РЫЧАК Таццяна Іванаўна ,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 157 Мінска імя А.Бурдзейнага.
Т.І.Рычак у 1997 годзе скончыла механіка-матэматычны факультэт БДУ і атрымала кваліфікацыю “матэматык, выкладчык матэматыкі”. Педагагічны стаж — 18 гадоў. Педагагічнае крэда: “Настаўнік, калі ён сумленны, заўсёды павінен быць уважлівым вучнем” (М.Горкі).
Намінацыя “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”
У педагагічнай практыцы Т.І.Рычак сутыкнулася з тым, што часта навучэнец, які добра паспявае, засвойвае вучэбныя праграмы па прадметах на дастатковым і высокім узроўнях, у далейшым не заўсёды можа рэалізаваць свае здольнасці і паспяхова сацыялізавацца. Чаму? На думку настаўніцы, так адбываецца таму, што ў наш час імклівага развіцця інфармацыйных тэхналогій, пашырэння камунікатыўнай прасторы, грамадству патрабуецца цалкам новая асоба. Асоба актыўная, камунікабельная, гатовая прымаць няпростыя і нестандартныя рашэнні. На жаль, не заўсёды выпускнік сучаснай школы валодае ўсімі гэтымі якасцямі. Зыходзячы з гэтага, сучасная школа павінна пераасэнсаваць падыходы да навучання і выхавання школьнікаў, павінна выкарыстоўваць актыўныя формы і метады работы, якія падахвочваюць навучэнцаў да разумовай і практычнай дзейнасці. Таццяна Іванаўна выбрала групавую форму работы.
Групавы від дзейнасці спрыяе вырашэнню многіх дыдактычных і выхаваўчых задач. Ён дазваляе арганізаваць сумесную работу навучэнцаў, нацэльвае іх на ўзаемадапамогу, развівае камунікатыўныя навыкі, паляпшае псіхалагічны клімат у класе. Навучэнцы цікавяцца прадметам і актыўна ўцягваюцца ў адукацыйны працэс. Работа ў групах прымушае дзяцей разважаць, выказваць свае думкі, дыскутаваць, а не проста механічна працаваць. Чацвёрты год Таццяна Іванаўна прымяняе групавую форму работы на розных этапах вучэбных заняткаў.
Этап актуалізацыі ведаў — вельмі важны. Яго задача — зацікавіць навучэнцаў, сканцэнтраваць увагу на матэрыяле, які вывучаецца, паказаць яго неабходнасць або карысць. Працуючы ў групах, на працягу трох мінут вучні ўспамінаюць азначэнні і паняцці па тэме, якая вывучаецца, потым спікеры па чарзе агучваюць іх. Тая група, якая ўспомніла больш паняццяў, зарабляе бонус пры ўмове, што не было зроблена памылак пры фармулёўках.
Вопыт работы педагога паказвае, што сярод навучэнцаў мала тых, хто добрасумленна вучыць тэорыю па прадмеце, часцей дзеці карыстаюцца толькі тымі ведамі, што запомнілі на ўроку. У сувязі з гэтым Таццяна Іванаўна часта прымяняе прыём работы ў парах, які дапамагае вучыць тэорыю на ўроку: пара атрымлівае ліст-апытальнік, і спачатку адзін вучань адказвае, а другі выпраўляе, потым наадварот. Мэта такой работы — не ацаніць, як навучэнцы вывучылі тэорыю, а даць магчымасць яе паўтарыць, а некаму яшчэ і падвучыць яе, бо пры такой рабоце дзеці вучацца гаварыць, вучацца чуць, выпраўляць памылкі іншых, тым самым узбагачаючы, замацоўваючы і свае веды. Такія ж лісты рыхтую і для практычнай часткі — простыя заданні, якія можна выканаць вусна, аднак іх рашэнне актуалізуе веды па патрэбнай тэме.
На геаметрыі Т.І.Рычак лічыць за лепшае даваць тэорыю блокам. Новы матэрыял разбівае на кавалкі, і групы атрымліваюць у такім выпадку дыферэнцыраванае заданне. Кожная група выконвае свой кавалак, потым спікер ля дошкі тлумачыць матэрыял, астатнія за ім канспектуюць. Калі неабходна, каб кожная група атрымала аднолькавы вынік, з якога фарміруецца агульная выснова, настаўнік дае ўсім аднолькавае заданне.
Замацаванне — важны этап вучэбных заняткаў, які не толькі павышае эфектыўнасць засваення матэрыялу ў цэлым, зацікаўленасць навучэнцаў, але і фарміруе ў свядомасці школьнікаў паслядоўную структуру ведаў. На гэтым этапе выкарыстоўваюцца розныя прыёмы групавой формы работы. Напрыклад, калі трэба адпрацаваць навыкі па рашэнні пэўных задач, фарміруюцца групы ў залежнасці ад узроўню навучанасці дзіцяці. Для кожнай групы рыхтуюцца дыферэнцыраваныя заданні адпаведнага ўзроўню. Калі ёсць некалькі спосабаў рашэння, то кожнай групе прапаноўваецца разабраць па адным спосабе і з яго дапамогай выканаць свае заданні. Потым прадстаўнік ад кожнай групы пераходзіць у іншую групу і тлумачыць там свой спосаб рашэння, разам з удзельнікамі “чужой” групы рашае свае заданні, а яны, у сваю чаргу, тлумачаць яму свой спосаб выканання задання. Такім чынам, за невялікі прамежак часу замацоўваецца некалькі розных спосабаў рашэння.
Этап праверкі і ацэнкі ведаў. Пасля заканчэння вывучэння тэмы па геаметрыі Т.І.Рычак праводзіць залік па групах. Кожная група атрымлівае заданне з трох блокаў: 1 блок — даць азначэнне асноўным паняццям тэмы, 2 блок — даказаць асноўныя тэарэмы па гэтай тэме, 3 блок — рашыць задачы па гэтай тэме. Навучэнцы самастойна размяркоўваюць заданні ўнутры групы. Агульны вынік залежыць ад кожнага. Пасля заканчэння ўрока група здае заданне на праверку настаўніку.
Таццяна Іванаўна прапаноўвае выкарыстоўваць на розных этапах вучэбных заняткаў групавую форму работы для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, таму што лічыць: найбольш якаснае ўспрыманне і засваенне вучэбнага матэрыялу адбываецца ў выніку міжасобасных пазнавальных зносін і ўзаемадзеяння навучэнцаў у групах. Групавая форма работы спрыяе развіццю ў дзяцей крытычнага мыслення і аб’ектыўнай самаацэнкі, развівае самастойнасць і адказнасць, здольнасць да супрацоўніцтва, узаемадапамогі, фарміруе навыкі зносін. Акрамя таго, практыка паказала: групавая форма работы знімае нервовае напружанне на занятках, паляпшае творчае мысленне дзяцей, актывізуе іх пазнавальную дзейнасць. Творчаму настаўніку, які робіць гэтую форму цікавай, жывой і даступнай для кожнага навучэнца, застаецца толькі накіроўваць вучэбны працэс.