Прэміі і гранты ўручаны лепшым сталічным педагогам

- 10:03Актуально, Новости

Па традыцыі напярэдадні Новага года ў мінскім Палацы дзяцей і моладзі «Золак» прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў гарадскога конкурсу «Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Спаборніцтва праводзілася па 10 намінацыях: «Менеджмент у адукацыі», «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Гуманітарна-эстэтычная адукацыя», «Прыродазнаўча-матэматычная адукацыя», «Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі», «Ідэалагічная і выхаваўчая работа», «Выхаваўча-прафілактычная работа» (арганізацыя прафілактычнай выхаваўчай работы і аказанне сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу), «Спецыяльная адукацыя», «Дапрафесійная і прафесійная падрыхтоўка, прафесійная адукацыя».

У 2023 г. на конкурс было пададзена 80 апісанняў прафесійнага вопыту і 132 інавацыйныя праекты. Асаблівасцю сёлетняга спаборніцтва з’яўляецца тое, што вялікая колькасць удзельнікаў заявілі свае праекты менавіта ў галіне грамадзянска-патрыятычнага выхавання. У выніку ўладальнікамі прэмій і грантаў сталі 50 педагогаў, якія прадставілі свой вопыт работы, і 96 педагагічных работнікаў — аўтараў 50 інавацыйных адукацыйных праектаў. Узнагароды ўручылі старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, яго намеснік Арцём Цуран і старшыня камітэта па адукацыі Андрэй Стрыгельскі.

— Наша мерапрыемства аб’ядноўвае наватараў педагогікі. Здаецца, на працягу ўжо многіх дзесяцігоддзяў гэтая сфера вывучалася ўздоўж і ўпоперак. Але тым не менш вы кожны дзень знаходзіце ў адукацыі, педагагічным майстэрстве штосьці новае. І гэта дапамагае вучыць, выхоўваць маладое пакаленне. Нягледзячы на вялікую загрузку, грамадскую работу, вы працягваеце займацца педагагічнай творчасцю, — падкрэсліў У. Кухараў, звяртаючыся да педагогаў.

Гранта Мінгарвыканкама ў намінацыі «Ідэалагічная і выхаваўчая работа» ўдастоена настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сталічнай гімназіі № 40 імя Янкі Лучыны Ірына Марчонак, якая прадставіла праект «Дарогамі Перамогі. Нам жыць і памятаць!».

— Праект накіраваны на фарміраванне ўсіх відаў грамадзянска-патрыятычных кампетэнцый навучэнцаў шляхам захавання памяці аб подзвігу беларускага народа ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў і перадачу яго спадчыны будучым пакаленням, — адзначае педагог. — Навізна заключаецца ў распрацоўцы аўтарскай інтэрактыўнай карты экскурсійнага маршруту па тэрыторыі Беларусі «Дарогамі Перамогі» праз сеткавае ўзаемадзеянне з установамі адукацыі краіны, стварэнні фільма «Нам жыць і памятаць», а таксама распрацоўцы дзённіка ўдзельніка праектнай дзейнасці і серыі тэматычных паштовак «Сувязь пакаленняў».

У межах работы над праектам прадугледжана арганізацыя розных мерапрыемстваў, такіх як экскурсіі, выставы, лекцыі і конкурсы, ваенна-патрыятычныя пастаноўкі, якія дапамогуць навучэнцам больш даведацца аб Вялікай Айчыннай вайне, яе гістарычным кантэксце, героях і подзвігах.

Па словах І. Марчонак, асноўнымі напрамкамі праекта з’яўляюцца экскурсійныя маршруты, якія вядуць да важных гістарычных мясцін, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Але гэта не проста паездкі турыстычнай накіраванасці. Праводзіцца вялікая папярэдняя работа па спецыяльна распрацаваным алгарытме складання карты. А карта маршруту ўяўляе сабой шлях, па якім ішло вызваленне Савецкай арміяй населеных пунктаў Беларусі. Таму работа пачалася з анлайн-сустрэчы з гарадскім пасёлкам Камарын — першым вызваленым раённым цэнтрам. Ужо былі праведзены экскурсіі па маршрутах Ветка — Гомель і Орша — Віцебск.

Праект можа быць цікавы ўстановам адукацыі для павышэння выніковасці грамадзянска-патрыятычнага выхавання, арганізацыі работы ў шосты школьны дзень, дзейнасці музеяў, рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбных заняткаў па розных прадметах.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлены гімназіяй № 40