Дзейсныя спосабы эканоміі энергарэсурсаў, вынаходніцкія энергазахавальныя распрацоўкі, інавацыйныя варыянты прымянення другаснай сыравіны. З шырокай разнастайнасцю педагагічнай і вучнёўскай думкі ў кірунку энергазберажэння можна было азнаёміцца падчас падвядзення вынікаў рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Маштабнае мерапрыемства адбылося ў Магілёве і аб’яднала звыш 150 вучняў і настаўнікаў з усіх рэгіёнаў. Марафон карыстаецца шырокай папулярнасцю.
— Усяго сёлета ў нас было 3,5 тысячы ўдзельнікаў. Канкурсанты прадставілі перспектыўныя праекты, дыдактычныя і камп’ютарныя гульні, напрацоўкі па метадычным суправаджэнні. Шэраг ідэй пасля рэалізуюцца, укараняюцца на прадпрыемствах. Але галоўнае — конкурс вучыць падрастаючае пакаленне беражлівым адносінам да навакольнага асяроддзя, дапамагае фарміраваць у дзяцей станоўчае мысленне пра энергазберажэнне і разуменне неабходнасці клопату пра экалогію, — паведаміла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Алена Маргунова.
Конкурсная выстава наглядна дэманстравала, што навучэнцы ўсёй краіны выразна ўсведамляюць, што будучыня планеты напрамую залежыць ад рацыянальнага энергаспажывання. Сумесна з педагогамі вучні выконваюць правілы энергазберажэння і актыўна прапагандуюць нормы энергазберагальных паводзін у грамадстве, ствараюць канструкцыі, якія захоўваюць рэсурсы.
Так, навучэнцы Грыцкевіцкай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Уладзіслаў Кабяк і Алёна Савіч прадэманстравалі магчымасці выкарыстання адходаў ААТ “Беларуськалій” у якасці сыравіны для вытворчасці вадароду. Вучні Кіраўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна імя У.Ц.Курыленкі Павел Дыка, Мікалай Іваноў і Аляксей Канапелька зрабілі сваімі рукамі мікраГЭС, даследавалі прымяненне малых гідрарэсурсаў для выпрацоўкі электраэнергіі ў крокавай даступнасці.
Навучэнец сярэдняй школы № 1 імя П.А.Крываноса Клічава Аляксей Самусь знайшоў альтэрнатыву традыцыйным відам паліва. Хлопец упэўнены: будучыня за “зялёнай” энергетыкай, таму прапануе для ацяплення драўляныя пелеты, якія з’яўляюцца экалагічным і аднаўляльным рэсурсам.
Шмат цікавых знаходак прэзентавалі педагогі. Неабыякавыя настаўнікі ствараюць выхаваўчыя праекты па фарміраванні ў дзяцей культуры энергазберажэння.
— Мноства маленькіх людзей, робячы мноства маленькіх спраў, могуць змяніць вялікі свет. Прычым змяніць у лепшы бок. Гэтыя словы нястомна паўтараю дзецям, вучу іх думаць глабальна і рабіць лакальна. Навыкі энергаэфектыўнага і экалагічна адказнага ладу жыцця фармірую ў навучэнцаў праз інтэрактыўнае адукацыйнае асяроддзе. Рэгулярна ладжу тэматычныя анлайн-фестывалі, турніры, праекты. Аб’ядноўваю хлопцаў і дзяўчат канкрэтнай карыснай дзейнасцю. Такім чынам атрымліваецца данесці значнасць рацыянальнага рэсурсаспажывання да светапогляду вучняў, — падзяліўся настаўнік інфарматыкі гімназіі Мсціслава Сяргей Кальцоў.
Работу ў напрамку энергазберажэння прадстаўлялі і навучальныя ўстановы. Напрыклад, у Магілёўскім дзяржаўным электратэхнічным каледжы, які ўжо неаднаразова быў у лідарах па энергаэфектыўнасці ў рэспубліцы, рознабакова прымяняюць у функцыянаванні энергію сонца.
— Усюды ў нас устаноўлены свяцільнікі на сонечных батарэях, функцыянуе фотаэлектрычная станцыя. Усё абсталяванне на харчаблоку і вучэбныя станкі энергазберагальныя, радыятары ацяплення аснашчаны тэрмарэгулятарамі. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць істотна знізіць паказчыкі спажывання энергіі, вучаць моладзь эканоміі рэсурсаў, — расказаў дырэктар каледжа Віктар Бурака.
Кампетэнтнае журы конкурсу выбрала з усіх напрацовак самыя адметныя. Сярод практычных праектаў па энергазберажэнні перамогу святкавалі навучэнцы сярэдняй школы № 40 Гомеля Вадзім Мінчанка і Ягор Давыдзенка. З культурна-відовішчных мерапрыемстваў самае запамінальнае распрацавалі навучэнцы Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. У намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” вызначылі некалькіх пераможцаў. Самы крэатыўны відэаролік зрабіў вучань сярэдняй школы № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі Яраслаў Лосеў. Найбольш творча ў паднамінацыях “Лістоўка, плакат, малюнак” праявілі сябе выхаванка санаторнага дзіцячага сада № 55 Магілёва Варвара Сячкова, навучэнка Маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы Ксенія Мялюк і вучань сярэдняй школы № 22 Балбасава імя С.І.Грыцаўца Багдан Лабікаў. Лідарамі намінацыі “Гейміфікацыя ў энергазберажэнні” сталі калектыў выхаванцаў Насовіцкага дзіцячага сада Добрушскага раёна, навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну Павел Джангіраў і Іван Ерашэня, вучаніцы Козенскай сярэдняй школы Мазырскага раёна Аліса Разанцава і Валерыя Карасевіч. Лепшым педагагічным работнікам па арганізацыі выхавання культуры энергазберажэння ў дзяцей прызналі настаўніка фізікі гімназіі № 10 Гомеля Дзмітрыя Філімонава. А ўстановай з самай эфектыўнай сістэмай адукацыйнага працэсу ў сферы энергазберажэння быў названы Магілёўскі дзяржаўны электратэхнічны каледж.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара