Празрыста і аб’ектыўна

- 20:52Школа управления

Пра асаблівасці ўступнай кампаніі — 2023 расказвае намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі галіновага міністэрства Алена ЛІПА.

— Алена Адольфаўна, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2023 г. № 2 зацверджана новая рэдакцыя Правіл прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Тым самым дадзены старт сёлетняй уступнай кампаніі. Напэўна, работа ў міністэрстве кіпіць?

— Мы праводзім шматгранную арганізацыйную, метадычную і асветніцкую работу па правядзенні сёлетняй уступнай кампаніі ў новым фармаце. Хочацца выкарыстаць для гэтага і пляцоўку нашай профільнай газеты, асабліва для кіраўніцкай аўдыторыі, каб звярнуць ўвагу дырэктараў на інавацыі сёлетняга прыёму. Нагадаю, што асноўныя падыходы ўступнай кампаніі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы мы распрацавалі яшчэ год назад, і многія з іх будуць захаваны ў гэтым годзе. Разам з тым пасля шматлікіх абмеркаванняў з баць­камі, абітурыентамі, прадстаўнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі, грамадскасцю асобныя пазіцыі ў арганізацыі ўступнай кампаніі былі адкарэкціраваны, што ў выніку дазволіла ўстана­віць у новых правілах справядлівыя і зразумелыя стратэгіі адбору найбольш падрыхтаваных і матываваных выпускнікоў.

Пры распрацоўцы новай ма­дэлі ўступнай кампаніі адной з галоўных задач, якую паставіў перад намі кіраўнік дзяржавы, з’яўляецца забеспячэнне роўных магчымасцей для паступлення ўсім выпускнікам незалежна ад таго, сельскую або сталічную школу яны заканчваюць. Ва ўніверсітэтах павінны вучыцца тыя, хто здольны быць студэнтам, хто свядома ставіць сабе высокую планку ў авалоданні прафесійнымі ведамі і імкнецца да гэтага. Адораная і творчая моладзь — гэта наш самы каштоўны і самы запатрабаваны капітал. Творчых маладых людзей, якія імкнуцца да ведаў, умеюць думаць неардынарна і настойліва ідуць да пастаўленай мэты, дзяржава разглядае сёння як свой асноўны стратэгічны рэсурс. Улічваючы дзяржаўныя патрабаванні, у новых правілах прыёму пашыраны льготы для катэгорыі адораных і творчых, матываваных абітурыентаў.

— Пашырэнне льгот у правілах прыёму з’яўляецца доб­рай матывацыяй для мола­дзі. Будзе расці яе імкненне выдатна вучыцца, каб пры паступленні ва ўніверсітэт атрымаць каштоўны бонус. Хто сёлета будзе залічвацца без уступных іспытаў ва ўніверсітэты?

— Такое права будуць мець пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах на спе­цыяльнасці, дзе прадмет алімпіяды з’яўляецца адным з профільных (першым ці другім) на ўступных экзаменах, падкрэсліваю — любым профільным. Акрамя таго, пераможцы трэцяга (абласнога і Мінскага гарадскога) этапаў рэспубліканскай алімпіяды залічваюцца ў рэгіянальныя УВА без экзаменаў на спецыяльнасці, дзе прадмет алімпіяды з’яўляецца любым профільным (першым ці другім), або ў любую УВА на педагагічныя і найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці.

З улікам таго, што з 1 студзеня 2021 года ў нашай краіне пачаў паспяхова працаваць Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, дзе выкарыстоўваецца шматстадыйны адбор для навучання ў ім старшакласнікаў, выпускнікі гэтага тэхнапарка, якія маюць рэкамендацыі наглядальнага савета, з гэтага года маюць права залічвацца ва УВА без уступных экзаменаў.

Такая ж ільгота дадзена выпускнікам ліцэяў УВА, якія маюць высокія дасягненні ў вучобе. Такія выпускнікі будуць залічвацца без выпрабаванняў ва УВА, якія ма­юць такія ліцэі.

 

Чытайце ў дадатку “Школа кіравання” ў нумары ад 17 студзеня 2023 года.