Прыроду любіць — багатым быць

- 10:54Выхаванне, Выхаваўчая работа

Экалагічнае выхаванне — адзін з прыярытэтных напрамкаў работы педагогаў ясляў­сада № 4 Ляхавіч, бо навакольны свет не толькі пашырае веды дзяцей, але і вучыць іх беражлівым адносінам да прыродных багаццяў.

Вельмі важна, каб дашкольнікі самі бачылі, як і для чаго поўзаюць мурашы, куды знікае лужына, якія насякомыя хаваюцца пад карой дрэў, як расце агародніна. Гэта куды цікавей, чым аповеды педагогаў! Таму ў нашай установе створана экалагічная сцежка, дзе малышы праводзяць невялікія даследаванні і знаходзяць адказы на пэўныя пытанні.  

У якасці аб’ектаў выбраны розныя віды раслін, дрэў, насякомых, траў і птушак. Кожны з іх мае назву і таблічку. Ідучы па сцежцы разам з яе гаспадыняй Беласнежкай, дзеці з вялікай цікавасцю назіраюць за змяненнямі прыродных аб’ектаў у розныя поры года, знаёмяцца з імі ў натуральных умовах. Так, на “Лугавінцы з насякомымі” малышы з дапамогай лупы вывучаюць жукоў, матылёў, кветкі…

У зоне “Мурашнік сярод бяроз” выхаванцы назіраюць, як маленькія працаўнікі ўзводзяць вялізны дом з сухіх галінак, саломінак, ігліцы… Знікненне мурашоў з надыходам халадоў не застаецца незаўважаным. Я не даю гатовага адказу, а паступова падводжу да яго пытаннямі: “Якая зараз пара года?”, “Як вы апрануты?”, “Ці ёсць, па-вашаму, у мурашоў такая ж цёплая куртачка, як у вас?”, “Што яны будуць рабіць, каб сагрэцца?”. Такім чынам дзеці самі адказваюць на свае пытанні. 

У зоне “Куточак лесу” растуць бярозы, клёны, асіны, бэз, елкі, рабіны, яблыні… Расказваю выхаванцам, што дрэвы дапамагаюць ачышчаць паветра і з’яўляюцца выдатным аб’ектам для назірання за карой, лісцем, размяшчэннем галінак, пладамі… 

Бацькі зрабілі кармушкі для птушак, якія мы развесілі на дрэвах. Дзеці ўважліва назіраюць за крылатымі сябрамі і кормяць іх. Уздоўж усёй экалагічнай сцежкі развешаны шпакоўні рознай канструкцыі.

Ёсць на сцежцы лекавыя расліны, невялікі вадаём, агарод і кветнік. Дзеці з педагогамі высаджваюць агародніну, зеляніну і кветкі, даглядаюць іх, а потым з радасцю ласуюцца смачнай радыскай і карыснай морквай ці любуюцца прыгожымі кветкамі.

На сцежцы ўсталявана метэаралагічная пляцоўка, дзе малышы даведваюцца пра напрамак ветру, вымяраюць колькасць ападкаў, назіраюць за ходам сонечнага гадзінніка, адзначаюць на­двор’е.

Падчас прагулак дашкольнікі гуляюць з прыродным матэрыялам (пяском, галінкамі, лісцем, жалудамі, шышкамі), удзельнічаюць у квест-гульні “Адзін, два, тры — да дрэва бяжы!”, дыдактычных і пазнавальных гульнях “Дзе расце?”, “Адгадай па апісанні”, “Чацвёрты лішні” і “Магазін кветак”, адгадваюць загадкі пра жывёл…

Экалагічная сцежка добра падыхо­дзіць не толькі для вывучэння прыроды, гульняў і працоўнай дзейнасці, але і для аздараўлення. Дзеці змалку ведаюць: прыроду любіць — багатым быць.

Алена ЛАЎРЭНАВА,
выхавальніца ясляў-сада № 4 Ляхавіч.