Работа мары: Настасся Краснова маладым спецыялістам прыйшла ў родную дашкольную ўстанову – Улукаўскі дзіцячы сад

- 15:18Гомельская область, Первое рабочее место

У дзяцінстве маленькая Насця Краснова з радасцю наведвала Улукаўскі дзіцячы сад Гомельскага раёна, а зараз дарослая Настасся Міхайлаўна ўпэўнена пераступае парог роднай дашкольнай установы ў якасці маладога спецыяліста. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З гераіняй публікацыі ўдалося пазнаёміцца выпадковым чынам, хаця наўрад ці ўсё ў нашым жыцці выпадкова… На вочы трапіўся цікавы здымак, а яго гісторыя вельмі ўразіла. На фота — маленькая выпускніца Насцечка з прыгожай прычоскай, у неверагодна шыкоўнай сукенцы і з цудоўнай усмешкай і педагог Улукаўскага дзіцячага сада Марына Зімніцкая. У чым жа неардынарнасць фота? Адразу факт: Настасся Міхайлаўна выдатна ладзіць з выхаванцамі, натхніўшыся прыкладам Марыны Іосіфаўны, і пачынае свой шлях у прафесіі ў дашкольнай установе, якую ведае і лю­біць з дзяцінства. Скончыўшы Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага, выхавальніца працягвае прафесійна расці — вучыцца на завочным аддзяленні Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна.

— Па аповедах мамы, я кожную раніцу не тое што спяшалася, а бегла ў дзіцячы сад. А вось забіраць мяне дадому з групы да­водзілася з угаворамі, настолькі мне ўсё тут падабалася, — расказвае пра цёплыя дзіцячыя ўспаміны малады спецыяліст. — Яшчэ памятаю, што заняткі па матэматыцы былі самымі цікавымі. Ну і, вядома, душы не чула ў сваёй выхавальніцы Марыне Іосіфаўне.

— Як лічыце, выбар прафесіі — збег акалічнасцей ці добра вывераны крок?

— З дзяцінства марыла стаць педагогам, хацела быць падобнай на сваю першую выхавальніцу, якая прыходзіла на работу да нас, някемлівых малышоў, з натхненнем і любоўю да сваёй справы. Цяпер Марына Іосіфаўна працуе ў іншай дашкольнай установе, але, нягледзячы на гэта, мы працягваем падтрымліваць цёплыя зносіны. Яна заўсёды цікавіцца маім лёсам, у прафесійных пытаннях дапамагае парадай. Калі яна даведалася, што прыйду працаваць маладым спецыялістам у родны сад, была вельмі рада за мяне.

— Вашым выхаванцам расказваеце, што калісьці і вы гулялі тут, у альтанцы, будавалі замкі ў пясочніцы, удзельнічалі ў ранішніках?

— Вядома, расказала маленькім непаседам, што і сама калісьці была актыўным і дапытлівым дзіцем, паказала ім усе цікавыя лакацыі ў садзе. Прызнацца, прайшло ўжо столькі гадоў, а я да гэтага часу памятаю чароўны пах са сталовай: курыныя катлеты былі самымі смачнымі.

— Ці ў захапленні вы ад работы?

— Чаканне і рэальнасць цалкам супалі. З калектывам і дзецьмі пазнаёмілася яшчэ падчас практыкі. Мне падабаецца бавіць час з маленькімі чамучкамі, і калектыў тут добры. Кіраўнік установы Ала Журава — чалавек з душой. Калегі дапамагаюць заўсёды і ва ўсім. Вельмі ўрачыста прайшоў раённы педагагічны савет, на які запрасілі ўсіх навічкоў у прафесіі, пазнаёмілі з педагогамі, уручылі прэзенты. За кожным маладым спецыялістам, у тым ліку і за мной, замацавалі настаўнікаў — вопытных педагогаў. Я не саромеюся звярнуцца па параду і падтрымку да выхавальніцы дзіцячага сада Яніны Івановай. Нядаўна ўдак­ладняла ў яе некаторыя моманты вядзення дакументацыі.

— Ці ёсць у групе малышы, якіх, як і вас у дзяцінстве, не дазвацца дадому?

— Ёсць дзеці, якім складана раніцай расставацца з мамай на некалькі гадзін. Усяляк імкнуся пераключыць іх увагу, далучаю да гульняў. Шмат хлопчыкаў і дзяўчынак, якія не хочуць ісці вечарам дадому, нагадваюць мяне маленькую. Хто ведае, магчыма, расце будучая змена настаўнікаў і выхавальнікаў.

— Якімі якасцямі, а можа, нават суперздольнасцямі павінен валодаць выхавальнік?

— Шпаркасць, спрыт, разуменне. Думаю, гэта ключавыя якасці. Заўсёды стараюся знайсці з дзецьмі кампраміс. Сёння ў маёй групе выхоўваюцца 14 дзяцей ва ўзросце 5 гадоў.

Для кожнага дзіцяці я не проста выхавальнік, але і сябар. Да маленькіх сэрцаў імкнуся беспамылкова падабраць пароль.

Мае выхаванцы старанна займаюцца, удзельнічаюць у розных актыўнасцях, ядуць з апетытам і добра адпачываюць падчас ціхай гадзіны. Пасля сну для дзяўчынак уладкоўваю цырульню, мне падабаецца заплятаць ім коскі, каласкі і рабіць прычоскі з мноства хвосцікаў.

Без любові да дзяцей у маёй прафесіі немагчыма. Часам сама дзіўлюся, адкуль ува мне столькі пачуццяў да няўрымслівых, але такіх пацешных вечных рухавікоў жыцця. Вядома, быць выхавальніцай няпроста, бо працаваць даводзіцца і з малымі, і з іх мамамі і татамі. Аднак пасля першага праве­дзенага мной бацькоўскага сходу ніякіх цяжкасцей ва ўзаемаразуменні з дарослымі не ўзнікла.

— Здаецца, вы настолькі прыкіпелі да ўстановы, калег, дзяцей, што можна і не пытацца, ці плануеце працягнуць шлях у прафесіі…

— Несумненна, планую і далей прафесійна расці, развівацца, працуючы ў родным дзіцячым садзе. Дарэчы, на абласной нарадзе педагагічных работнікаў наш сад быў прызнаны найлепшым на Гомельшчыне сярод сельскіх дашкольных устаноў. Тут сапраўды працуюць самыя адказныя, творчыя, мэтанакіраваныя спецыя­лісты, людзі з вялізным патэнцыялам. Дзіцячы сад мае сваю гісторыю, уласны почырк, заслужаную шматгадовую рэпутацыю. А дзякуючы ўзаемадзеянню вопытных і маладых педагогаў, патэнцыял установы толькі пашы­раецца.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва Н.КРАСНОВАЙ