнінгах для бацькоў і дзяцей, нават на выязных судах, што часам арганізоўваюцца для катэгорыі цяжкіх падлеткаў непасрэдна ва ўстанове адукацыі. Часта даводзілася слухаць выступленні настаўнікаў пра неад’емныя правы чалавека і правы дзіцяці ў прыватнасці. І ў кожным з выступленняў аб правах дзіцяці наступнай ішла фраза… пра абавязкі. Дзіця мае не толькі (і не столькі) правы, а найперш абавязкі. Яно абавязана быць ветлівым, выхаваным, шанаваць маёмасць, старанна вучыцца і шмат чаго іншага. А самае простае права дзіцяці — быць такім жа ЧАЛАВЕКАМ, як любы дарослы, — чамусьці пастаянна замоўчвалася.
Замалёўка з натуры. Урок матэматыкі ў 8 класе, павінна быць кантрольная работа па складанай тэме, але настаўнік хварэе. Дзеці хвалююцца — ці будзе кантроль ведаў. Пачынаецца ўрок, бягуць хвіліны, настаўніка няма. Нарэшце прыходзіць педагог на замену, аб’яўляючы, што складаная кантрольная работа ўсё ж адбудзецца. Праўда, настаўнік забыўся кантрольныя сшыткі. А каштоўныя хвіліны ўрока ўсё бягуць… У выніку — замест 45 мінут на кантрольную адведзена 30, клас не спраўляецца, адзнакі будуць нізкімі. Настаўніка гэта мала цікавіць — не яго ж дзеці, ён толькі замяняе калегу…
Дзе тут пра роўныя правы для кожнага? Я тут бачу толькі права дарослага і абавязак дзіцяці.
Калі ў мяне пытаюцца, як у наш няпросты час выхаваць з дзяцей годных грамадзян, якія любяць родную зямлю і гатовы працаваць для яе росквіту, я заўсёды адказваю аднолькава: трэба ўмець слухаць дзіця. І ўмець яго пачуць. Дзіця прыходзіць у школу не толькі па веды. Можаце колькі заўгодна аспрэчваць гэта, але гэта факт. Яно ідзе ў школу яшчэ і па сяброўства, уменне наладжваць зносіны, спраўляцца са стрэсам і мірна вырашаць канфлікт. Яно шукае ў настаўніка падтрымкі, калі нешта не ладзіцца дома ці ў адносінах з аднакласнікамі. Яно прыходзіць у школу, каб вучыцца і быць звычайным чалавекам — з неад’емнымі правамі, якія яму гарантуе закон.
Вядучая рубрыкі Наталля КАСТЭНКА.