На працягу дзесяці гадоў у дзіцячым садзе № 15 Калінкавіч рэалізоўваліся інавацыйныя праекты, у аснове якіх ляжала выхаванне дзяцей на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа. У мінулым годзе чарговы праект завяршыўся, але работа ў гэтым важным напрамку працягваецца. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У пачатку года праводзім апытанне сярод бацькоў, каб упэўніцца, што яны не супраць такой дзейнасці. Дарэчы, падтрымліваюць яе не толькі прадстаўнікі праваслаўнай канфесіі. І гэта не дзіўна. Галоўная мэта нашай работы — закласці ў дзецях разуменне таго, што такое дабро і зло, правільныя і няправільныя ўчынкі, у чым каштоўнасць сяброўства, міру і іншых важных паняццяў, — расказвае намеснік загадчыка Таццяна Грасько.
Ва ўстанове дашкольнай адукацыі працуе інфармацыйны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні. У ім сабрана шмат метадычнай і мастацка-пазнавальнай літаратуры для педагогаў, дзяцей і бацькоў, ёсць уласная фанатэка праваслаўнай музыкі, калекцыя мультфільмаў са светлымі выхаваўчымі пасыламі, багатая калекцыя дыдактычных гульняў, лэпбукаў і інш. Многія распрацоўкі створаны педагогамі дзіцячага сада, і яны актыўна дзеляцца імі з калегамі з іншых дашкольных устаноў. Лепшыя матэрыялы з вопыту работы аб’яднаны ў метадычныя дапаможнікі.
Каб павысіць свае кампетэнцыі і дапамагчы зрабіць гэта іншым, выхавальнікі ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, у тым ліку ў адукацыйных чытаннях на Гомельшчыне, у Полацку, Мінску, Маскве і Пскове. І педагогі, і іх таленавітыя выхаванцы ўжо не раз былі адзначаны ўзнагародамі. Так, дзеці штогод паспяхова ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе дзіцячай творчасці “Прыгажосць Божага свету”.
Каля 30 хлопчыкаў і дзяўчынак наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Добрае сэрца”. Увогуле ж святло маральна-духоўнага выхавання даходзіць да кожнага. Ужо стала добрай традыцыяй ладзіць прыгожыя святы, прымеркаваныя да асаблівых дат праваслаўнага календара: Пакрова Прасвятой Багародзіцы, Нараджэння Хрыстова, Вялікадня. Вельмі любяць дарослыя і дзеці конкурсы чытальнікаў, на якіх выхаванцы дэкламуюць светлыя, добрыя вершы. На выставах вачэй не адарваць ад створаных дзецьмі вырабаў.

Актыўна выкарыстоўваюць ва ўстанове і патэнцыял народнага тэатра “Батлейка”. Дарэчы, іх у садзе два. Адна батлейка вялікая, для масавай аўдыторыі, другая меншая, для работы ў групах. Цікавыя сцэнарыі пастановак пішуць самі педагогі. Дзякуючы іх умелым рукам, лялечнае сямейства акцёраў батлейкі папаўняецца новымі героямі.
У важнай справе выхавання чалавека з вялікім сэрцам дзіцячы сад плённа супрацоўнічае з Юравіцкім Свята-Раства-Багародзіцкім мужчынскім манастыром і саборам Казанскай іконы Божай Маці Калінкавіч. Іх прадстаўнікі — жаданыя госці на дзіцячых святах, сустрэчах. Дарэчы, гэта спрыяе духоўна-маральнаму выхаванню не толькі дзяцей, але і іх бацькоў. Яны маюць выдатную магчымасць атрымаць добрую параду ці адказы на няпростыя пытанні, якія часам ставіць жыццё.
Педагогі і выхаванцы дзіцячага сада — пастаянныя ўдзельнікі дабрачынных канцэртаў, якія ладзяцца на Пакровы, Нараджэнне Хрыстова, Уваскрэсенне Хрыстова ў Калінкавіцкім раённым доме культуры, іншых раённых мерапрыемстваў. Па сваіх сцяжынках дабрыні яны вядуць за сабой і іншых.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара





