Работа журналіста — адна з самых захапляльных у эмацыянальным плане. Яна штодзень напоўнена новымі сустрэчамі, знаёмствамі, некаторыя з якіх пакідаюць у жыцці асаблівы след.
Адной з апошніх такіх падзей для мяне быў удзел у Рэспубліканскім краязнаўчым форуме педагагічных работнікаў. Я вельмі ўражана. Якія яркія ў нас педагогі!
Чаго толькі варта Людміла Нікіціна з аграгарадка Заронава, што на Віцебшчыне. Гэта цудоўны прыклад педагога, якая за 47 гадоў у прафесіі не страціла шчырага задавальнення ад работы і зносін з дзятвой роднага краю. Гэтыя зносіны насычаны мацярынскім клопатам. Не першы год вядомая акцыя “Ноч у музеі” для яе выхаванцаў праводзіцца з нацыянальным каларытам. Стравы выключна беларускай кухні для святочнай вячэры яны гатуюць разам з педагогам, а прачынаючыся з сонейкам у незвычайнай музейнай прасторы (!), робяць прывычныя для ранішняга меню кожнага беларуса блінцы. Прычым у печы! У інтэрактыўнай форме дзеці далучаюцца да нацыянальных традыцый. З такой жа цікавасцю яны ўдзельнічаюць у распрацаваных педагогам народных святах на працягу ўсяго навучальнага года.
Згаданы форум, які адбыўся ў горадзе над Нёманам, доўжыўся не адзін дзень. Але стомленасці не выклікаў, бо кожны з прадстаўленых праектаў — вынік работы, якая ідзе ад сэрца. Таму і расказваюць іх аўтары аб гэтым лёгка і цікава.
Прыемна, што палосы “Настаўніцкай газеты” ўпрыгожваюць матэрыялы менавіта пра такіх настаўнікаў. Гэта людзі, апантаныя тым, што робяць, яны шчыра захапляюцца сваёй справай, дзецьмі. І, канечне, “Настаўніцкай”! Вельмі прыемна было бачыць у кабінеце дырэктара гімназіі № 2 Ваўкавыска Аляксандра Лічыка побач з дыпломамі і ўзнагародамі ў рамцы пад шклом першую паласу нашай газеты, якая ў рукі чытача трапіла 6 гадоў назад… На ёй — малады дырэктар установы адукацыі, работа якога стала нагодай для напісання артыкула.
Падчас Рэспубліканскага краязнаўчага форуму
Улюбёная ў сваю справу настаўніца фізічнай культуры і здароўя Тамара Крамнік з сярэдняй школы № 2 Слоніма напрыканцы размовы здзівіла сапраўды вялікай калекцыяй газетных старонак, прысвечаных яе вопыту работы. Асаблівае месца сярод іх займае і “Настаўніцкая”.
Упэўнена, прыкладаў такіх педагогаў дастаткова ў кожным рэгіёне. Прыемна праз артыкулы дакранацца да іх спраў, як і асэнсоўваць безумоўнасць зваротнай сувязі… Так, падчас знаёмства з дырэктарам Гнезнаўскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна Наталляй Кароль размова пачалася з успамінаў пра нядаўні візіт аднаго з маіх калег. Вынікам таго візіту стаў артыкул, які ў невялікай сельскай школе чыталі ўсе разам. Чыталі і плакалі, бо, як і кожны журналіст у Дзень друку, паглядзелі на сваю работу нібы збоку. І чарговы раз упэўніліся: робім важную справу, шчыра і ад душы!
Фота аўтара