Прэзідэнт падпісаў Указ аб узнагароджанні ордэнам Маці. У ганаровым спісе — некалькі прадстаўніц сферы адукацыі

- 13:42Новости

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 снежня падпісаў Указ № 387 аб узнагароджанні ордэнам Маці. Аб гэтым інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Згодна з дакументам, названага ордэна ўдастоена 51 жыхарка Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. У ліку ўзнагароджаных — прадстаўніцы прамысловых прадпрыемстваў, арганізацый будаўнічай галіны, сацыяльнай сферы, гандлю і сувязі, аховы здароўя, Узброеных Сіл, рэлігійных арганізацый, хатнія гаспадыні. А таксама педагогі і работніцы ўстаноў адукацыі:

  • настаўнік Малецкай дзіцячай школы мастацтваў (аграгарадок Малеч Бярозаўскага раёна) Таццяна Генадзьеўна Аліферчык;
  • работніца Гортальскага дзіцячага сада (Івацэвіцкі раён) Алена Георгіеўна Васілевіч;
  • памочнік выхавальніка Яглевіцкага дзіцячага сада (Івацэвіцкі раён) Таццяна Мікалаеўна Саевец;
  • выхавальнік дашкольнай адукацыі Мальскага дзіцячага сада (Астравецкі раён) Алена Уладзіміраўна Баршчэўская;
  • работніца дзіцячага сада № 2 г.п. Воранава Алена Іванаўна Пашкевіч;
  • настаўнік Суботніцкай сярэдняй школы (Іўеўскі раён) Наталля Аляксандраўна Садоўская;
  • настаўнік Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 2 Таццяна Васільеўна Горбач;
  • прыёмная маці аддзела адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва Святлана Уладзіміраўна Кірухіна;
  • работніца Мушынскай сярэдняй школы (Мсціслаўскі раён) Таццяна Уладзіміраўна Падорына;
  • кухонны рабочы сярэдняй школы № 1 Бялыніч імя М.І. Пашкоўскага Анастасія Пятроўна Царанок;
  • памочнік выхавальніка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 3 Магілёва Таццяна Сяргееўна Шашкова.

Нагадаем, ордэна Маці ўдастойваюцца работніцы розных сфер дзейнасці за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей.

Марына ЖДАНАВА
Фота з архіва БелТА