«Пціч», «Радзімічы», «Азімут»: чаму размясціць тры лагеры побач — мудры ход?

- 10:10Новости

Нібыта тры лагеры ў адным убачылі мы падчас візіту ў выхаваўча-­аздараўленчы лагер “Пціч” у вёсцы Крынка Асіповіцкага раёна — непасрэдна на яго тэрыторыі знаходзіцца і краязнаўчы палатачны лагер “Радзімічы”, побач — турыстычны палатачны лагер “Азімут”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Чароўны куток

— Размясціць усе тры лагеры побач — мудры ход, — лічыць дырэктар Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вольга Хазяінава. — Дзеці прымаюць удзел у вялікай колькасці мерапрыемстваў, якую не заўсёды можна забяспечыць у адным лагеры. Ходзяць адно да аднаго ў госці, малодшыя знаёмяцца з тым, што такое жыццё ў палявых умовах, арыентаванне ў лесе, спазнаюць, як гатаваць ежу на вогнішчы. Гледзячы на старэйшых, пачына­юць цікавіцца турызмам, краязнаўствам. Усё гэта для іх — унікальны вопыт.

Педагогі тут таксама ўнікальныя — прафесіяналы, якія ўмеюць і любяць праца­ваць з дзецьмі, у тым ліку ў палявых умовах.

— Ім няма замены — сёння гэта літаральна штучны тавар, наш залаты фонд, — гаворыць Вольга Хазяінава.

Знаёмімся з дырэктарам выхаваўча-аздараўленчага лагера “Пціч” Наталляй Мяржынскай. У яе вялікі вопыт работы са школьнікамі менавіта ў палатачных лагерах, у паходах, дзе яна правяла амаль усё прафесійнае жыццё. Паралельна працавала ў клубе дзіцячага і юнацкага турызму і краязнаўства. “Пціч” — лагер стацыянарны, тут педагог працуе толькі чацвёртае лета.

— Спачатку было нязвычна, — расказвае Наталля Вячаславаўна. — Я ж спецыяліст па дзікіх, палявых умовах, а тут зусім іншая спецыфіка. У гэтым годзе нам пашчасціла мець побач два палатачныя лагеры. Адзін з іх, “Радзімічы”, нават стаіць непасрэдна на нашай тэрыторыі. Дарэчы, тэрыторыя тут — любата! Амаль 4 гектары, сосны, свежае паветра, побач рака Пціч. У госці да нас заходзяць вожыкі, трусы, нават аднойчы бачылі рысь. Дзеці жывуць у вялікім аднапавярховым корпусе — гэта будынак былой школы. Лагер папулярны, тут адпачываюць школьнікі не толькі з Асіповіцкага раёна, але і з Бабруйскага, Калінкавіцкага, з Магілёва.

Ніводны дзень у “Пцічы” не абыходзіцца без пазнавальных, патрыятычных, экалагічных мерапрыемстваў. Сёння тут малыя алімпійскія гульні па матывах грэчаскай міфалогіі. Выхавальнікі крэатывяць: трэба адначасова зацікавіць і заняць дзяцей розных узростаў, з розных лагераў, у якіх да таго ж няма ніякіх гаджэтаў. Добра, што ўмовы дазваляюць: кожны год “Пціч” прыгажэе. Добраўпарадкаванню ўдзяляюць вялікую ўвагу: з’яўляюцца новыя гульнявыя, спартыўныя пляцоўкі, не так даўно пабудаваны спартыўныя трыбуны, ценявыя навесы. У мінулым годзе поўнасцю адрамантавалі харчаблок, у гэтым — замянілі дарожкі, арганізавалі новую пляцоўку для міні-футбола. Хутка тут з’явяцца і новыя трэнажоры, баскетбольныя кольцы. З мерапрыемствамі ў лагер прыязджаюць супрацоўнікі раённага цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Прыходзіць да школьнікаў і айцец Максім са Свята-Панцеляймонава храма ў аграгарадку Дараганава — дзеці заўсёды чакаюць сустрэч з ім.

З прыродай на ты

Зусім іншая карціна ў лагеры “Азімут”, які стаіць у лесе, літаральна за 100 метраў ад “Пцічы”. Тут умовы прыродныя, палявыя.

— Дзеці з “Пцічы” і “Радзімічаў” кожны дзень прыходзяць сюды, каб паглядзець, як мы жывём, паўдзельнічаць у нашых гульнях, — расказвае кіраўнік “Азімута” Аляксандр Карпекін — чалавек, з дзяцінства ўлюбёны ў лес і паходы, прафесійны турыст. — У нас ёсць чаму павучыцца. Наш выхавальнік Сяргей Кутузаў, напрыклад, пару дзён назад праводзіў майстар-клас па спартыўным арыентаванні, зрабіў каляровую карту лесу. Змены ў “Азімуце” вельмі папулярныя, і нядзіўна, бо ў нас тут адначасова і аздараўленне, і знаёмства з турысцкім ладам жыцця, і трэніроўка базавых навыкаў выжывання ў лесе.

Аляксандр Уладзіміравіч дзеліцца з дзецьмі сваім багатым вопытам, право­дзіць для іх заняткі па спартыўным арыентаванні, на паласе перашкод. Сам ён займаецца турызмам з 1986 года. Калісьці пачынаў з турклуба “Гарызонт”, дзе кіраўніком быў вядомы беларускі турыст Юрый Уладзіміравіч Таранкоў, якому хутка споўніцца 72 гады, але не так даўно ён хадзіў у паход у Карэлію. На пытанне, чаму ў першую чаргу павінен навучыцца кожны юны турыст, Аляксандр Карпекін адказвае: дысцыпліне і парадку — гэта самае галоўнае. А потым ужо можна трэніравацца разводзіць вогнішча, ставіць палатку.

Падлеткаў, якіх тут 25, прывуча­юць да самастойнасці. Кожную раніцу — зарадка. Тры поўныя дні за змену яны самі гатуюць сабе ежу. Тут ёсць і летні душ, і баня, і паходныя ўмывальнікі, і палявая кухня. Але галоўнае — актыўныя гульні: невялікі вяровачны гарадок, дартс, валейбол, увечары — песні каля вогнішча. Аляксандр Уладзіміравіч сам піша песні, добра іграе на гітары… Дзеці вельмі задаволены, нават нягледзячы на халаднаватае чэрвеньскае надвор’е.

— Чэрвень сапраўды не парадаваў нас цяплом, але гэта не праблема, — гаворыць Аляксандр Карпекін. — Толькі што мы правялі конкурс малюнкаў да 80-годдзя Перамогі. У нашым штабе-палатцы заўсёды ёсць чым заняцца. І гэта не толькі настольныя гульні ці чытанне кніг, але і набыццё новых сяброў, піянерскія песні і незабыўныя гісторыі.

Роднымі сцежкамі

У лагеры “Радзімічы”, што стаіць на ­ўскрайку лагера “Пціч”, — курс на краязнаўства. Кожны дзень дзеці і падлеткі — а іх тут 24 — вывучаюць гісторыю роднай зямлі. Асіповіцкі раён багаты на выдатныя мясціны, славутасці — гэта храмы і касцёлы, краязнаўчыя музеі, замчышча ў Свіслачы, гістарычныя чыгуначныя станцыі ў Асіповічах і Вярэйцах… Напрыклад, учора “радзімічы” хадзілі на экскурсію “Краявіды малой радзімы”, дзе дзецям расказвалі пра гісторыю вёскі Крынка.

— Збіралі кветкі, назіралі за бусламі — для гарадскіх дзяцей гэта рамантыка! — адзначае кіраўнік лагера “Радзімічы” Аксана Шлапакова. — Але галоўнае, што прыцягвае сюды школьнікаў, — гэта магчымасць пажыць у сапраўдных ваенных палатках, якія былі прадастаўлены нам Асіповіцкай 336-й вайсковай часцю. “Ра­дзімічы” — лагер нерухомы, таму палаткі вялікія, стацыянарныя. І вопыт для падлеткаў незабыўны, асабліва для юнакоў, якія пазней пойдуць у армію. (Усміхаецца.) Такія спартанскія ўмовы для дзяцей — добрая школа жыцця.

Усе тры лагеры ў дзяцей вельмі папулярныя, некаторыя наведваюць іх ужо не першы год.

Дзецям за лета трэба паспець многаму навучыцца, а таксама адпачыць і набрацца сіл на наступны навучальны год, — дадае Аксана Аляксандраўна. —  А калі тры лагеры побач — атрымліваецца адпачынак трайнога дзеяння. Рады, што ў гэтым годзе апынуліся тут усе разам, і спадзяюся, не апошні сезон.

 Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара