Прыступка ў эфір

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі завяршыўся Рэспубліканскі конкурс юных журналістаў “Ты ў эфіры!”. У фінальны эфір трапілі каля 40 хлопцаў і дзяўчат, якія асвойваюць журналістыку ў школах і ўстановах дадатковай адукацыі. Свае ўзнагароды знайшлі пераможцы ў 6 намінацыях: “Друкаваныя матэрыялы”, “Друкаваныя выданні”, “Радыё”, “Фотагалерэя”, “Відэаматэрыялы” і “Сацыяльныя сеткі”.

Гэты конкурс адзін з тых, удзельнікі якога ў большасці сваёй ужо вызначыліся з будучай прафесіяй. Таму ў Мінск фіналісты ехалі не толькі па ўзнагароды — для іх была падрыхтавана насычаная адукацыйная праграма. Яны сустрэліся з журналістамі вядучых СМІ, прынялі ўдзел у творчых майстэрнях, трэнінгах, на майстар-класы ад вопытных журналістаў завіталі ў рэдакцыі газет “Пераходны ўзрост” і “Знамя юности”, у рэдакцыю Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, у рэдакцыі тэлеканала “МІНСК TV”, а паглыбіліся ў фотамастацтва на сталічных вуліцах падчас творчага пленэру ад члена журы папулярнага фатографа Аляксандры Бушма. Свае пытанні як будучыя абітурыенты фіналісты задалі ў Інстытуце журналістыкі БДУ.

У НЦМТДіМ прэзентаваліся творчыя работы пераможцаў, працавала выстава фотаработ і відэаролікаў, прадстаўленых у намінацыях “Фотагалерэя” і “Відэаматэрыялы”. Усе работы фіналістаў аб’яднала адна тэма — “Мінулае памятаем, будучыню ствараем”, прысвечаная 500-годдзю кнігадрукавання і Году навукі ў Беларусі. Юныя журналісты пастараліся стварыць творчы сімбіёз гордасці за сваіх знакамітых прашчураў і ўпэўненасці ў інавацыйным, інтэлектуальным і культурным патэнцыяле сваіх равеснікаў.

Найбольш работ было друкаваных. Сярод іх пераможцай, па меркаванні журы, стала Дар’я Санкевіч з гімназіі № 1 Старых Дарог. Арына Струновіч з сярэдняй школы № 1 Бялыніч імя М.І.Пашкоўскага (Магілёўская вобласць) заняла 2-е месца. Вольга Плюхаева з Полацкага РЦТДіМ замкнула тройку прызёраў.
Аналізуючы гэтыя работы ў складзе журы, Наталля Кастэнка, намеснік галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты”, зазначыла: “Калі мае калегі ацэньвалі іх з пункту гледжання дзіцячай журналістыкі, у мяне быў іншы падыход — я ацэньвала матэрыялы з пункту гледжання дарослай журналістыкі. І прыемна, што былі вельмі дастойныя работы, іх аўтары, як кажуць, нам у спіну дыхаюць. Асабліва гэта тычыцца Дар’і Санкевіч. Дзяўчына прадставіла вельмі зразумелае разважанне наконт выбару кнігі — традыцыйнай ці электроннай. І форма яе разважання была цікавай. Мала таго, што яна ўдала спалучыла тое, што не спалучаецца — мінулае і будучыню, дык яшчэ змікшыравала многія жанры журналістыкі. Ужо ў сваім юным узросце яна зрабіла сапраўдны журналісцкі ф’южн”.

Што да намінацыі “Друкаваныя выданні”, у якім прадстаўляліся школьныя газеты, у Наталлі Кастэнка больш заўваг: “Нам трэба было ацаніць тры нумары.

І не ўсе выданні нас парадавалі. Часам яны нагадвалі баявы лісток, таму хацелася педагогаў спытаць, навошта яны гэта робяць. Гэта дзіцячая газета, школьная, таму тут не павінна быць грувасткіх матэрыялаў, асабліва ў стужцы навін. Дзіцячая газета — гэта кліпы, яркія старонкі, маленькія тэксты”.

Такія яскравыя выданні і перамаглі. Лепшым, па меркаванні журы, стала малатыражнае дзіцяча-юнацкае выданне “Слова за намі” Полацкага РЦДіМ, якім кіруе Н.П.Сляпцова. На другой прыступцы размясцілася газета Маладзечанскага ЦТДіМ “Маладзік” (кіраўнік Н.В.Шульжыцкая), на трэцяй — Гродзенскага РЦТДіМ (кіраўнік М.С.Васючэнка).

Шмат жадаючых было паспрабаваць сябе і на радыё. Па меркаванні Настассі Ермалюк, рэдактара Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, сакрэт у тым, што радыё, як і іншыя СМІ, становіцца больш сучасным: “Памятаеце фразу з фільма “Масква слязам не верыць”: “З часам тэлебачанне пераверне жыццё ўсяго чалавецтва. Нічога не будзе: ні кіно, ні тэатра, ні кніжак, ні газет — адно суцэльнае тэлебачанне”? Але такога не адбылося — у нас з’явіўся інтэрнэт. Многія СМІ — і радыё, і тэлебачанне, і газеты — развіваюцца далей там. Плюс з’явіліся блогі, парталы і выданні, якія існуюць толькі ў інтэрнэт-прасторы. Таму СМІ развіваюцца, ідуць у нагу з часам. Напрыклад, у Першага нацыянальнага радыё ёсць SMS- і Viber-сэрвісы, ёсць свой канал на YouTube, дзе мы трансліруем самыя актуальныя праграмы, рэзанансныя праекты. Тут жа нашы слухачы ці будучыя калегі могуць зазірнуць у студыю, не толькі пачуць, але і паглядзець на госця, вядучых, на работу гукарэжысёра, убачыць, што такое гукарэжысёрскі пульт. І, упэўнена, будзем развівацца далей”.

Магчыма, праз некалькі гадоў дапамагаць у гэтым будуць і пераможцы ў гэтай намінацыі. 1-е месца было прысуджана Маргарыце Кубліцкай з маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы, 2-е — Станіславу Пушкарову і Караліне Раманавай са шматпрофільнага цэнтра “Ветразь” Бялыніч. 3-е месца атрымала Валерыя Якубоўская з гуртка “Асновы радыёжурналістыкі” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.

Самымі цікавымі работамі ў “Фотагалерэі”, па меркаванні журы, сталі работы Дар’і Тарасенка са Слуцкага цэнтра тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнскай моладзі, якая атрымала 1-е месца, Юліі Вайткевіч і Дар’і Аляксеевай, навучэнак Хожаўскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна, якім было прысуджана 2-е месца, і Аліны Грыб з Барсукоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Кармянскага раёна (Гомельская вобласць), якая замкнула тройку прызёраў.

У намінацыі “Відэаматэрыялы” перамогу атрымала Юлія Буйвід з сярэдняй школы № 3 Ашмян. 2-е месца журы прысудзіла Яну Талочку з Навагрудскага РЦТДіМ, 3-е — Вользе Прыступа з Чачэрскага РЦТДіМ.

У намінацыі “Сацыяльныя сеткі” прынялі ўдзел аўтары блогаў і груп у сацыяльных сетках. Лепшай, па меркаванні журы, аказалася работа аўтарскага калектыву з гімназіі № 1 Ліды, 2-е месца дасталася Юліі Гунько з сярэдняй школы № 1 Пінска, а 3-е — Настассі Руднік з сярэдняй школы № 2 Жодзіна.

Рэдакцыі газет “Настаўніцкая газета”, “Пераходны ўзрост”, “Знамя юности”, выдавецтва “Пачатковая школа”, каб заахвоціць творчы пошук юных журналістаў, адзначылі аўтараў лепшых, на іх погляд, работ сваімі ўзнагародамі і прызамі. Некаторыя конкурсныя матэрыялы пераможцаў будуць апублікаваны на старонках маладзёжных выданняў.

Падводзячы вынікі конкурсу і звяртаючыся да яго ўдзельнікаў, дырэктар НЦМТДіМ Надзея Васільчанка зазначыла: “Многія з вас хочуць свой лёс звязаць менавіта з журналісцкай прафесіяй, ваш выбар усвядомлены, і гэта вельмі добра. Хачу пажадаць, каб гэтая сустрэча стала яшчэ адной прыступкай да дасягнення вашай смелай мэты. Той шлях, на які выходзіце, вельмі адказны. Менавіта вы павінны сказаць сваё слова ў асвятленні падзей, пошуку цікавых ініцыятыў, іх прадстаўленні. І памятайце пра тое, якую магутнасць мае слова. Таму будзьце заўсёды адказнымі, асцярожнымі і шчырымі”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Паўла ХМАРЫ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *