Па нацпраекце “Адукацыя” ў сельскіх школах Саратаўскай вобласці з пачатку навучальнага года адкрыецца 68 новых адукацыйных цэнтраў “Кропка росту”.
У школах рэгіёна з 2019 года ўжо створана 107 такіх цэнтраў лічбавага і гуманітарнага профіляў. У іх сельскія школьнікі спасцігаюць азы бяспекі жыццядзейнасці, матэматыкі, інфарматыкі. Для гэтага прымяняюцца сучасныя адукацыйныя методыкі з выкарыстаннем лічбавай і камп’ютарнай тэхнікі, квадракоптараў, ноўтбукаў, VR-шлемаў, 3D-тэхналогій і абсталявання для навучання аказанню першай медыцынскай дапамогі.
Новыя цэнтры “Кропка росту” — прыродазнаўчага і тэхналагічнага напрамкаў. Яны разлічаны на адпрацоўку вучэбнага матэрыялу па фізіцы, хіміі і біялогіі.
“У кожнай “Кропцы росту” будуць абсталяваны два кабінеты і зона каворкінгу ў адпаведнасці з агульным федэральным дызайн-праектам. На гэтых пляцоўках школьнікі змогуць працаваць з новым абсталяваннем. Гэта лічбавыя вучнёўскія лабараторыі з ноўтбукамі, прынтарамі і лічбавымі мікраскопамі, адукацыйнымі наборамі па механіцы і мехатроніцы”, — расказвае выконваючы абавязкі міністра адукацыі вобласці Міхаіл Арлоў.
Вучэбныя цэнтры таксама будуць забяспечаны прэпаратамі і рэактывамі для практычных і лабараторных работ. Акрамя абавязковых урокаў, юныя фізікі, хімікі і біёлагі змогуць наведваць у “Кропках росту” дадатковыя заняткі.
“Для сельскіх школ “Кропкі росту” адкрываюць новыя магчымасці, — гаворыць дырэктар школы сяла Пігараў Озінскага раёна Таццяна Нукатова. — Зараз дзеці жывуць у свеце інфармацыі і тэхналогій. Такія цэнтры робяць працэс навучання цікавейшым. Дзеці пачынаюць думаць крэатыўна і смела падыходзіць да вырашэння нестандартных задач. А гэта і ёсць шлях да поспеху. Для гэтага і ўкараняюцца інавацыі ў працэс навучання”.
Па словах дырэктара, цяпер у школе рыхтуюцца да ўвядзення новых пазаўрочных курсаў. Настаўнікі хіміі, біялогіі і фізікі ўжо прайшлі дадатковае навучанне для работы ў цэнтры “Кропка росту”.
Новыя адукацыйныя цэнтры будуць створаны ў школах 37 муніцыпальных раёнаў Саратаўскай вобласці. На іх абсталяванне выдзелена больш за 100 млн рублёў. У асноўным гэтыя сродкі паступілі з федэральнага бюджэту ў рамках нацпраекта “Адукацыя”.