Работа над памылкамі

- 16:33Авторские колонки, Мнение

Наталля СТЭЛЬМАХ

 

 

 

 

 

У Беларусі 28 студзеня 2023 года прайшоў рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен для вучняў 11-х класаў. Вынікаў экзамену з хваляваннем чакалі ўсе: і школьнікі, і настаўнікі, і бацькі. Я як мама адзінаццацікласніка таксама адчуваю ўсе трывогі выпускнога года ў школе.

Рэпетыцыйны экзамен прайшоў, вынікі атрыманы, высновы зроблены. Даведаўшыся вынікі ЦЭ, адзінаццацікласнікі змаглі прааналізаваць свае недахопы ў ведах. Да мая ёсць час зрабіць работу над памылкамі. І, напэўна, у першую чаргу работу над памылкамі трэба зрабіць дарослым — бацькам і настаўнікам. Вельмі многія бацькі перад здачай ЦЭ перажывалі і непакоіліся больш, чым самі дзеці, і тым самым перадавалі свой настрой дзіцяці. Сябар майго сына расказваў, што больш за ўсё баяўся атрымаць дрэнны вынік толькі з-за рэакцыі бацькоў. І, адказваючы на пытанні падчас экзамену, думаў толькі аб тым, што будзе дома, калі вынік не задаволіць маму і тату. Як у такой сітуацыі, з такім грузам адказнасці дзіця можа засяродзіцца на самім працэсе здачы экзамену?

Многія бацькі, убачыўшы не лепшы вынік па ЦЭ, імкнуцца ахапіць неабсяжнае — запісваюць дзяцей на разнастайныя курсы, да рэпетытараў, дома кожную свабодную хвіліну дзіця сядзіць за падручнікам. Такая рэакцыя не будзе садзейнічаць прадукцыйнай падрыхтоўцы. У такой сітуацыі правільней будзе спакойна разабрацца ў памылках, якія дапусціла дзіця, і астатні час працаваць над іх выпраўленнем. Але не ствараць для дзіцяці ўмовы, як у вядомай песні: “Толькі наперад, ні кроку назад”. За 2 месяцы дзіця можа перагарэць ад такога напружання і да моманту здачы ўжо не рэпетыцыйнага экзамену падысці цалкам знясіленым.

Ведаю шмат прыкладаў, калі бацькі пачалі абвінавач­ваць сістэму падлікаў балаў. Але, як правіла, не задаволены тыя, у каго нізкія вынікі. Ніхто не сказаў: “У нас высокі вынік, але я не згодны. Нам няправільна палічылі”.

“Адзнака за рэпетыцыю цэнтралізаванага экзамену нікуды не пойдзе, настаўнікі не будуць яе выстаўляць у журнал ці куды-небудзь яшчэ. Гэтая адзнака патрэбна толькі самому навучэнцу для вызначэння свайго ўзроўню падрыхтоўкі па прадмеце”, — яшчэ перад пачаткам экзамену папярэджвала Міністэрства адукацыі. Добра, калі гэта пачулі і прынялі да ведама ўсе настаўнікі. Мы можам зразумець і іх напружанне, і хваляванне за сваіх вучняў, за свой прадмет, але недапушчальныя выпадкі, калі нізкі вынік здачы рэпетыцыйнага ЦЭ адаб’ецца на далейшай вучобе дзіцяці і на стаўленні да яго настаўніка.

Што ж кажуць самі дзеці, якія іх уражанні? Прайшоўшы гэты іспыт са сваім сынам, я магу з упэўненасцю сказаць, што вельмі многае залежыць менавіта ад спадзяванняў бацькоў і настаўнікаў, ад атмасферы ў сям’і і адэкватнасці рэакцыі дарослых на вынік.

Многія дзеці рыхтаваліся старанна, штудзіравалі пад­ручнікі, паўтаралі пройдзены матэрыял. Іншыя абсалютна не рыхтаваліся і разглядалі рэпетыцыйны экзамен як магчымасць убачыць працэс знутры, зразумець механізм правядзення ЦЭ, паглядзець на ўзровень складанасці тэставых заданняў і на сваю рэакцыю на іспыт.

Мой сын сказаў, што зусім не перажываў ні перад самім экзаменам, ні падчас яго, бо не разглядаў рэпетыцыю ЦЭ як праверку ведаў на гэтым этапе. Ён разглядаў іспыт як добры вопыт. Пры здачы экзамену ў маі ён будзе адчуваць сябе спакайней, не баючыся перахвалявацца і заблытацца, паколькі працэс яму ўжо знаёмы. Галоўнае, што варта зрабіць напярэдадні экзамену, — гэта добра выспацца і раніцай паснедаць.

У час, які застаўся да здачы першага экзамену ў маі, хочацца параіць бацькам і дзецям не зацыклівацца на атрыманым выніку, атрымаць з сітуацыі толькі станоўчы вопыт. Любы дрэнны вынік ёсць час палепшыць, падцягнуць тэмы, у якіх дзіця адчувае сябе няўпэўнена. А тым, хто атрымаў высокі бал, не расслабляцца і не перагарэць ад поспеху.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА