Уладальніца ордэна Маці Кацярына Васільева, выхавальніца дзіцячага сада № 41 Барысава, не ўяўляе жыцця без дзіцячага шматгалосся — яно акружае яе і дома, і на рабоце. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
“Мнагадзетны” садок
— У мяне пяцёра дзетак — дома, і яшчэ 18 — у садку, — жартуе Кацярына Сяргееўна. — Люблю і сваіх, і чужых, да ўсіх стаўлюся як да родных. З маленства ведала, што стану выхавальніцай. Мяне саму з пялёнак акружалі дзеці — сёстры, браты. І я, і мой муж Юрый — з мнагадзетных сем’яў. Для нас ніколі не было пытання, колькі дзяцей мець. Чым больш — тым лепш! Першую Ксенію нарадзіла ў 18 — з ёй мы разам, як я жартую, атрымлівалі дыплом педагога. Пяты і пакуль што апошні ў нас Андрэй. Ці будзе больш? Як бог пашле… Сынок яшчэ малы, толькі нядаўна пайшоў у “мамін” сад. Дарэчы, у 41-ы сад хадзілі ўсе мае дзеці. І я пасля дэкрэтаў туды вярталася.
Мы сустрэліся з мнагадзетнай маці ў сярэдняй групе сада, дзе яна працуе. Цікава, што тут большасць — дзяўчынкі. Лялькі, каляскі, цацачны посуд — усё гэта інструменты Кацярыны Сяргееўны, якія дапамагаюць ёй выхоўваць у малышках будучых маці.
— Інстынкт мацярынства ў іх ужо яскрава праяўляецца, — гаворыць суразмоўніца. — Якая дзяўчынка не любіць гуляць у лялькі — карміць, апранаць? Я ж вучу іх не толькі бытавым навыкам клопату пра дзіця, але і правільным адносінам да яго — асцярожным, беражлівым. Тлумачу, што дзіця — гэта не лялька, важна не нашкодзіць маленькаму чалавечку, малодшых трэба любіць, абараняць. Расказваю, што такое сям’я і як добра, калі яна вялікая. Мае выхаванцы ведаюць на памяць шмат вершаў пра сям’ю. На ўсе святы абавязкова віншуем татаў, мам, бабуль і дзядуляў — робім паштоўкі, іншыя вырабы. Усе гэтыя прыемныя рэчы звязваюць сям’ю, памнажаюць у ёй любоў. Бацькі нашых дзетак далучаюцца да ўсіх садаўскіх мерапрыемстваў. Дарэчы, мае выхаванкі добра ведаюць калыханкі, спяваюць іх лялькам. І хлопчыкі падпяваюць!
Калі Кацярына Васільева толькі прыйшла працаваць у сад, у яе было трое дзетак і за плячыма Барысаўскі дзяржаўны каледж. Падчас работы тут яна атрымала не толькі вышэйшую адукацыю ў БДПУ, але і ордэн Маці, бо нарадзіла яшчэ дваіх дзяцей.
У дзіцячым садзе № 41 Барысава ў групах — нямала выхаванцаў з мнагадзетных сем’яў.
— Уявіце, у маёй групе большасць выхаванцаў — з мнагадзетных сем’яў, — гаворыць Кацярына Сяргееўна. — Напрыклад, у нашай Ірынкі ў сям’і — чатыры браты і сястрычкі. Яшчэ дома малыя вучацца жыць у згодзе, ведаюць сямейныя традыцыі.
На пытанне, ці адрозніваюцца яе выхаванцы з мнагадзетных сем’яў ад тых, хто ў сям’і адзін, Кацярына Сяргееўна адказвае, што не вельмі. Усе дзеці цэлы дзень разам у садзе, сябруюць сем’ямі, ходзяць адно да аднаго ў госці, гуляюць у двары — прывучаюцца жыць у калектыве з маленства.
У дзіцячым кветніку
Дома мама Каця як ружа ў дзіцячым кветніку — у яе чатыры дачкі і малодшы двухгадовы Андрэй.
— З мужам мы пазнаёміліся, калі мне было 17, а яму 22. Ніхто не верыць, што Юра і пятую хацеў дзяўчынку, але гэта праўда, — усміхаецца мнагадзетная маці. — Нават спачатку спужаўся, калі даведаўся, што будзе хлопчык. А зараз усе вельмі любяць нашага маленькага Андрэя, дзяўчынкі глядзяць за ім не горш за мяне, асабліва старэйшая Ксенія, якая ў 11 класе. Калі Андрэй бяжыць за ёй па вуліцы і кліча: “Мама!” — усе думаюць, што гэта яе малы. Дачок вучу быць самастойнымі з дзяцінства. Яны могуць і кватэру прыбраць, і памыць бялізну, і абед згатаваць. Другая дачка Настасся, яны са старэйшай пагодкі. Затым нарадзілася Вікторыя, а малодшая з дзяўчынак Яўгенія зараз вучыцца ў 4 класе: сёстры ўзялі над ёй шэфства, дапамагаюць з урокамі. Усе ходзяць у сярэднюю школу № 9 Барысава.
Ад 41-га сада да мікрараёна, дзе жыве выхавальніца, 15 мінут пешшу. Дамы прыгожыя, новыя — у 2019 годзе сям’я атрымала тут трохпакаёвую кватэру. Выхавальніца заўважае, што раён “мнагадзетны”. А ў адным пад’ездзе з ёй нават жыве маці шасцярых дзяцей! Васільевы любяць праводзіць вечары разам.
Дзяўчынкі захапляюцца вышываннем, стварэннем карцін з бісеру.
— Яны ў мяне ўседлівыя, цярплівыя, — адзначае маці. — Кім хочуць быць, яшчэ не вызначыліся. Але, без сумнення, жонкі і мамы з іх будуць добрыя. Яны ведаюць, як важна цаніць сям’ю, паважаць бацькоў. Якраз рыхтуемся да 23 лютага: дочкі загадзя выбіраюць падарункі, збіраюць грошы, прыдумваюць, чым парадаваць тату. Ён для іх аўтарытэт, нават ходзяць з бацькам рыбачыць на Бярэзіну. 8 Сакавіка таксама сустракаем разам, любім куды-небудзь з’ездзіць на экскурсію. У Нясвіжскім замку былі некалькі разоў — так ён спадабаўся дочкам. Летам выязджаем на пікнік, на рэчку.
Мацярынская пяшчота
Кацярына Сяргееўна прызнаецца, што ордэн Маці атрымаць было вельмі хвалююча. Ставіцца да яго як да сямейнай каштоўнасці, беражліва захоўвае ў шкатулцы. Лічыць, што многа дзяцей не бывае, а з усімі цяжкасцямі дапамагае справіцца любоў да іх і, вядома, падтрымка мужа і блізкіх. Дзяўчатам раіць мацярынства не адкладваць: дзеткі — гэта радасць, якую разумееш часта толькі тады, калі ўжо трымаеш сваё дзіця на руках.
— Вопыт маці вельмі спатрэбіўся мне ў садзе, — расказвае выхавальніца. — Я тонка адчуваю дзяцей, іх настрой, добра ім ці дрэнна, калі нешта баліць. Ведаю, як супакоіць, пераключыць увагу, зацікавіць гульнёй ці кнігай. А вопыт работы ў дзіцячым калектыве і педагагічная адукацыя дапамагаюць дома са сваімі дзеткамі — вырашыць канфлікт, матываваць дзяцей, навучыць іх добраму.
Зараз Васільевы з дапамогай дзяржавы будуюць у Барысаве другую кватэру. Выхавальніца заўважае, што ад лёсу, напэўна, атрымала ўсе падарункі: цудоўную сям’ю, любімую прафесію.
— Пра што яшчэ марыць? — гаворыць яна. — Хіба толькі пра невялікі домік з участкам: я ж вырасла на зямлі — у маіх бацькоў быў дом у аграгарадку Новыя Доктаравічы на Капыльшчыне. Можа, калі-небудзь і з’явіцца час на свой агарод.
Загадчыца дзіцячага сада № 41 Барысава Анжэла Свяцінская:
— Кацярына Васільева працуе ў нас 10 гадоў, яна прыйшла сюды мнагадзетнай маці — у яе было трое дзетак. Яе любоў да дзяцей перадаецца ўсім выхаванцам — ніхто не застаецца без увагі. У нашым калектыве ёсць яшчэ адна выхавальніца, у якой чацвёра дзяцей, — Кацярына Саковіч. Усіх мам-педагогаў віншуем са святам 8 Сакавіка, разам з дзецьмі робім паштоўкі, дорым музычныя падарункі, п’ём чай.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара