Радасць пазнання і спорту

- 10:33Адукацыйная прастора, Віцебшчына

На карце культурна­спартыўнага фестывалю “Вытокі. Крок да Алімпу” з’явіўся Полацк.

Адукацыйныя праекты, майстар-класы вядомых педагогаў, спартсменаў і народных майстроў, знаёмства з гістарычна-культурнай спадчынай і прамысловым патэнцыялам Полацкага раёна, патрыятычныя акцыі, прэзентацыі вядучых брэндаў, конкурсы, віктарыны, спаборніцтвы, флэш-мобы і канцэрты — насычаныя яркімі па­дзеямі фестывальныя дні падарылі незабыўныя ўражанні і аб’ядналі людзей розных пакаленняў. 

У ходзе фестывалю кіраўнік НАК Віктар Лукашэнка наведаў шэраг спартыўных аб’ектаў і ўстаноў адукацыі і ўрачыста ўручыў старшыні Полацкага райвыканкама Ігару Марковічу сертыфікат на 100 тысяч рублёў для развіцця спартыўнай інфраструктуры. “Падарунак дапаможа ўзгадаваць новых алімпійскіх чэмпіёнаў”, — паабяцаў у адказ кіраўнік раёна. 

Адной з галоўных лакацый свята быў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Сімвалічна, што новы навучальны год у Год гістарычнай памяці ён сустрэне з імем святой Ефрасінні Полацкай: зусім нядаўна ПДУ прысвоена імя знакамітай палачанкі, вобраз якой стаў маральным арыенцірам і сімвалам духоўнай сілы нацыі. 

Знакавымі старонкамі ўвайшлі ў летапіс першага дня фестывалю патрыятычная акцыя ў мемарыяльным комплексе памяці ахвяр фашызму “Урочышча Пяскі”, урокі па набіванцы і маляванцы ад майстроў гарадскога Дома культуры, канцэрт арганнай музыкі ў выкананні Валерыя Шмата.

У гэтыя дні на базе ПДУ прайшлі два буйныя семінары. Прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Вышэйшай школы трэнераў, спартыўных арганізацый і ўстаноў Віцебскай вобласці ў фармаце адкрытага дыялогу абмеркавалі падрыхтоўку спартсменаў, актуальныя пытанні і шляхі іх вырашэння. Для намеснікаў дырэктараў, кіраўнікоў па фізічным выхаванні, настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя ўстаноў да­школь­най і агульнай сярэдняй адукацыі Віцебшчыны па ініцыятыве Беларускай алімпійскай акадэміі быў арганізаваны семінар-практыкум “Выкарыстанне патэнцыялу алімпійскага руху ў фарміраванні каштоўнасных арыентацый і нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей і моладзі”. Яго ўдзельнікі — у дзвюх секцыях працавала каля 200 чалавек — падзяліліся вопытам укаранення ў вучэбны і выхаваўчы працэс алімпійскай адукацыі, кіраўніцкай і адукацыйнай дзейнасці, падрыхтоўкі кадраў, рэалізацыі праектаў і правядзення мерапрыемстваў, іх навукова-метадычнага і медыцынскага забеспячэння. Паспяховыя практыкі і аўтарскія напрацоўкі прэзентавалі полацкія педагогі — кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-
сада № 27 Наталля Варажцова, дырэктар сярэдняй школы № 10 імя У.М.Азіна Ларыса Суханава і настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 16 Святлана Рыбачонак. 

На другі дзень з раніцы ў цэнтры Полацка разгарнуліся пляцоўкі больш як па 20 відах спорту, дзе моладзі прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў алімпійскім квесце. Тых, хто прайшоў акрэдытацыю на старце і сабраў 15 адзнак-стыкераў за выканананне тэматычных заданняў, на фінішы чакаў прыемны сюрпрыз: бесправодная калонка. Між іншым не ўстаялі перад спакусай паўдзельнічаць у квесце нават маскот мінскага “Дынама” Зубрык і талісман зборнай Беларусі Волат. Сваімі свавольствамі названыя персанажы — любімцы публікі — запомніліся на кожным этапе фестывалю. На гэты раз абодва вытрымалі квест, што далося ім, відавочна, няпроста, і выйгралі заслужаныя падарункі. Побач працавалі фуд-корты, горад майстроў, выстава-продаж “Беларускія брэнды”, зона сямейнага адпачынку. Адметны факт: “Вытокі” выйшлі на міжнародны ўзровень. Упершыню свае лакацыі прадставілі расійскія гарады-пабрацімы Полацка — Вялікі Ноўгарад і Вялікія Лукі. Акрамя таго, удзел прынялі дэлегацыі Себежа і Пскова.

Актыўна далучыліся і ўстановы адукацыі горада і раёна. Напрыклад, у скверы Рамана Кандра­ценкі асаблівую ўвагу дзятвы і бацькоў прыцягваў пазнавальны інтэрактыў з мультыбордам, робатамі, дыдактычнымі гульнямі і анімацыйнымі персанажамі на пляцоўцы ясляў-
сада № 32 — абсалютнага пераможцы рэспубліканскага фестывалю ­“Бяспечнае дзяцінства”. 

Непадалёк помніка героям Айчыннай вайны 1812 года прахо­дзіў шахматны турнір. Дружная каманда гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны і раённага цэнтра дзяцей і моладзі запрашала да ўдзелу не толькі спрактыкаваных аматараў шахмат, але і людзей, зусім не знаёмых з гэтай гульнёй: экспрэс-навучанне прапаноўвалі прама па месцы дзеяння. Нельга не адзначыць і папулярную пляцоўку цэнтра дзяцей і моладзі па кіберспорце. Гэтым летам сумесна з Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам установы адукацыі Полаччыны падрыхтавалі тэматычную выставу, прысвечаную генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Побач педагогі і навучэнцы сярэдняй школы № 1, Ветрынскай сярэдняй школы імя Д.В.Цябута і Мацюшэўскага дзіцячага сада-базавай школы імя П.Е.Купрыянава разам з прадстаўнікамі Полацкага дзярж­універсітэта прэзентавалі гісторыка-адукацыйны праект “Полацкі рубеж” і рэалізаваны ў яго межах VR-праект “Гераічны дот”. Звыш 100 работнікаў адукацыі Полацкага раёна паўдзельнічалі ў дабрачынным лёгкаатлетыч-
ным забегу “Кіламетры дабра”.

Бліжэй да вечара беларускія дызайнеры, прадпрымальнікі і вытворцы (сярод якіх нароўні з прафесіяналамі выступілі пачаткоўцы з устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебскай вобласці) паказалі калекцыі адзення праекта “Роднае — моднае”. Падчас шоу на сцэне змянілася каля 100 стыльных вобразаў! Наступным акордам свята прагучаў конкурс маладых выканаўцаў. Па яго выніках сярод вакалістаў ва ўзросце 12—16 гадоў лепшай журы прызнала сямікласніцу Навасёлкаўскай сярэдняй школы імя А.А.Валодзькі Злату Ярашэвіч; сярод 17—30-гадовых перамагла выпускніца Варапаеўскай сярэдняй школы (сёння студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры) Ірына Іршонак. Музычны марафон працягнулі артысты беларускай эстрады, а завяршыў фестывальнае дзейства феерверк. Фінал другога сезона “Вытокаў” 26—27 жніўня прыме Капыль. 

Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка: “Полацк за апошні год не быў абдзелены рознымі фестывалямі і мерапрыемствамі, канцэртамі ды іншымі падзеямі, аднак мы не маглі не заехаць з “Вытокамі” да вас у госці. Бо полацкая зямля з’яўляецца вытокам усёй дзяржаўнасці, усяго беларускага, што мы маем на сучасным этапе”.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін: “Самы старажытны, самы насычаны гістарычнымі па­дзеямі горад нашай краіны — менавіта тут пачалася і склалася наша дзяржава. Таму правільна, што гэтая алімпійская эстафета дайшла і да нас”.

Рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя ­Ефрасінні Полацкай Юрый Раманоўскі: “Традыцыі, сфарміраваныя ва ўніверсітэце, вельмі важныя. Наша незалежнасць якраз і трымаецца на традыцыях. Калі мы іх працягваем і плённа развіваем, то гэта заўсёды вялікае дасягненне. З пункту погляду адукацыі паняцце алімпу — гэта найперш магчымасць рэаліза­ваць свае здольнасці. І менавіта гэта — адзін з галоўных пасылаў, якія мы даём сваім студэнтам. Для кагосьці алімпам стануць дасягненні ў якасці спецыяліста, чые распрацоўкі прызнаюць ва ўсім свеце, а для кагосьці — самарэалізацыя ў любімай прафесіі, атрыманне задавальнення ад патрэбнай людзям працы, гордасць за яе”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена
ўпраўленнем па адукацыі
Полацкага райвыканкама.