Пётр Шашкоў: школьныя настаўнікі адыгралі вялікую ролю ў маім асобасным і прафесійным станаўленні

- 16:07Путевка в жизнь

Далёка не ў кожнага чалавека атрымліваецца знайсці прафесійнае прызванне. Начальніку аддзела па адукацыі Клімавіцкага райвыканкама Пятру Шашкову гэта ўдалося. На педагагічны шлях Пётр Леанідавіч некалі стаў цалкам свядома. Прыняць лёсавызначальнае рашэнне шмат у чым яму дапамаглі школьныя педагогі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Мая школьная пара завяршылася амаль два з паловай дзесяцігоддзі назад. Але я і цяпер з цеплынёй успамінаю сваіх настаўнікаў. Вучыўся ў сярэдняй школе № 1 Клімавіч. Адзін з галоўных успамінаў пра вучобу — добразычлівасць і чуласць педагогаў. Яны падтрымлівалі, натхнялі, былі прыкладам. Арыенцірам у прафесіі для мяне стала настаўніца гісторыі Валянціна Сяргееўна Баранава. У яе былі неверагодна займальныя ўрокі! Гістарычныя падзеі мы вывучалі ў фармаце казак, адпраўляліся на заняткі ў сапраўдныя падарожжы. Менавіта дзякуючы Валянціне Сяргееўне, выбраў педагагічным профілем гісторыю. З-за ўзросту гэтая нас­таўніца ўжо не выкладае, але мы сустракаемся, падтрымліваем сувязь, — падзяліўся Пётр Шашкоў.

Пётр Шашкоў са сваімі школьнымі настаўнікамі Галінай Ветравай і Уладзімірам Нікалайчанкам

Імкненне да настаўніцтва Пётр Леанідавіч рэалізаваў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова. Студэнтам ён быў актыўным, меў розныя варыянты працаўладкавання, мог застацца ў вялікім горадзе, але вярнуўся на малую радзіму — у Клімавіцкі раён.

— Іншай дарогі для сябе не бачыў. У Клімавічах нарадзіўся і вырас. Заўсёды ведаў, што буду жыць і працаваць на роднай зямлі, бо тут адчуваю сябе на сваім месцы. А магчымасцей для самарэалізацыі ў раёне дастаткова, — падкрэсліў Пётр Шашкоў.

На пасадзе кіраўніка раённай сістэмы адукацыі Пётр Леа­нідавіч штодзень сутыкаецца з мноствам клопатаў і праблем. У яго працоўных буднях рэдка бываюць свабодныя хвіліны. Але, праязджаючы міма 1-й гарадской школы, ён часта знаходзіць час зазірнуць у родныя сцены, пагутарыць з нас­таўнікамі.

— Заходжу сюды з трапятаннем. З гэтымі калідорамі і вучэбнымі кабінетамі звязана столькі яркіх і прыемных падзей дзяцінства, — пераступаючы школьны парог, з усмешкай заўважыў Пётр Леанідавіч.

Сустрэча з вядомым выпускніком — нагода ўспомніць былое і для педагогаў. Зараз у сярэдняй школе № 1 працуюць тры выкладчыкі, якія вучылі Пятра Шашкова. І ва ўсіх толькі добрыя вод­зывы пра яго.

— У 1994 годзе прыйшла ў 1-ю гарадскую школу маладой настаўніцай. Акрамя педагагічнай дзейнасці, узялася і за класнае кіраўніцтва. Пад маю апеку трапіў 5 “В”. У ліку дваццаці трох дапытлівых хлопчыкаў і дзяўчынак быў і Пеця. Ён вылучаўся сярод іншых дзяцей ураўнаважанасцю, спакоем, вытрымкай, але разам з тым валодаў і лідарскімі якасцямі — ініцыятыўнасцю, адказнасцю. У класе ён быў маім памочнікам, адгукаўся на просьбы, пастаянна прапаноўваў нейкія ідэі. Памятаю, калі на рускай літаратуры мы вывучалі “Вайну і мір” Льва Талстога, ён выступіў з прапановай візуалізаваць твор. Прынёс праектар, кінастужкі, і клас гля­дзеў мастацкі фільм па рамане. На школьных мерапрыемствах Пеця нязменна быў у першых радах, быў гатовы выканаць любое даручэнне. Пры ўсёй сваёй занятасці паспяваў заўзята вучыцца, па шматлікіх прадметах быў выдатнікам, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Чубанава.

— А мне запомнілася, што Пеця меў уласны погляд, умеў адстойваць яго. У яго былі ўдумлівыя, разважлівыя сачыненні. А яшчэ ён эмацыянальна, пранікнёна чытаў вершы. І заўсёды задаваў дадатковыя пытанні, хацеў ведаць больш, — расказала нас­таўніца рускай мовы і літа­ратуры Галіна Ветрава.

— Адрознівала Пецю і настойлівасць у дасягненні мэт. Ён меў аўтарытэт сярод аднагодкаў і карыстаўся даверам педагогаў. Рысы характару захаваў і стаўшы дарослым чалавекам. Ён па-ранейшаму тактоўны, дысцыплінаваны, адказны, працавіты, — дадаў настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі Ула­дзімір Нікалайчанка.

Разглядаючы летапіс школы і старыя фатаграфіі, педагогі бесперапынна хвалілі свайго вучня. Словы ўдзячнасці настаў­нікам неаднаразова выказваў і Пётр Шашкоў.

— Бязмерна ўдзячны за веды, выхаванне, падтрымку. Парады педагогаў адыгралі вялікую ролю ў маім асобасным і прафесійным станаўленні, — адзначыў Пётр Леанідавіч.

Паводле яго слоў, вельмі важна, што неабыякавыя да вучняў настаўнікі працуюць ва ўсіх установах адукацыі Клімаўшчыны. Педагогі стараюцца разгле­дзець патэнцыял дзяцей і накіраваць іх здольнасці ў патрэбнае рэ­чышча.

— Ключавой задачай ба­чым падрыхтоўку навучэнцаў да жыцця ў грамадстве. Па гэтай прычыне ў прыярытэце прафесійнае самавызначэнне. Асаб­лівую ўвагу ўдзя­ляем арыентацыі на педагагічныя спецыяльнасці. Калектывы ўстаноў адукацыі ўсведамляюць, што маладыя кадры неабходна ўзрошчваць з сённяшніх вучняў. Для гэтага педагогам трэба ўба­чыць задаткі дзіцяці, матываваць іх, стаць узорам для пераймання, — пад­крэсліў начальнік аддзела па адукацыі.

Зацікаўленасць і неабыякавасць клімавіцкіх настаўнікаў прыносяць плён. Летась звязаць прафесійную будучыню з педагогікай вырашылі 10 выпускнікоў школ. З іх пяцёра заключылі мэтавыя дагаворы, а значыць, зусім хутка навучальныя ўстановы раёна папоўняцца маладымі спецыялістамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара