Прызёры EGEO-2021

- 9:00Якасць адукацыі

Беларускія школьнікі сталі прызёрамі Еўрапейскай геаграфічнай алімпіяды (EGEO-2021). Нашу краіну прадстаўлялі 9 чалавек.

Еўрапейская геаграфічная алімпіяда стала для школьнікаў-географаў першым у 2021 годзе міжнародным выпрабаваннем па прадмеце (наперадзе Балтыйская геа­графічная алімпіяда і Міжнародная алімпіяда па геаграфіі). У сувязі з эпідэмічнай абстаноўкай алімпіяда прайшла ў дыстанцыйным фармаце на англійскай мове. Месцам правядзення лічыцца Бялград (Рэспубліка Сербія) як фактычнае месцазнахо­джанне арганізацыйнага камітэта і журы алімпіяды.

EGEO-2021 уключала тры туры: тэарэтычны, практычны і мультымедыя. Удзельнікі выконвалі заданні і тэсты, а таксама праводзілі аналіз космаздымкаў і карт тэрыторый. У рамках конкурсу HERE GEO challenge школьнікі на платформе геаінфармацыйнай сістэмы распрацоўвалі свае карты і рэдагавалі існуючыя.

Сярод тэм, па якіх складаліся заданні, былі геа­графічныя рэсурсы, экалагічная, аграрная геа­графія, насельніцтва, эканамічная геаграфія, гарадская геаграфія, турызм, культурная геаграфія.

Удзельнікі дэманстравалі геаграфічныя веды і навыкі іх прымянення ў канкрэтных рэгіянальных кантэкстах. Кантэксты прадстаўляліся з дапамогай карт, малюнкаў і графікаў. Мультымедыйны тэст складаўся з пытанняў, якія патрабавалі базавых навыкаў геаграфічнага мыслення, калі інфармацыя аналізуецца на картах, дыяграмах або фотаздымках. Такім чынам, мультымедыйны тэст прызначаны не для праверкі здольнасці ўдзельнікаў дэманстраваць веданне геаграфічных фактаў, а для праверкі іх навыкаў у галіне геаграфічнага аналізу.

Нашы пераможцы

У старэйшай узроставай групе (16—19 гадоў) сярэбраныя медалі заваявалі дзесяцікласнік гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна Мікіта Віхараў і выпускнік гімназіі № 1 Брэста Дзяніс Рабчук.
Бронзавымі медалямі ў гэтай групе ўзнагароджаны дзесяцікласнік сярэдняй школы № 24 Гомеля Данііл Васілюк, выпускнікі гімназіі № 1 Баранавіч Ілья Туча, Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Леанід Палхоўскі, гімназіі № 2 Віцебска Дзмітрый Міхасько, сярэдняй школы № 30 Мінска Валерыя Якубоўская.
У малодшай узроставай групе (12—15 гадоў) бронзавы медаль уручаны дзевяцікласніку гімназіі № 1 Слуцка Раману Пенязю. Сертыфікат удзельніка атрымаў дзевяцікласнік гімназіі № 2 Віцебска Назар Фамічоў.

Кіраўнікамі беларускай каманды былі дацэнт кафедры фізічнай геаграфіі і адукацыйных тэхналогій факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдат геа­графічных навук Аляксей Яротаў, дацэнт кафедры эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі факультэта геа­графіі і геаінфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдат геаграфічных навук Ілья Запрудскі.

Усяго ў алімпіядзе прынялі ўдзел школьнікі з 14 краін: Беларусі, Расіі, Азербайджана, Літвы, Эстоніі, Турцыі, Сербіі, Славеніі, Казахстана, Чэхіі, Балгарыі, Бельгіі, Босніі і Герцагавіны, Малдовы.

Еўрапейская геаграфічная алімпіяда (EGEO) праводзіцца з 2015 года. Гэта індывідуальнае спаборніцтва для дзвюх катэгорый удзельнікаў: 12—15 і 16—19 гадоў. Арганізатарамі з’яўляюцца факультэт геаграфіі Бялградскага ўніверсітэта, Рэгіянальны цэнтр таленавітай моладзі і Інстытут адораных і таленавітых дзяцей і моладзі (Сербія).

Вольга ДУБОЎСКАЯ.