Прыязджайце ў Альхоўку!

- 11:32Педагагічная майстэрня

1 ліпеня, стоячы ў чарзе за білетам на чыгуначным вакзале Мінска, заўважыла перад сабой чалавека, які на смартфоне ўважліва разглядаў карту Астравеччыны. Твар яго быў напружаны, адчувалася, што ён усхваляваны. Мяне ж, наадварот, апанавала незвычайная радасць і за сябе, і за гэтага настаўніка (яго ў чалавеку пазнала адразу) — ён, як і я, ехаў у Альхоўку.

Падчас прэзентацыі праекта.

Але некалькі слоў пра тое, з чаго ўсё пачыналася. 11 мая стартаваў прыём заявак на ўдзел у ХХХ летніку настаўнікаў і метадыстаў у Альхоўцы. А праз два тыдні тыя, чые заяўкі былі адабраны, прачыталі дасланы ім інфармацыйны ліст: пераможцы атрымалі магчы­масць прайсці дыстанцыйнае навучанне па тэме курсаў на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Дыстанцыйнае навучанне пачыналася 3 чэрвеня, доўжылася 4 тыдні і складалася з трох раздзелаў:

1. Уводзіны ў павышэнне кваліфікацыі па тэме “Праектнае навучанне як механізм забеспячэння якасці адукацыі навучэнцаў”.

2. Якасць адукацыі як дыдактычная праблема.

3. Праектнае навучанне: тэарэтычныя асновы і прак­тыка рэалізацыі.

Мікалай Запрудскі 4 чэрвеня правёў вэбінар, падчас якога азнаёміў з праграмай будучых курсаў і адказаў на пытанні ўдзельнікаў.

Па выніках кожнага раздзела неабходна было вы­канаць тэставыя і кантрольныя работы. Варта адзна­чыць зручнасць працы на платформе дыстанцыйнага навучання, магчымасць працаваць так, як табе падабаецца, і ўвесь час падтрымліваць сувязь з кіраўніком. Усё гэта садзейнічала набыццю грунтоўных тэарэтычных ведаў, якія пасля ўдала леглі ў аснову практычнай часткі метадычнага летніка.

У панядзелак, 1 ліпеня, трапіўшы на месца правя­дзення летніка (а гэта цудоўная паляна ў лесе на беразе Страчы), стала зразумела, што знаходзіцца тут — ужо вялікая радасць. У першы дзень курсаў неабходна размясціцца (большасць удзельнікаў жыве ў шатрах у лесе, але некаторыя селяцца ў інтэрнаце на базе Альхоў­скай сярэдняй школы), даведацца пра расклад заняткаў і спіс мерапрыемстваў на тыдзень, запісацца на дзяжурства ў сталовай, на ўдзел і правядзенне пазакласных мера­прыемстваў, а таксама, безумоўна, пазнаёміцца з астатнімі ўдзельнікамі летніка — гэты раз іх было каля паўсотні.

Канцэрт “першагодкаў”.

З другога дня адразу пасля снедання пачаліся заняткі. У дзевяць гадзін раніцы кабінет матэматыкі Альхоўскай сярэдняй школы запоўніўся гучнымі галасамі ўдзель­нікаў. Першы дзень быў вельмі насычаны і цікавы: Мікалай Іванавіч звярнуў увагу на актуальнасць праектнага навучання, расказаў пра вопыт яго прымянення ў іншых краінах. Пасля адбылася невялікая канферэнцыя (накшталт EdСamp), дзе настаўнікі дзяліліся сваім вопытам прымянення праектнага навучання. У выгля­дзе невялікіх дэбатаў прайшла рэфлексіўная частка заняткаў, на якой неабходна было абгрунтаваць плюсы і мінусы праектнага навучання. Такім чынам удзельнікі прадэман­стравалі свой досвед у прымяненні метаду праектаў.

Не першы год метадычны летнік мае міжнародны характар. Так, у чатырнаццаць гадзін мы сустрэліся са спецыяльным госцем — настаўнікам фізікі школ №№ 57 і 179 Масквы Андрэем Тарчэўскім. Ён падзяліўся сваім вопытам работы па метадзе праектаў у школах расій­скай сталіцы і прадэманстраваў цікавыя фізічныя доследы ў кабінеце фізікі Альхоўскай сярэдняй школы.

 Увечары ўсіх чакала інтэлектуальна-спартыўная паласа перашкод. Тры каманды-ўдзельніцы атрымалі не толькі зарад пазітыўных эмоцый, але і каштоўныя падарункі ад кампаніі Epam, якая аказала спонсарскую падтрымку летніку.

Трэці дзень пачаўся з інтэрактыўнай лекцыі “Праектнае навучанне (метад праектаў)”. Удзельнікі вызначалі, на якія кампетэнцыі вучняў працуе гэты метад, чым ён адрозніваецца ад даследавання, пры якіх умовах бу­дзе найбольш эфектыўным. У пачатку лекцыі выкладчык надзяліў настаўнікаў адмысловымі ролямі:

  • фармулёўшчык тэзісаў;
  • герменеўтык;
  • аўтар пытанняў;
  • схематэхнік;
  • аўтар табліцы;
  • апазіцыянер;
  • адэпт (абаронца);
  • паэт.

Выканаўцамі кожнай з роляў былі 4—5 чалавек. У канцы лекцыі ўдзельнікі спачатку абмеркавалі яе ў групах, а потым у адпаведнасці з атрыманымі ролямі выказалі свае меркаванні адносна зместу лекцыі. Гэта было вельмі цікава і карысна, бо такая рэфлексія дазволіла яшчэ раз асэнсаваць ключавыя аспекты тэмы.

У сядзібе Агінскага.

Пасля лекцыі ўдзельнікі атрымалі спіс тэм магчымых праектаў, якія неабходна было распрацаваць індывідуальна альбо ў групах да наступнай раніцы. Па­дзяліўшыся на поліпрадметныя групы, педагогі стваралі праекты: сярэднестатыстычны ўдзельнік летніка, відэа­фільм пра летнік, праект артыкула пра летнік  і курсы ў часопіс “Фізіка”, праект артыкула пра летнік і курсы ў “Настаўніцкую газету”, адукацыйныя эфекты летніка і курсаў у летніку, як стварыць у школе развіццёвае асяроддзе для настаўнікаў, летнік і курсы 2020 года і інш. 

Традыцыйна пасля абеду штодня ў 14 гадзін мы сустракаліся са спецыяльным госцем. Так, у сераду выступіў Генадзь Няхай — кіраўнік грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя “Конкурс”. Ён падарыў кнігі кожнаму слухачу курсаў.

Цікавай і карыснай стала лекцыя настаўніцы біялогіі ліцэя № 1 Мінска Кацярыны Скрыган “Эфектыўны настаўнік: лайфхакі для працы і для адпачынку”.

У 11 гадзін пачалося  “Начное арыентаванне”, цудоўна арганізаванае і праведзенае настаўнікам фізікі Адэль­скай сярэдняй школы Анатолем Аўсейчыкам.

Чацвёрты дзень летніка па сваёй эфектыўнасці і насычанасці ні ў чым не ўступаў папярэднім. Тэмп работы працягваў нарастаць. Удзельнікі рабілі прэзентацыі і ацэньвалі міжпрадметныя праекты, над якімі працавалі апошнія суткі, актыўна абмяркоўвалі іх, атрымлівалі слушныя заўвагі і рэкамендацыі ад Мікалая Запрудскага, а таксама ад кансультантаў Алены Ананчыкавай, Галіны Сухавай, Элы Якубоўскай.

У ролі спецыяльнага госця пасля абеду выступіў фізік доктар філасофіі Андрэй Андрыеўскі, які прадставіў карысную прэзентацыю па тэме “Якіх выпускнікоў чакаюць работадаўцы”. Ён жа правёў вечарам на нашай паляне гульню “Што?Дзе? Калі?”, у якой з вялікім задавальненнем паўдзельнічала 6 каманд. Акрамя таго, мы слухалі і спявалі ля вогнішча цудоўныя песні пад гукі гітары Кацярыны Скрыган і Зміцера Бондара, рэпертуар якіх стварыў унікальную атмасферу яднання, паразумення і філасофскіх разважанняў.

Заняткі ў пятніцу ўяўлялі сабой  прэзентацыі і ацэнку праектаў монапрадметных груп, якія падрыхтавалі распрацоўкі ўрокаў на аснове правіл тэхналогіі праектнага навучання. Кожная група выбірала сваю форму прэзентацыі вучэбных заняткаў, але хочацца адзна­чыць урок для дарослых, праведзены настаўнікамі біялогіі і хіміі. Падчас яго мне пашчасціла быць вучаніцай і працаваць над праектам, вынікам якога стала аптымальна скамплектаваная дамашняя аптэчка. Цікавым падаўся праект, прадстаўлены настаўнікамі фізікі як урок для дарослых. На жаль, з-за абмежаванняў у часе не кожная група змагла выступіць, але магчымасці інтэрнэту дазволілі зрабіць іх распрацоўкі даступнымі для ўсіх удзель­нікаў.

Каля валуна М.К.Агінскага, які ён усталяваў у гонар свайго настаўніка.

Карысным таксама аказалася знаёмства з прадстаўнікамі IT-кампаніі Epam Kids і асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” Інай Яфімчук і Варварай  Злобінай. Некаторыя педагогі вырашылі прыняць удзел у іх праектах у якасці валанцёраў. Многія ўжо з’яўляліся ўдзельнікамі STEM-праектаў.

А ў гэты час на паляне рыхтавалася лазня, якую на працягу 15 гадоў ладзіць настаўнік фізікі з Жодзіна Аляксандр Якубоўскі.

Вечар быў адзначаны правядзеннем “Акадэміі” — яна ўжо стала цудоўнай традыцыяй летніка. Кожны год тут віншуюць юбіляраў, якія прыязджаюць сюды 5, 10, а некаторыя і 25 гадоў. Сёлета ганаровым “акадэмікам” стала Алена Ананчыкава, намеснік дырэктара сярэдняй школы № 13 Жлобіна. Адметна, што “Акадэміяй” пачаўся юбілейны вечар, які праводзіўся з нагоды 30-годдзя летніка. Атрымалася вельмі цёплае і душэўнае мера­прыемства, напоўненае вершамі, успамінамі, песнямі.

А завяршыўся вечар Купаллем, на якім усе альхоўцы былі зачараваны атмасферай традыцыйнага свята, змаглі выступіць у якасці русалак, вадзянікоў, багнікаў, спявалі беларускія песні і скакалі праз вогнішча.

У суботу раніцай адбылася рэфлексія. Кожны ўдзель­нік адказаў на пытанне: “Што я буду рабіць далей з атрыманымі ведамі?” Потым нас чакала паездка ў Залессе. Цудоўная сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага не пакінула нікога абыякавым. Інсцэніраваная экскурсія, праве­дзеная супрацоўнікамі музея, дапоўніла ўражанні педагогаў цікавай інфармацыяй як пра саму сядзібу, так і пра жыццё сусветна вядомага кампазітара. Увечары прайшоў канцэрт “першагодкаў”, які яны старанна рыхтавалі на працягу шасці дзён летніка.

На завяршэнне было традыцыйнае кола развітання, падчас якога ўдзельнікі атрымалі пасведчанні аб навучанні на курсах, кнігі ў падарунак ад выдавецтва “Сэр-Віт”, апусцілі сцяг летніка і праспявалі песню, якая завяршаецца радкамі:

А если станет трудно, ведь в жизни всё непросто.

Не трать напрасно нервы, не куксись и не злись,

А просто тихо вспомни Ольховку девяностых.

Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались.

Чаму 90-х? Гісторыя летніка пачалася ў 1990 годзе.

“Альхоўка” — гэта цудоўнае, фантастычнае асяроддзе, якое спрыяе пошуку, раскрыццю і рэалізацыі здольнасцей. Дзякуючы гэтаму асяроддзю, хочацца няспыннага росту: прафесійнага, творчага, чалавечага! Магчыма, у гэтым і заключаецца сакрэт унікальных курсаў, якія ўжо на працягу трох дзесяцігоддзяў ладзяцца ў чароўным куточку Беларусі творчымі і незвычайнымі людзьмі, людзьмі вялікага патэнцыялу, шырокай душы і невычэрпнай энергіі, людзьмі, здольнымі змяніць сябе, а разам з гэтым — і свет. Той, хто хаця б раз пабываў у “Альхоўцы”, назаўсёды зменіцца як прафесійна, так і духоўна.

Юлія НЕКРАШ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 54 Мінска.
Фота Анатоля АЎСЕЙЧЫКА.