Раскрываюць сутнасць слова і ставяць спектаклі. У Любчанскай школе рэалізоўваюць два інавацыйныя праекты

- 16:00Духовность и патриотизм, Новости

У Любчанскай сярэдняй школе імя Л.П.Сечкі Навагрудскага раёна не паспелі завяршыць адзін рэспубліканскі інавацыйны праект духоўна-­маральнай накіраванасці, які разросся ў новыя цікавыя справы, а ўжо ўзяліся за другі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ва ўстанове адукацыі самым галоўным дасягненнем мінулага года лічаць прысваенне школе імя партызанкі-падпольшчыцы Людмілы Паўлаўны Сечкі, да гэтага шмат гадоў яго насіла піянерская дружына. З парога дырэктар школы Вераніка Іванаўна Аляшкевіч расказвае, як сёння захоўваецца памяць знакамітай зямлячкі, як дзеці даглядаюць яе магілу ў вёсцы Чарэшля, пра тое, што яе сястра Ада Паўлаўна працавала настаўніцай у школе, а сёння тут вучыцца праўнук героя Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі школы знаходзіцца бюст Людмілы Сечкі, ёй прысвечаны экспазіцыі ў школьным музеі, канферэнц-зале.

Спачатку было слова

Нядзіўна, што ва ўстанове адукацыі, дзе так шануюць памяць пра сваю знакамітую зямлячку, дарэчы, былую вучаніцу школы, шмат увагі ўдзяля­юць патрыятычнаму выхаванню дзяцей, узяліся за рэалізацыю спачатку аднаго, а потым і другога праекта духоўна-­маральнай накіраванасці. Стартаваўшы ў 2021 годзе, рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі семантызацыі духоўна-маральных паняццяў і катэгорый на аснове традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа” ўжо мае пэўныя напрацоўкі і сёлета завяршаецца. У яго рамках наладжана цеснае супрацоўніцтва са Свята-Ільінскай царквой у Любчы, настаяцель протаіерэй Аляксандр Івойлаў — часты госць на школьных мерапрыемствах. Сумесныя акцыі, канцэрты праводзяцца з дабрачынным цэнтрам дапамогі “Вера”.

— Праект па ўкараненні мадэлі семантызацыі духоўна-маральных паняццяў і катэгорый мы рэалізуем у цесным трыадзінстве: педагогі, навучэнцы і іх бацькі, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына Пятроўна Ляўша. — Мы робім акцэнт на практычны вынік, на той прадукт, які спатрэбіцца навучэнцам і іх бацькам, педагогам. Апошнім вельмі важна ве­даць метады семантызацыі, умець імі карыстацца і прымяняць на ўроках. Калі, напрыклад, мы гаворым пра клопат, то пачынаем з самага пачатку: што такое клопат, адкуль пайшло слова. Тут жа фарміруем гульню “Кветнік”, дзе гэтае слова разбіраецца, размаўляем пра яго месца ў літаратуры. Неўзабаве заўважаем, як клопат праяўляецца ў адносінах паміж навучэнцамі. Мы нават “гадуем” сад добрых слоў. Самае галоўнае ў нашым праекце — слова, каб дзеці яго разумелі, ведалі, умелі карыстацца, семантызаванае слова ўжо жыве ў дзіцяці, яно ім карыстаецца.

 Прэс-цэнтрам “Слова” наладжаны выпуск школьнай газеты “Духоўны веснік”. Газета выходзіць раз у чвэрць, змяшчае многа карыснай інфармацыі, асаблівую цікавасць выклікае рубрыка “Гутарка са святаром”. У рамках праекта арганізаваны чытанні суботняга дня для дзяцей.

Кірункаў гэтай работы ў школе вельмі шмат. З’явілася энцыклапедыя аднаго слова. Апрабавалі метад сінестэзіі духоўных паняццяў, падчас мерапрыемства дзеці расказвалі пра свае асацыяцыі з тым ці іншым словам, нават чым яно пахне, якое на смак, спрабавалі намаляваць. Папаўняюцца электронныя рэсурсы. Раней была гульня-квест “Знаўцы духоўных паняццяў”, а нядаўна з’явіўся “Бібліятэчны даведнік” з наборам прапанаваных кніг на розныя тэмы. А стварэнне лэпбукаў стала адной з любімых спраў, уключыліся ў гэтую работу педагогі, дзеці з бацькамі. У выглядзе лэпбукаў аформлены даследчыя работы па страчаных цэрквах Любчанскага краю, па гісторыі Свята-Ільінскай царквы. Прыгожа выглядаюць павучальна-забаўляльныя творчыя гульні “Час рабіць дабро”, “Рабі дабро”, кніжкі-малышкі. А ў куфэрак добрых спраў можна пакласці запіску, прызнаўшыся, якую добрую справу сёння зрабіў. Квесты, азбука маральнасці, літаратурныя віктарыны — усё гэта даступна дзецям, загружана на мультыбордах, у камп’ютарным класе.

Арыентаваны ў асноўным на бацькоўскую і дзіцячую аўдыторыю, праект ужо мае выхад на соцыум. Унутры рэс­публіканскага праекта выраслі яшчэ некалькі школьных. Адзін з іх — “Кроп­ля шчасця”. Навучэнцы ўзялі шэфства над падапечнымі бальніцы сястрынскага догляду ў Любчы. Дзеці ладзяць для пажылых людзей канцэрты, прыходзяць да іх з падарункамі, зробленымі сваімі рукамі. Добрыя ўражанні пасля такіх сустрэч застаюцца і ў дзяцей, і ў дарослых. Яшчэ адзін школьны праект “Вось табе мая рука” арыентаваны на дапамогу бяздомным жывёлам.

Вылучыўся яшчэ адзін вектар у праекце — настольныя гульні. Ствараюць іх настаўнікі сумесна з дзецьмі. Малююць поле для гульні, прыдумваюць пытанні духоўна-маральнай накіраванасці. Такія гульні карыстаюцца папулярнасцю як сярод дзяцей, так і дарослых.

Цікавая батлейка

Праект “Укараненне мадэлі выкарыстання драматызацыі як сродак духоўна-маральнага развіцця навучэнцаў (на прыкладзе традыцыйнага беларускага тэатра “Батлейка”)” рэалізоўваецца ў школе з верасня 2023 года.

— Як толькі пачало працаваць аб’яднанне па інтарэсах па драматычнай творчасці, ужо на першых занятках дзеці вывучалі гісторыю тэатра батлейка і так зацікавіліся, што прапанавалі зрабіць батлейку ў нашай школе, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Міхайлаўна Бушміч. — Школьнікі самі малявалі эскізы, па якіх і была зроблена батлейка. Іх рукамі на занятках працы выраблены лялькі, дэкарацыі для спектакля. Першым паставілі калядны спектакль, выступалі перад дзецьмі пачатковай школы. Плануем выязджаць у іншыя ўстановы.

Дзецям вельмі спадабаўся гэты праект, відаць, лялечны тэатр блізкі і зразумелы для іх. Яны з такой цікавасцю рыхтуюць спектаклі, змагаюцца за ролі, шыюць лялек. У планах паставіць спектакль да Вялікадня, прыняць удзел у раённым этапе конкурсу тэатраў батлейкі.

— Калі ўстанова адукацыі бярэцца за рэалізацыю інавацыйнага праекта, гэта заўсёды аб’ядноўвае, — пад­крэсліла дырэктар школы В.І.Аляшкевіч. — З цікавасцю бяруцца за работу ўсе педагогі, падключаюцца дзеці, бацькі. Ёсць і выхад у соцыум: жыхары Люб­чы прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія ў рамках праекта рэалізуюцца ва ўстанове адукацыі. Інавацыя заўсёды прыносіць карысць.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара