Толькі за апошнія пяць гадоў вучні Альфрэда Антонавіча Ладыкі з гімназіі № 1 Ліды атрымалі 86 дыпломаў на розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. У чым сакрэт такога поспеху? Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, заслужаны педагог Ліды, ён пяць разоў узнагароджваўся прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У бягучым годзе А.А.Ладыка быў выбраны дэлегатам Усебеларускага народнага сходу.
У працоўнай кніжцы педагога толькі тры запісы: настаўнік матэматыкі Іўеўскай сярэдняй школы, сярэдняй школы № 11 Ліды і з першага верасня 1993 года па сённяшні дзень — гімназіі № 1 Ліды.
На выбар прафесіі яшчэ ў школьныя гады паўплывала настаўніца матэматыкі Гаўеўскай васьмігадовай школы Лідскага раёна Вольга Аляксандраўна Майсейчык. Вагаўся толькі паміж дзвюма дакладнымі навукамі: фізікай і матэматыкай. І ўсё ж выбраў матэматыку, паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
— У нашай маленькай вёсцы Кяўры было шмат настаўнікаў, усе іх паважалі. Таму і мой шлях у прафесію быў вызначаны, аб чым я ніколі не пашкадаваў, — дзеліцца Альфрэд Антонавіч. — Спачатку было няпроста, але з гадамі прыйшоў вопыт, навыкі. Стараўся, займаўся самастойна, шукаў новыя матэрыялы. Ды і вучні былі добрыя, хацелася даць ім як мага больш ведаў, зацікавіць сваім прадметам. Радуюць сённяшнія гімназісты, лічу, што мне пашанцавала з навучэнцамі. Яны актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, маюць поспехі на абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды, атрымліваюць 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні. А Станіслаў Шапавалаў у 2007 годзе заваяваў дыплом III ступені на міжнароднай алімпіядзе ў Ханоі. Самыя таленавітыя паступаюць у БДУ, БДУІР, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Заўсёды радуюся іх поспехам.
Калі А.А.Ладыка толькі пачынаў працаваць з алімпіяднікамі, то, прызнаецца, было складана. Перагледзеў велізарны аб’ём матэрыялу, сабраў шмат папак з рашэннямі задач, не толькі аўтарскімі і сваімі, але і дзяцей. Усё гэта стала асновай для заняткаў падчас падрыхтоўкі старшакласнікаў да алімпіяд. Паралельна педагог вёў урокі раённай алімпіяднай школы па матэматыцы. Даваў дзецям розныя спосабы рашэння задач, школьнікі таксама прапаноўвалі свае варыянты, лепшыя з іх настаўнік захоўваў.
— У мяне шмат напрацавана і сабрана матэрыялу па розных тэмах. Напрыклад, “Пункт перасячэння вышынь” прымяняецца пры рашэнні геаметрычных задач. Не бачыў такога ў літаратуры, таму і напісаў свой артыкул. Ён можа быць карысным для настаўнікаў матэматыкі, якія выкладаюць у 8—9 класах і рыхтуюць навучэнцаў да алімпіяд. Прадстаўляў яго калегам у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, — расказвае А.А.Ладыка.
Зорачку з матэматычным складам розуму педагог заўважае адразу, калі пачынае весці прадмет у 8 класе. А выкладае ён матэматыку навучэнцам з 8 па 11 клас. Цікавіцца таленавітымі вучнямі нават у раённым метадычным кабінеце, а потым запрашае ў сваю гімназію.
— Мой метад — “Рашаем правільна і хутка”, я бяру колькасцю і якасцю выканання заданняў, — дзеліцца вопытам педагог. — Напрыклад, бяром тэст, я даю дзецям заданне рашыць 30 задач. Прычым зрабіць гэта трэба хутка, а не раздумваць доўга над кожнай. Такім чынам рыхтую іх да тэстаў, каб умелі хутка знаходзіць адказы, прытым самымі рацыянальнымі спосабамі. Трэба паспець не толькі рашыць, але і праверыць, бо ўсе памыляюцца. І дзеці прывыклі да майго тэмпу. Напачатку васьмікласнікам складана, але потым уліваюцца ў такую работу. І самае галоўнае — мы разумеем адно аднаго.
Педагог ведае шмат спосабаў, як рашыць задачу. Працуючы з дзецьмі, якія вывучаюць матэматыку на базавым узроўні і на павышаным, матывуе і адных і другіх, каб яны таксама імкнуліся знаходзіць розныя варыянты.
— Мэта педагога, каб дзеці далей вучыліся і радавалі сваіх настаўнікаў і бацькоў, былі запатрабаваныя. Радасна, калі яны паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, атрымліваюць добрую адукацыю, а потым і работу. Мае абодва сыны сталі праграмістамі. Але цяпер разумею, што заўсёды больш займаўся з навучэнцамі гімназіі, чым са сваімі дзецьмі. Нават па нядзелях працаваў, школьнікі прыязджалі з іншых населеных пунктаў Лідскага раёна, бывала, збіралася па 60 чалавек, — расказвае настаўнік.
Альфрэд Антонавіч прызнаўся, што для яго матэматыка — гэта і работа, і хобі. Прачынаючыся ў пяць гадзін раніцы, ён правярае сшыткі, разбірае задачы, каб на ўроку расказаць дзецям нешта новае. А ўвечары зноў вяртаецца да сшыткаў, да ўласных распрацовак.
— Пакуль ёсць яшчэ сілы, буду працаваць, рыхтаваць школьнікаў да алімпіяд, — гаворыць настаўнік. — Усё маё жыццё звязана з матэматыкай, і ніколі пра гэта не пашкадававаў. Шмат дапамагае сям’я, заўсёды падтрымлівае жонка. А што чалавеку яшчэ трэба, калі раніцай з задавальненнем ідзеш на сустрэчу з добрымі калегамі і вучнямі, а ўвечары таксама задаволены вяртаешся дадому, дзе цябе чакаюць родныя!
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара