Быць побач з адзінокімі пажылымі людзьмі, інвалідамі, а таксама дзеткамі-блізнятамі. Анжаліка Кухарэнка і Хрысціна Арцёмчык асвойваюцца пасля размеркавання на першым працоўным месцы ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна Мінска. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сваім шляхам
Абедзве дзяўчыны скончылі Мінскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання па спецыяльнасці “Сацыяльная работа” і з 1 жніўня прыступілі да працоўнай дзейнасці. Парог тэрытарыяльнага цэнтра самага буйнога раёна сталіцы пераступілі ўжо далёка не ўпершыню — падчас навучання ў каледжы праходзілі тут практыку. Анжаліка працавала нянькай дзетак-блізнят, Хрысціна — сацыяльным работнікам, дапамагала спраўляцца з бытавымі справамі адзінокім пажылым людзям і інвалідам.
— Пайсці ў сацыяльную сферу мне параіла мой класны кіраўнік Жанна Міхайлаўна Сяцько. Мы былі ўсім класам у каледжы сферы абслугоўвання на экскурсіі, нам расказвалі, на каго і як там вучаць. І класная мне сказала: “Прыглядзіся да спецыяльнасці “Сацыяльная работа”, табе гэта можа падысці”. Падумала: сапраўды, я люблю дапамагаць людзям, чаму ж не зрабіць гэта сваёй прафесіяй, — расказвае Анжаліка.
— Склалася так, што мяне гадавалі бабуля і дзядуля. У нас было шмат пажылых суседзяў па пад’ездзе, з якімі яны сябравалі. Таму я заўсёды лепш разумела людзей старэйшага пакалення. Імкнулася дапамагаць, чым магла. Калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, спынілася на сацыяльнай рабоце, — дзеліцца Хрысціна.
Абедзве дзяўчыны першыя ў сваіх сем’ях, хто пайшоў працаваць у сацыяльную сферу. Не ўсе родныя іх рашэнне зразумелі, але ўсё ж падтрымалі. Бо клапаціцца пра людзей, якім патрэбна дапамога, — справа добрая, хаця і няпростая.
Маладыя спецыялісты з удзячнасцю ўспамінаюць выкладчыкаў каледжа, якія на працягу трох гадоў дапамагалі ім атрымліваць патрэбныя веды, палюбіць будучую прафесію. У іх ліку — Наталля Міхайлаўна Філіпава, якая выкладала тэорыю і методыку сацыяльнай работы. Яна мела асабісты вопыт работы ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання, таму заўсёды на рэальных прыкладах тлумачыла, як тэорыя прымяняецца на практыцы. Таксама асабліва адзначаюць Таісію Пятроўну Зенаву, дзякуючы якой спасцігалі асновы работы з людзьмі з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці. Яна сама шмат гадоў рэалізоўвала праекты для людзей з інваліднасцю, таму добра ведала гэтую тэму, цікава і зразумела аб усім расказвала. Па яе парадзе навучэнцы наведвалі трэнінгі і канферэнцыі, гэта быў карысны вопыт.
Сказаць “не” адзіноце
Прыйшоўшы на работу ў сацыяльны цэнтр, Анжаліка Кухарэнка вельмі хацела працягнуць працаваць нянькай дзяцей-блізнят ці трайнят (як вядома, у нашай краіне гэтая паслуга аказваецца бацькам такіх дзяцей бясплатна, за кошт дзяржавы). Так і будзе. Сям’я, у якой яна працавала падчас практыкі, на пачатку восені чакае яе да сябе. А пакуль дзяўчына часова аказвае разавыя сацыяльныя паслугі, якія патрэбны пажылым людзям, — прынесці прадукты, схадзіць у аптэку, прыбрацца ў кватэры, суправадзіць на прагулку і г.д.
— Я з мнагадзетнай сям’і, старэйшая з чатырох дзяцей. Заўсёды дапамагала бацькам клапаціцца аб малодшых, таму мне лёгка спраўляцца з дзецьмі. Але і з пажылымі людзьмі працаваць падабаецца, — дзеліцца Анжаліка.
Хрысціна Арцёмчык прыступіла да работы ў якасці спецыяліста па сацыяльнай рабоце ў аддзяленні першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання. Яна адказвае за актуалізацыю баз пажылых адзінока пражываючых і адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў Фрунзенскага раёна, інфармуе тых, хто звярнуўся ў цэнтр, аб сацыяльных паслугах, пры неабходнасці праводзіць абследаванні ўмоў пражывання бабуль і дзядуляў і г.д.
— Зразумела, што далёка не кожнаму пенсіянеру патрэбны сацыяльныя паслугі, шмат хто спраўляецца сам, дапамагаюць дзеці, унукі. Але калі ў чалавека родных няма ці яны за мяжой або ўжо таксама ва ўзросце і хворыя, наш цэнтр яму абавязкова дапаможа. І мне прыемна, што я таксама маю дачыненне да гэтай добрай справы, — адзначае Хрысціна.
Як маладыя спецыялісты яны атрымалі так званыя пад’ёмныя: матэрыяльную дапамогу ў памеры апошняй стыпендыі ў каледжы. Прадугледжаны і іншыя меры падтрымкі: штомесячная надбаўка, заахвочванне за добрыя вынікі працы, для іншагародніх — штогадовая дапамога для пакрыцця расходаў на наём жылля. Пры неабходнасці кіраўніцтва цэнтра будзе хадайнічаць аб выдзяленні арэнднай кватэры. Дарэчы, два маладыя спецыялісты, якія прыйшлі сюды на работу раней, такое жыллё ўжо атрымалі.
Дзяўчатам прызначылі вопытных настаўнікаў, якія дапамагаюць ім асвойваць новыя ўчасткі работы, тлумачаць нарматыўна-прававыя аспекты і проста падтрымліваюць добрым словам. Не справай адзінай жывуць маладыя спецыялісты на першым працоўным месцы. Далучыліся да прафсаюзнай арганізацыі, гатовы ўдзельнічаць у мерапрыемствах. Хрысціна любіць спорт, скончыла школу са спартыўным ухілам, была капітанам валейбольнай каманды каледжа. Анжаліка больш цікавіцца творчымі кірункамі.
Мае суразмоўніцы прызнаюцца: калі шмат разоў за дзень чуеш ад людзей шчыры “дзякуй”, гэта вельмі матывуе. Хочуць быць на сваім працоўным месцы максімальна карыснымі. Маладым уласціва жаданне мяняць свет да лепшага. І сацыяльная работа дае для гэтага ўсе магчымасці.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара