Прадстаўнікі Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” пабывалі ў прэс-туры па Віцебскай вобласці. Спектр тэм прадстаўленага вопыту ўстаноў адукацыі быў вельмі шырокі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У гімназіі № 1 Оршы імя Г.В.Сямёнава журналістам расказалі аб грамадзянска-патрыятычным выхаванні. З 2001 года тут дзейнічаюць кадэцкія класы, якія пасля сталі ваенна-патрыятычнымі, наладжана супрацоўніцтва з МНС.
— Мы падрыхтавалі шмат выпускнікоў, якія звязалі сваё жыццё з сілавымі структурамі, — адзначыла дырэктар гімназіі Наталля Кохава. — Зараз у нашых 10—11-х класах працуюць групы педагагічнай, ваенна-патрыятычнай і інжынернай накіраванасці. У сакавіку 2024 года сумесна з аддзелам па надзвычайных сітуацыях быў створаны ваенна-патрыятычны клуб “Памяць”, які ўзначаліў Дзмітрый Каліноўскі. У яго ўваходзяць 37 вучняў, пачынаючы з 5 класа. Нядаўна наш клуб заняў 1-е месца ў раённым марафоне ваенна-патрыятычных клубаў “Мы — маладыя — надзея краіны…”. Ва ўстанове працуе гарадскі цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з авіяцыйным факультэтам Ваеннай акадэміі.
У выхаваўчай рабоце шырока выкарыстоўваецца патэнцыял музея Працоўнай славы Оршы і музейных куткоў “Літаратурная Аршаншчына” і “Беларуская хатка”, якія створаны ў гімназіі. У пакоі дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый гімназісты расказалі пра цікавыя праекты і добрыя справы, у якіх яны ўдзельнічаюць.
Гімназія № 2 Оршы наладзіла супрацоўніцтва з Кітаем. У 2019 годзе падпісаны адпаведны дагавор з эксперыментальнай вышэйшай школай горада Ціндаа. За гэты час колькасць гімназістаў, якія вывучаюць мову Паднябеснай, павялічылася з 5 да 50. Ульяна Койда была пяць разоў удастоена прэміі пасла КНР за высокія вынікі ў вывучэнні кітайскай мовы і атрымала перамогу ў міжнародным конкурсе “Мост кітайскай мовы”. Зараз дзяўчына вучыцца ва ўніверсітэце Цінхуа ў Пекіне (спецыяльнасць “Камп’ютарныя навукі і тэхналогіі”) па абмене ў рамках рэалізацыі пагаднення паміж урадамі Беларусі і Кітая аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі.
— Відэаканферэнцыі, анлайн-урокі, майстар-класы, відэавіншаванні сталі асноўным спосабам зносін з замежнымі сябрамі, — паведаміла настаўніца кітайскай мовы Таццяна Палхоўская, якая двойчы станавілася лаўрэатам прэміі пасла КНР у Беларусі. — Нядаўна на анлайн-уроку “Сем нот дружбы” вучні азнаёміліся з традыцыйнымі музычнымі інструментамі Беларусі і Кітая. Нашы гімназісты прадставілі кітайскім равеснікам цымбалы, домру, балалайку, жалейку, лыжкі і нават сыгралі на іх. Школьнікі з Ціндаа расказалі пра старажытны інструмент — кітайскую цытру, сыгралі на ёй дзіўную мелодыю, спелі і станцавалі ў традыцыйных касцюмах ханьфу.
Сёлета дэлегацыя гімназіі на чале з дырэктарам Ларысай Сініцынай неведала Кітай. У ходзе візіту было падпісана пагадненне аб працягу супрацоўніцтва са школай Ціндаа.
Гімназія таксама ўдзельнічае ў праекце “Асацыіраваныя школы ЮНЕСКА”, падтрымлівае сувязі са 136-й школай Санкт-Пецярбурга і з’яўляецца філіялам кафедры педагогікі і псіхалогіі МДЛУ.
— Праз здароўе да патрыятызму — такі дэвіз сярэдняй школы № 4 Оршы, — адзначыла яе дырэктар Ірына Афіцэрава. — Спецыфіка нашага мікрараёна ў тым, што тут шмат сацыяльных дамоў, і сваіх вучняў мы актыўна далучаем да фізкультуры і спорту, здаровага ладу жыцця. З гэтым цудоўна спраўляюцца настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Яўген Анжэнка і Адэліна Зірчанка.
У 2019 годзе на тэрыторыі школы пабудавалі сучасны стадыён са штучным пакрыццём, футбольным полем, баскетбольнай і гульнявой пляцоўкамі. Тут праводзяцца раённыя спартыўныя мерапрыемствы. Каля 25 працэнтаў вучняў займаюцца ў школьных аб’яднаннях па інтарэсах спартыўнай накіраванасці, выбіраюць валейбол і лёгкую атлетыку. На базе 1—2 класаў рэалізуецца сацыяльна-спартыўны праект “Гуляем у футбол”. Займаюцца з вучнямі і трэнеры са спарткомплексу “Лядовая арэна”, сфарміраваны групы па шорт-трэку і хакеі. Побач са школай знаходзіцца СК “Алімпіец”, на базе якога адкрыта група па занятках боксам. Да таго ж у школе функцыянуе ваенна-патрыятычны клуб “Вымпел” пад кіраўніцтвам Наталлі Ясючэні сумесна з Аршанскім аддзелам дэпартамента аховы МУС.
Раскрыць здольнасці
Адметная сістэма работы з адоранымі вучнямі склалася ў сярэдняй школе № 13 Оршы імя І.І.Якубоўскага.
Выяўляюць такіх дзяцей з 1 класа на аснове назіранняў, вывучэння іх псіхалагічных асаблівасцей і мыслення. Для кожнага распрацоўваюцца індывідуальныя планы работы, ажыццяўляецца дыферэнцыраваны падыход на ўроках, факультатывах, падчас прадметных тыдняў. Заняткі часта праводзяцца ў форме сеткавага ўзаемадзеяння, калі лепшыя вучні розных школ раёна разам мэтанакіравана рыхтуюцца да алімпіяд.
Найлепшыя вынікі ў гэтым кірунку дэманструюць настаўнікі працоўнага навучання Леанід Фінкін і Інга Філіпчанка. Іх выхаванцы — тры вучаніцы і трое вучняў — сталі пераможцамі заключнага этапу алімпіяды. На абласным узроўні хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі 33 дыпломы.
— Алімпіяда па працоўным навучанні адна з самых складаных, — лічыць Леанід Барысавіч. — Вучні павінны валодаць ведамі па фізіцы, матэматыцы, чарчэнні, хіміі, біялогіі, а таксама творчымі здольнасцямі. Дзеці павышаюць сваё майстэрства падчас выканання праектных заданняў, дзе сабраны асобныя тэхналагічныя аперацыі, а іх паэтапнае выканне прыводзіць да вырашэння праектнай задачы.
— Дзяўчынкі прыходзяць да мяне ў 5 класе. Я прыглядаюся да іх, а яны да мяне, — адзначае Інга Уладзіміраўна. — І ўжо падчас праходжання тэмы “Упрыгожвальныя швы” можна заўважыць будучыя залатыя ручкі. Ці стануць дзяўчынкі сапраўднымі майстрыхамі? На гэта патрэбны час і жаданне саміх вучаніц. Мая ж задача — стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для раскрыцця іх здольнасцей.
Акрамя таго, школа можа пахваліцца значнымі вынікамі работы па рускай мове і літаратуры, спартыўнымі і творчымі дасягненнямі.
Прафесіі большасці бацькоў вучняў сярэдняй школы № 12 Оршы звязаны з чыгункай. Таму тут рэалізуецца праект “Дарогі, якія мы выбіраем” у супрацоўніцтве з ДАІ, а таксама арганізацыямі і прадпрыемствамі чыгункі.
— У 2023/2024 навучальным годзе была адкрыта група чыгуначнай накіраванасці, дзе займаюцца 12 вучняў, а ў бягучым годзе створана яшчэ адна такая група на базе 10 класа, — расказала дырэктар Алена Кудраўцава. — Пры адборы ўлічваліся поспехі дзяцей па матэматыцы і фізіцы, бо гэтыя прадметы яны вывучаюць на павышаным узроўні. Таксама вучні наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў прафесіі чыгуначнага транспарту” на базе каледжа чыгуначнага транспарту ў Оршы. Будучыя работнікі чыгункі прымаюць удзел у злётах навучэнцаў транспартных класаў, днях адкрытых дзвярэй ва ўніверсітэце транспарту, наведваюць прадпрыемствы мясцовага чыгуначнага вузла, дзе назіраюць за работай іх супрацоўнікаў.
Падчас прэс-туру адбылася сустрэча карэспандэнтаў з начальнікам упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Таццянай Янкоўскай. Ёй быў уручаны дыплом за 3-е месца ў конкурсе на лепшую арганізацыю падпіскі на “Настаўніцкую газету” і іншыя друкаваныя СМІ Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” сярод устаноў адукацыі краіны за другое паўгоддзе 2024 года.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Ігара ГРЭЧКІ