“Птушыная” вясна

- 12:29Выхаваўчая прастора

Вясна — час росквіту прыроды і час актыўнага правядзення акцый “Аховы птушак Бацькаўшчыны”. Як даведацца больш пра міграцыю, хто такія кулікі і чаму салавей — індыкатар стану прыроды? Адказы — у вясновых мерапрыемствах найбуйнейшай прыродаахоўнай арганізацыі краіны “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Сустракаем птушак з “Жывой вясной — 2016”

“Жывая вясна” — міжнародны праект, які ставіць за мэту прыцягнуць увагу і павысіць цікавасць дзяцей і дарослых да прыроды і захавання мігруючых птушак. Пачаўся ён 1 сакавіка і прадоўжыцца да 31 мая. Птушкі, якія адлятаюць у вырай, вясной пераадольваюць тысячы кіламетраў на цяжкім шляху дадому. Кампанія дае адказы на пытанні: якія перашкоды сустракаюцца на шляху птушак і як мы можам ім дапамагчы?
Вестунамі “Жывой вясны” выбраны пяць птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел, вясковая ластаўка, зязюля, чорны свіргуль, шчурка-пчалаедка. Кожнае назіранне заносіцца на адмысловую карту на сайце агульнаеўрапейскай кампаніі “Жывая вясна” — www.springalive.net. Людзі з розных краін свету разам складаюць анлайн-карту падарожжаў птушак з выраю на Радзіму. Кожны дзень назіранняў будзе ўсё больш, і паступова карта будзе мяняцца. Так мы зразумеем, калі прыйшла сапраўдная вясна.
— Некаторыя людзі дзівяцца, як адно іх назіранне можа дапамагчы і на што яно ўплывае? Але часта менавіта назіранні не звязаных з арніталогіяй людзей становяцца каштоўнай крыніцай інфармацыі пра міграцыю птушак і змены ў іх штогадовых падарожжах. Давайце разам назіраць, як пералётныя птушкі вяртаюцца дадому! Далучайцеся да нас і далучайце сяброў! Калі дагэтуль вы не захапляліся птушкамі, ніколі не позна пачаць. Дарэчы, вясна для гэтага — самы спрыяльны час, — запрашае супрацоўнік па развіцці арганізацыі “Аховы птушак Бацькаўшчыны” і каардынатар праекта “Жывая вясна” па Беларусі Карына Салавей.Шмат маленькіх аматараў прыроды аб’ядналі школьныя клубы “Крылаты дазор”. Нашы сябры ўжо атрымалі дадатковую інфармацыю пра “Жывую вясну” і адмысловыя табліцы. Цяпер дзеткі разам запаўняюць іх і складаюць свае табліцы вяртання птушак з выраю. Па ўсёй краіне працуе больш за 130 клубаў “Крылаты дазор”. Дзякуючы іх актыўнасці, Беларусь у мінулым годзе апынулася на пятым месцы па колькасці назіранняў у межах “Жывой вясны” сярод 54 краін-удзельніц! Ад Беларусі атрымана больш за 3000 назіранняў!
Стаць сябрамі “Аховы птушак Бацькаўшчыны” і “Крылатага дазора” даволі проста: далучайцеся, атрымлівайце карысныя матэрыялы ў дапамогу пазакласным заняткам, факультатывам, выходзьце на першыя экскурсіі, рабіце домікі для птушак па нашых схемах! І дзяліцеся сваімі поспехамі!

Час лічыць салаўёў

У маі ва ўсіх куточках Беларусі пройдзе акцыя “Салаўіныя вечары з “Аховай птушак Бацькаўшчыны”. Яе кульмінацыя прыпадзе на 14—15 мая, але паслухаць салаўя можна будзе на працягу ўсяго месяца. Акцыя ставіць за мэту дапамагчы захаваць салаўёў: яе ўдзельнікі паведамляюць у мясцовыя адміністрацыі пра месцы пражывання салаўёў, і на гэтых тэрторыях да ліпеня не косіцца трава, бо непакоіць птушак у сезон гнездавання нельга. “Салаўіная карта” — унікальны праект, у межах якога кожны жыхар нашай краіны, які цікавіцца прыродай і любіць птушак, можа стаць адным са складальнікаў адмысловай карты. Як гэта працуе? Калі вы пачулі спевы салаўя, адзначце гэтае месца на карце на сайце “Аховы птушак Бацькаўшчыны”. Такім чынам мы разам зможам падлічыць птушак.
Адзначыць салаўя вы можаце ў любым куточку нашай краіны. Для гэтага трэба знайсці на сайце свой горад ці мястэчка і навесці чырвоны маркер на кропку на карце, дзе вы чулі салаўя. Такі фармат дае магчымасць не толькі самастойна ўносіць свае даныя, але і бачыць на карце месцы, дзе салаўі ўжо спяваюць. Вашы назіранні — добрая падказка для іншых людзей і адказ на пытанне, куды пайсці паслухаць салаўя? У 2015 годзе мы назбіралі 256 “салаўіных” кропак на карце. Колькі будзе ў сезоне-2016, залежыць ад кожнага з нас.

Тураўскі “птушыны аэрапорт”

23 красавіка ў Тураве (Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць) пройдзе ўжо сёмы па ліку фестываль кулікоў. Гэта вялікае свята птушак. Тураўскі луг — тэрыторыя, важная для птушак, мае міжнароднае значэнне. Менавіта тут у сакавіку 2014 года быў пастаўлены абсалютны “птушыны” рэкорд: на 1 кв. км налічылі 200 000 птушак! Мы ганарымся “птушыным аэрапортам” і кожны год стараемся яго падтрымаць: вясной славім кулікоў на свяце ў Тураве, у ліпені-верасні арганізоўваем валанцёрскія летнікі і высякаем хмызнякі, каб вызваліць больш месца для кулікоў і выратаваць пойму Прыпяці, якая зарастае. На фестывалі абяцаем назіранні за кулікамі, гаспадарамі “Тураўскага балоння”, экскурсіі на адзіную ў Беларусі станцыю кальцавання, канцэрт, майстар-класы, гульні для дзяцей. Усё прысвечана “гаспадарам” свята — кулікам — і іх улюбёнаму месцу — рэзервату арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” “Тураўскае балонне”. Завяршыць фестываль канцэрт папулярных беларускіх аўтэнтычных гуртоў.
Акрамя гэтых традыцыйных акцый, можна арганізоўваць сумесныя экскурсіі на прыроду ці далучацца да тых, што праводзіць арганізацыя. Калі вы зробіце цікавы фотаздымак ці заўважыце незвычайную для вас птушку, захочаце даведацца, што гэта за від, ці проста падзяліцца цікавай “птушынай” сустрэчай, зрабіць гэта можна на сайце “Біяразнастайнасць Беларусі” — www.florafauna.by. Рэгіструйцеся, выкладвайце свае фотаздымкі — спецыялісты вам адкажуць на ўсе пытанні! Раптам наступнае арніталагічнае адкрыццё будзе пад вашым прозвішчам?
Запрашайце назіраць за птушкамі і ўсёй прыродай сяброў і сваякоў: разам гэта і весялей, і эфектыўней. Пачніце з двара свайго дома ці з тэрыторыі каля школы. Потым захочацца больш.
Вясна — найлепшы час пазнаёміцца з птушкамі бліжэй. Выкарыстоўвайце кожную магчымасць выйсці ў лес ці поле і сустрэцца з птушкамі: яны непаўторныя!

Вікторыя ЦЕРАШОНАК,
прэс-сакратар ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Фота аўтара.