Рамонт школ, кадры, выхаванне: акцэнты калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама

- 12:23Новости

Падрыхтоўка да новага навучальнага года, функцыянаванне прафесійных класаў, выхаваўчая работа. Гэтыя тэмы былі ў фокусе ўвагі на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Удзельнікамі пасяджэння сталі начальнікі аддзелаў па адукацыі рай-, гарвыканкамаў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі абласнога падпарадкавання.

Адна з першачарговых задач у цяперашні час — свое­часовая падрыхтоўка да новага навучальнага года. На гэтыя мэты выдзелена звыш 106 млн рублёў. У 29 установах агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляюцца капітальныя рамонты, яшчэ ў трох ідзе рэканструкцыя. Больш за палову прадпісанняў на сёння выканана, тэмпы рамонтных работ паўсюдна дастаткова высокія.

— Хутка жнівень, таму пытанне падрыхтоўкі архіважнае. У агульным станоўчым ключы прысутнічаюць і праб­лемныя аспекты. Неабходна мабілізаваць усе рэсурсы, каб выправіць недапрацоўкі. У абазначаныя тэрміны рамонты ўсюды павінны быць поўнасцю завершаны, — матывавала начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава.

У ходзе пасяджэння падрабязна разгледзелі дзей­насць класаў прафесійнай накіраванасці. Летась у рэгіёне налічваліся 342 прафесійныя класы па розных напрамках: педагагічныя, аграрныя, спартыўна-педагагічныя, ваенна-патрыятычныя, інжынерныя, медыцынскія. Прысутныя шмат гаварылі аб тым, што ў кожнай школе ўпор трэба рабіць на функцыянаванне педкласаў. Настаўнікам трэба рыхтаваць сабе змену з ліку сваіх жа вучняў.

— Фактычна палова педагагічных работнікаў вобласці — людзі даволі сталага ўзросту. Пра забеспячэнне кадрамі дырэктары школ павінны задумацца ўжо цяпер. Пры гэтым не чакаць кадры з ніадкуль, а здолець разглядзець патэнцыял у сваіх вучнях, падтрымаць, матываваць, накіраваць іх у педагагічную прафесію. Таксама варта выбудоўваць работу з маладымі спецыялістамі, бо і яны маюць патрэбу ва ўсебаковай дапамозе, стымуляванні прафесійнага росту, — адзначыў рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро.

Сёлета толькі 43% выпускнікоў педкласаў працягнулі навучанне па профільных спецыяльнасцях. Сумеснымі намаганнямі трэба працаваць над тым, каб у найбліжэйшай перспектыве павысіць гэты паказчык.

Дасканала прааналізавалі на пасяджэнні і эфектыўнасць выхаваўчай і ідэалагічнай работы ва ўстановах адукацыі. У новым навучальным годзе запланаваны шэраг канкрэтных крокаў па ўдасканаленні сістэмы выхавання дзяцей.

— Інфармацыйныя гадзіны на рэгулярнай аснове будуць праводзіцца ў рамках экскурсій, у музеях і на сацыяльна значных аб’ектах. Больш інтэрактыўны фармат атрымае рэалізацыя праектаў “ШАГ” і “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Упор будзе зроблены на рэалізацыю вучэбнай праграмы тэматычных заняткаў “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”, на пашырэнне супрацоўніцтва з Беларускім фондам міру. З верасня масава адкрыюцца гурткі па фарміраванні медыякампетэнцый навучэнцаў. Для ўзмацнення працоўнага выхавання дзяцей установы агульнай сярэдняй адукацыі будуць замацаваны за арганізацыямі аграпрамысловага комплексу, — расказала намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Алена Клімянкова.

Знакавым момантам пасяджэння стала ўручэнне заслужаных узнагарод. За плённую працу нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” адзначылі дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Міхаіла Сасонку і дырэктара Магілёўскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Алену Мазалоўскую. Падзячны ліст ад абласнога Савета дэпутатаў атрымаў дырэктар Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Ігар Аўсеенка.

 Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара