Пётр Пякуцька: «Мы ганарымся даследаваннямі ў галіне хіміі, інфарматыкі і касмічных тэхналогій»

- 10:02Компетентно, Новости

Як зацікавіць студэнцкую моладзь навукай і што рабіць, каб яна заставалася ў ёй? У якіх напрамках працуюць універсітэцкія вучоныя і дзе мы можам пабачыць іх дасягненні? Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі Пётр Пякуцька.

— Пётр Мікалаевіч, як рыхтуюцца навуковыя кадры?

Падрыхтоўка навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі за кошт бюджэту ў сістэме аспірантуры (ад’юнктуры) праводзіцца ў 120 установах адукацыі і арга­нізацыях, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы навукова арыентаванай адукацыі (з іх 26 устаноў адукацыі і арганізацый, падпарадкаваных Мінадукацыі), у сістэме дактарантуры — 74 (з іх 15 устаноў адукацыі і арганізацый, падпарадкаваных міністэрству).

Зараз функцыянуюць 62 саветы па абароне дысертацый у 18 нашых арганізацыях. Агульная коль­касць беларускіх вучоных у аспірантуры складае 1847 чалавек, а ў дактарантуры — 323 чалавекі. У першым паўгоддзі 2023 года ва ўстановах адукацыі і арганізацыях Мін­адукацыі абаронена 14 доктарскіх і 89 кандыдацкіх дысертацый, з іх 16 дысертацый абаронены ў перыяд навучання. Усяго ў падпарадкаваных ведамству ўстановах выкананы 103 дысертацыі.

— У Беларусі значная ўвага ўдзяляецца развіццю айчыннай навукі і падтрымцы маладых вучоных. Давайце пагаворым пра сістэму стымулявання і прыцягнення ў навуковую сферу таленавітай моладзі.

— Штогод праводзяцца адкрытыя конкурсы па прызначэнні стыпендый Прэзідэнта Беларусі таленавітым маладым вучоным і аспірантам. Згодна з распараджэннем кіраўніка дзяржавы, таленавітыя маладыя вучоныя атрымліваюць стыпендыі ў памеры 500 рублёў (у дадатак да іх зарплаты), а аспіранты — крыху больш за 1300 рублёў у месяц.

Каб падтрымаць моладзь, якая дасягнула добрых вынікаў у навукова-даследчай дзейнасці, а таксама для дадатковага стымулявання таленавітых маладых вучоных міністэрства праводзіць штогадовы конкурс навукова-даследчых работ дактарантаў, аспірантаў, саіскальнікаў і студэнтаў. Па выніках леташняга конкурсу ўладальнікамі грантаў сталі 11 дактарантаў, 60 аспірантаў, 25 студэнтаў і 32 студэнцкія калектывы. Усяго для грантавай падтрымкі 128 навукова-даследчых работ было выдзелена 711,6 тысячы рублёў. На 2024 год для грантавай падтрымкі такіх работ прадугледжана 850 тысяч рублёў.

Яшчэ адно спаборніцтва для таленавітай моладзі — Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў. У 2023 годзе прайшоў ХХІХ конкурс з удзелам студэнтаў і выпускнікоў 53 УВА. Яны прадставілі 3067 распрацовак. Званне лаўрэата атрымалі 54 навуковыя работы, 1-ю катэгорыю — 730, 2-ю — 688 і 3-ю — 823 работы.

У 2024 годзе адбудзецца юбілейны, ХХХ Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў, першы этап якога ўжо прайшоў ва ўніверсітэтах.

— У якіх галінах распрацоўкі ўніверсітэцкіх навукоўцаў больш актуальныя сёння?

— У галіне медыцыны, фармацэўтыкі, касмічных і нанатэхналогій, мікраэлектронікі. Такія распрацоўкі ў першую чаргу накіраваны на вырашэнне пытанняў імпартазамяшчэння. Разам з тым трэба адзна­чыць, што правядзенне даследаванняў ва УВА ахоплівае тэматыку ўсіх прыярытэтных напрамкаў навуковай і інавацыйнай дзейнасці краіны.

У сістэме Мі­ніс­тэрства адукацыі функцыянуюць 3 цэнтры трансферу тэхналогій і 7 навукова-тэхналагічных паркаў. У апошніх зарэгістравана 76 рэзідэнтаў. Агульны аб’ём вырабленай імі прадукцыі, работ і паслуг у першым паўгоддзі 2023 года склаў 18,8 млн рублёў. Да таго ж у інтарэсах арганізацый 17 профільных міністэрстваў і ведамстваў створаны 34 галіновыя навукова-тэхнічныя лабараторыі. Па выніках першай паловы мінулага года яны аказалі паслуг на суму звыш 8,5 млн рублёў.

Для інтэграцыі навукі і вытворчасці мы праводзім кааперацыйныя круглыя сталы з галіновымі міністэрствамі і канцэрнамі. Адзін з іх прайшоў з удзелам прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці і канцэрна “Белнафтахім”. У выніку былі падпісаны планы мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва ўніверсітэтаў з арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі.

Каб ва УВА ведалі пра патрэбы прадпрыемстваў па тэхналагічным пераўзбраенні вытворчасцей, намі створаны “Між­галіновы задачнік”. У ім на сённяшні дзень прадстаўлена 178 тэхналагічных запытаў ад 46 прадпрыемстваў. А яшчэ для прасоўвання навуковай прадукцыі УВА выдадзены каталог інавацыйных распрацовак універсітэтаў і навуковых арганізацый Міністэрства адукацыі. Дарэчы, ён накіраваны ва ўсе орга­ны дзяржкіравання.

— Пры Міністэрстве адукацыі каля 4 гадоў функцыянуе савет маладых вучоных. Чаго ён дасягнуў за гэты час?

— Быў пашыраны склад савета, бо першапачаткова ў яго ўваходзілі толькі прадстаўнікі саветаў універсітэтаў нашага міністэрства. А з 2022 года сюды змаглі ўвайсці і іншыя УВА, таму зараз 41 установа вышэйшай адукацыі мае ў ім сваіх прадстаўнікоў.

Савет маладых вучоных пры Мінадукацыі — добрая арганізатарская школа для яе ўдзельнікаў.

Натуральна, што студэнты зараз валодаюць большай інфармацыяй пра спосабы прыходу ў навуку, сутнасць даследчай дзейнасці і пра яе ажыццяўленне, чым 3—5 гадоў назад, калі ўніверсітэцкіх саветаў маладых вучоных не існавала.

Міністэрскі савет маладых вучоных актыўна супрацоўнічае з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам і Нацыя­нальнай акадэміяй навук Беларусі. Так, 2—3 разы на месяц нашы маладыя вучоныя право­дзяць лекторыі для навучэнцаў НДТ, выступаюць кансультантамі і кіраўнікамі навуковых работ юных даследчыкаў. Што тычыцца ўзаема­дзеяння з НАН Беларусі, то савет маладых вучоных традыцыйна прадстаўляе пляцоўку “Універсітэт будучыні” на Фестывалі навукі НАН.

Да таго ж савет арганізоўвае шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю навукі: Рэспуб­ліканскі форум маладых вучоных УВА, Дзень навуковай моладзі, які ўпершыню быў праведзены мінулай восенню на пляцоўцы ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай. Такія мерапрыемствы да­юць школьнікам, студэнтам,
іх настаўнікам і бацькам магчымасць азнаёміцца з перадавымі ўніверсітэцкімі распрацоўкамі і паспрабаваць сябе ў ролі вучонага на інтэрактыўных пляцоўках. У будучыні гэта дапаможа маладым лю­дзям больш упэўнена зрабіць прафесійны выбар.

Дарэчы, у снежні наш савет арганізаваў школу маладога вучонага, якая аб’яднала больш за 150 удзельнікаў. Яны даведаліся пра спосабы і інструменты падтрымкі навукоўцаў, наведалі майстар-класы па прэзентацыі даследаванняў, а таксама атрымалі падрабязную інфармацыю аб эфектыўным выкарыстанні інструментаў ацэнкі арыгінальнасці навуковых работ і абароне правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнас­ці. Правядзенне такой школы садзейнічае развіццю прафесійных кампетэнцый маладых вучоных і павышэнню якасці іх даследа­ванняў.

Яшчэ хочацца нагадаць, што летась распрацоўкі маладых вучоных былі прадстаўлены на выставе “Беларусь інтэлектуальная”, дзе Мінадукацыі выступіла каардынатарам кластара “Прастора мала­дзёжных ініцыятыў”. Універсітэцкія маладыя вучоныя паказалі 37 праектаў — ад распрацовак для прамысловасці, аховы здароўя і медыцыны да вынаходстваў у галіне касмічных і нанатэхналогій.

Так, прадстаўнікі Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ сумесна з навучэнцамі НДТ прэзентавалі тэхналогію вырабу ўпаковачнага біяраскладальнага матэрыялу (плёнкі). Прапанаваная тэхналогія дазваляе атрымліваць трывалую бясколерную або афарбаваную, нетаксічную і біясумяшчальную плёнку з прыродных харчовых палімераў на аснове крухмалу з рознымі смакавымі ўласцівас­цямі.

Маладыя вучоныя ГДТУ імя П.В.Сухога распрацавалі малагабарытны гідрадынамічны пульсатар-кавітатар ПГД-3Мм, які спрыяе павелічэнню прытоку нафты і павышэнню нафтааддачы свідравіны. Між іншым прылада выкарыстоўваецца “Беларуснафтай”. А навукоўцы ВДТУ стварылі палімерныя матэрыялы на аснове адходаў поліўрэтану, прызначаныя для вытворчасці пласцін і падэшваў абутку. Гэтая тэхналогія апрабавана на “Белвесце”. БДТУ разам з Гомельскім хімічным заводам распрацаваў гнуткую малаадходную энергазберагальную тэхналогію, якая забяспечвае атрыманне экспартаарыентаваных комплексных серазмяшчальных угнаенняў з выкарыстаннем розных крыніц фасфатнай сыравіны.

— Якія навуковыя мерапрыемствы сёлета правядзе Мінадукацыі?

— У маі мы плануем правесці ў Брэсце, маладзёжнай сталіцы Беларусі — 2024, ІІІ Рэспубліканскі форум маладых вучоных УВА, а ў кастрычніку паўтарыць школу маладых вучоных.

Яшчэ арганізуем І Рэспубліканскі конкурс “Лепшы малады вучоны года”. Гэта новае мерапрыемства нашых вучоных з БДУ. Спадзяёмся, што яно пройдзе на высокім узроўні і дазволіць павысіць сацыяльны статус маладых вучоных, а таксама прыцягнуць увагу студэнтаў і абітурыентаў да навуковай дзейнасці.

Восенню зноў збіраемся запрасіць на Дзень навуковай моладзі. Мерапрыемс­тва выклікала зацікаўленасць сярод студэнтаў рэгіянальных універсітэтаў, якія мінулай восенню прыехалі ў Наваполацк, прадставілі свае распрацоўкі і наведалі майстар-класы. Такое свята навукі мы працягнем праводзіць менавіта ў рэгіянальных УВА. Бо канцэнтрацыя навуковага патэн­цыя­лу ў сталіцы параўнальна высокая. А вось у рэгіёнах трэба падтрымліваць цікавасць да даследчай дзейнасці.

Плануем правесці і шэраг вузкаспецыялізаваных семінараў-нарад з прарэктарамі па навуковай рабоце для абмеркавання бягучага становішча і распаўсюджвання найлепшых практык арганізацыі навуковай і інавацыйнай работы. Як правіла, кожная такая сустрэча прысвечана разгляду найбольш ак­туальных праб­лем навукова-даследчай дзейнас­ці нашых УВА. Так, сярод пытанняў, якія будуць разгледжаны ў найбліжэйшы час, — дзейнасць галіновых лабараторый пры УВА Мінадукацыі.

Для нас галіновыя лабараторыі — адзін з асноўных механізмаў, што дазваляе камерцыялізаваць распрацоўкі ўніверсітэцкіх вучоных і збліжаць іх з практыкамі, а таксама патрэбамі арганізацый рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы. Зараз рыхтуюцца пэўныя заканадаўчыя навацыі, якія будуць рэгламентаваць дзейнасць такіх лабараторый. Хацелі б давесці гэтую інфармацыю да нашых УВА і абмеркаваць развіццё лабараторый пасля іх прыняцця.

— На што далей будзе накіравана развіццё навукі ў сферы адукацыі?

— Перш за ўсё на ўзмацненне прыкладной накіраванасці і павелічэнне камерцыя­лізацыі навуковых распрацовак. Гэтыя дзве ўзаемазвязаныя задачы дазваля­юць універсітэцкім навукоўцам заставацца ў кантэксце рэальных патрэб эканомікі, а таксама мець фінансавую крыніцу для правядзення даследаванняў.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА