Профільная адукацыя ў супрацоўніцтве з сацыяльнымі партнёрамі

- 11:37Брэстчына

Белавежская сярэдняя школа Камянецкага раёна адметна сваім вопытам і традыцыямі ў арганізацыі профільнага навучання. Усё пачалося ў 1998 годзе, калі на базе Белавежскай школы былі адкрыты ліцэйскія класы Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

Як адзначыў дырэктар навучальнай установы Уладзіслаў Эдуардавіч Сяргей, на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі было 68 навучэнцаў. 37 сталі студэнтамі ГДАУ, 31 пайшоў у іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы, трое сталі аспірантамі, 1 выпускнік стаў асістэнтам кафедры эканамічнай тэорыі Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, адзін працуе выкладчыкам Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.

У 1998 годзе быў адкрыты клас з паглыбленым вывучэннем матэматыкі і фізікі, аднак многія школьнікі жадалі вывучаць на павышаным узроўні іншыя прадметы, таму ў 1999 годзе школа пашырыла колькасць профіляў: былі адкрыты хімічны і біялагічны. Аднак вучні, якія займаліся ў профільных групах, не жадалі абмяжоўвацца адным-двума прадметамі аднаго профілю. З 2005-га па 2008 год навучальная ўстанова з’яўлялася інавацыйнай пляцоўкай па ўкараненні мадэлі мультыпрофільнага навучання пад кіраўніцтвам М.І.Запрудскага.

З 2015/2016 навучальнага года на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ўведзена профільнае навучанне, у рамках якога прадугледжана вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, а таксама магчымасць правядзення факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці (прафесійна арыентаваных курсаў).

У выніку ў Белавежскай школе ў 2016/2017 навучальным годзе было арганізавана профільнае навучанне ў 10 класе па такіх напрамках, як “матэматыка — хімія”, “хімія — біялогія”, “матэматыка — англійская мова”, гісторыя — англійская мова. У 2017/2018 навучальным годзе працягваецца ў 11 класе і арганізавана ў 10 класе профільнае навучанне па кірунках “матэматыка — хімія”, “хімія — біялогія”.

“Прафарыентацыя рэалізоўваецца праз адукацыйны працэс, пазашкольную работу з навучэнцамі. Пры гэтым мы прытрымліваемся розных прынцыпаў: сістэматычнасці, пераемнасці, дыферэнцыравання, супрацоўніцтва школы, сям’і, прафесійных навучальных устаноў, устаноў і прадпрыемстваў раёна, службы занятасці і грамадскіх маладзёжных арганізацый.

Формы работы розныя: урокі, гутаркі, лекцыі, класныя гадзіны; дыягнастычныя методыкі, анкеты і апытальнікі; экскурсіі, сустрэчы, бацькоўскія сходы; інфармацыйныя стэнды, відэафільмы; гульні, трэнінгі, калектыўныя творчыя справы; факультатыўныя заняткі, заняткі па інтарэсах.

Школа падтрымлівае цесную сувязь з гаспадаркай аграгарадка Белавежскі. Адміністрацыя ААТ “Белавежскі” дапамагае ў арганізацыі сустрэч і экскурсій. Многія выпускнікі пасля заканчэння навучальных устаноў папаўняюць шэрагі спецыялістаў і рабочых гаспадаркі аграгарадка. У цяперашні час у ААТ “Белавежскі” працуе 43 спецыялісты і 111 рабочых з ліку выпускнікоў нашай школы.

Ёсць у нас поспехі і ў спартыўным жыцці. Белавежская сярэдняя школа разам са СДЮШАР “Пушча” падрыхтавала і выпусціла не толькі чэмпіёнаў раёна, але і Брэсцкай вобласці і нават рэспублікі. Самым вядомым з іх з’яўляецца былы вучань школы Павел Лыжын — удзельнік Алімпійскіх гульняў 2004, 2008, 2012 гадоў, чэмпіянатаў свету 2003, 2005, 2009 гадоў, чэмпіён Еўропы 2003 года сярод моладзі, пераможца Кубка Еўропы 2006 года. Любоў да спорту, працавітасць, мэтанакіраванасць і дысцыплінаванасць Паўла з’яўляюцца добрым прыкладам для падрастаючага пакалення”, — адзначыў Уладзіслаў Эдуардавіч.

Для развіцця профільнага навучання і прафарыентацыйнай работы ў Белавежскай сярэдняй школе створаны ўсе ўмовы. Установа ўдзельнічае ў раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах і семінарах па прафарыентацыі. Ёсць вопыт і міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтым кірунку. У снежні 2009 года на базе Белавежскай школы праходзіў міжнародны семінар па абмене вопытам у пытаннях прафарыентацыі, у якім прынялі ўдзел адміністрацыя ААТ “Белавежскі”, выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, педагогі школы і 23 прадстаўнікі розных навучальных устаноў Рэспублікі Саха (Якуція).

У 2010 годзе ў абласным конкурсе школ аграгарадкоў Белавежская школа заняла 2 месца ў намінацыі “Школа аграгарадка — школа традыцый і навацый прафарыентацыйнай работы”. Адміністрацыя і педагагічны калектыў увесь час працуюць над развіццём профільнага навучання, і найперш праводзіцца работа, накіраваная на фарміраванне ў сваіх вучняў устойлівай матывацыі да абранай імі прафесіі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.