Раён Пружанскі, край ружанскі

- 12:57Родная земля

Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне 1950—60-х гадоў закранула ўсе рэгіёны. Напрыклад, на Брэстчыне толькі да Пружанскага раёна былі далучаны адразу два: Шарашоўскі і Ружанскі. Хоць і мінула больш за паўстагоддзя, аднак былыя раёны захавалі сваю этнаграфічную, архітэктурную адметнасць. Ружанцы па-ранейшаму адрозніваюць сябе ад пружанцаў, а пружанцы ад шарашоўцаў. Гавораць так: пружанцы — палешукі, ружанцы — ліцвіны, а шарашоўцы — дзегцяры.

Асобна і разам

Падобнае адрозненне зусім не азначае, што жыхары Ружан непрыветліва ставяцца да пружанцаў, якія аказаліся больш шчаслівымі ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным плане. Ружанцы ўсяго толькі ганарацца сваёй багатай гісторыяй, знакамітым палацам, усведамляюць сваю адметнасць у дыялектах, помніках архітэктуры. Тое ж самае можна сказаць і пра пружанцаў-палешукоў, і пра шарашоўцаў-дзегцяроў. І нічога дрэннага тут няма. Наадварот, гэта робіць беларускую зямлю больш разнастайнай, стракатай, прывабнай для турыстаў. Аб’ядноўвае юных палешукоў, ліцвінаў і дзегцяроў не толькі ўсведамленне сваёй аўтэнтычнасці, але і турызм, які, як вядома, не ведае межаў ні дзяржаўных, ні нацыянальных, ні тым больш этнаграфічных. Цэнтрам такога турыстычнага яднання на Пружаншчыне з’яўляецца Цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Пружанскага раёна. Кожны год пад кіраўніцтвам яго педагогаў навучэнцы з розных куточкаў раёна здзяйсняюць разам пешыя, веласіпедныя, байдарачныя паходы па роднай зямлі. У якасці прыкладу кіраўнік гуртка “Юны турыст” Сяргей Валер’евіч Зелянееў паказаў фотаздымак, на якім адлюстраваны момант сумеснага веласіпеднага падарожжа вучняў сярэдняй школы № 1 Пружан і Ружанскай сярэдняй школы.

Веласіпед і байдарка

Самым папулярным аб’яднальным інструментам для юных турыстаў Пружаншчыны з’яўляецца веласіпед. Па словах Сяргея Валер’евіча, менавіта веласіпед дазваляе за адзін дзень наведаць дастатковую колькасць адметных мясцін. Можна, канечне, арганізаваць для навучэнцаў аўтобусную экскурсію. Аднак, па-першае, гэта фінансава затратна, па-другое, аўтобус не ўсюды праедзе. А двухколавага сябра пры неабходнасці можна проста ўзяць на плечы і перанесці праз вялікую лужыну, ручай або цяжкапраходны пясчаны ўчастак дарогі. Не трэба забываць і пра карысць язды на веласіпедзе.
Перад удзельнікамі гуртка ніколі не стаіць пытанне, на якім веласіпедзе адпраўляцца ў паход: горным, дарожным, шасэйным. Адказ заўсёды адзін: на самым звычайным айчынным з адной перадачай. І справа тут не столькі ў патрыятызме, колькі ў практычнасці адпаведнага выбару. Такія веласіпеды не патрабавальныя да абслугоўвання, у выпадку паломкі любую дэталь можна знайсці амаль у кожнай вёсцы, і памер пакрышак аптымальны: зручна ездзіць як па асфальце, так і па палявых, лясных дарогах. Ды і сядзенні, што важна, шырокія, зручныя. Адным словам, доўгая дарога будзе толькі ў радасць.
— Найбольш часта мы з вучнямі адпраўляемся ў веласіпеднае падарожжа па маршрутах, распрацаваных у рамках развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва па Пружанскім, Свіслацкім, Камянецкім раёнах і Гайнаўскім павеце Польшчы. Кожны маршрут адмаркіраваны, прычым у кожным раёне маркіроўка пэўнага колеру. Так, маршруты па нашым раёне ўмоўна абазначаюцца веласіпедам на белым квадраціку з жоўтай палоскай. З чырвонай — па Камянецкім, зялёнай — па Свіслацкім. Пры жаданні любы ахвочы можа ўзяць у нашым цэнтры буклеты па гэтых маршрутах, атрымаць неабходныя рэкамендацыі па іх праходжанні, — гаворыць Сяргей Валер’евіч.
Навучэнцы цэнтра актыўна ходзяць і ў водныя паходы, якія маюць свае асаблівасці. Справа ў тым, што па тэрыторыі Пружанскага раёна пралягае Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Буйных рэк на Пружаншчыне няма, у асноўным тут знаходзяцца вытокі. Адсюль выцякае Ясельда, Нараў, Мухавец, Левая і Правая Лясная. Байдарачны паход можна пачынаць толькі на Зэльвянцы, прычым да Зэльвы рэчка звілістая, хуткая. Гэты ўчастак з’яўляецца ідэальным для набыцця юнымі турыстамі-воднікамі неабходных уменняў і навыкаў. Пасля Зэльвы рэчышча каналізавана. Не ўяўляюць цікавасць для аматараў байдарачных паходаў і рэкі Ясельда, Лясная. Іх рэчышча — амаль суцэльны канал. Яшчэ адна праблема, якую трэба ўлічваць пры планаванні байдарачных паходаў, — гэта забарона руху маламерных суднаў па рэках у перыяд нерасту рыбы. Колькі ўжо ні гаварылася пра нелагічнасць гэтай забароны, колькі ўжо ні абмяркоўвалася гэтая тэма на інтэрнэт-форумах, колькі ні ўзнімалася яна на высокім узроўні, воз, як кажуць, на ранейшым месцы, а дакладней не воз, а байдаркі, якія ў красавіку — маі па-ранейшаму стаяць на прычале.
— Тое, што падчас нерасту забараняюць паходы на байдарках, — гэта глупства. У якасці аргумента заўсёды прыводжу такі прыклад: паглядзіце, як узлятае і сядае лебедзь, і паглядзіце, як праходзіць байдарка. Ад каго больш шуму? Забарону можна зняць часткова, скласці пералік рэк, па якіх можна ісці ў перыяд нерасту, а па якіх — не, — адзначае Сяргей Валер’евіч.
Пры распрацоўцы маршрутаў паходаў па Пружанскім раёне ўлічваецца асаблівасць размяшчэння яго ў прыгранічнай зоне. Таму наведванне, напрыклад, тэрыторыі Белавежскай пушчы абавязкова трэба ўзгадняць з адміністрацыяй Нацыянальнага парка і кіраўніцтвам Брэсцкага пагранатрада.

Муха і Вец

…Ну і няхай над Ружанамі некалькі стагоддзяў узвышаецца велічны замак-палац Сапегаў, які па праву называюць беларускім Версалем. У райцэнтры таксама ёсць свая архітэктурная жамчужына — Пружанскі палацык. Канечне, палац не такі велічны, як ружанскі (можа, таму і называецца такім незвычайным памяншальна-ласкавым словам), аднак не менш унікальны ў архітэктурным плане. Пабудаваны Швыкоўскімі ў стылі неарэнесансу, белы, незвычайнага знешняга выгляду, двухпавярховы, з вежай, ён, нібыта магніт, прыцягвае да сябе жыхароў і гасцей горада. Сёння ў яго пакоях размешчана багатая музейная экспазіцыя.
Сярод архітэктурных адметнасцей Пружан не менш унікальныя і Белыя лаўкі — арыгінальны помнік гарадской архітэктуры ХІХ стагоддзя, дзе раней размяшчаліся гандлёвыя рады. Асаблівы каларыт гэтаму будынку надаюць аркі. Яны былі ўзведзены не проста для прыгажосці. Першапачатковае іх прызначэнне — аддзяляць гандлёвыя лаўкі. Дарэчы, будынак ва ўсе часы выконваў сваю галоўную функцыю, тут і цяпер знаходзяцца гандлёвыя крамы. Характэрна і тое, што на працягу дзесяцігоддзяў не мяняўся і колер лавак. Яны заўсёды былі белымі і ўносілі ў гарадскі краявід не толькі ноткі весялосці, але і прыцягвалі пакупнікоў. Побач знаходзіцца храм Святога Аляксандра Неўскага. Далей, па вуліцы Савецкай, у кірунку палацыка, — касцёл Узнясення Дзевы Марыі, тут жа і прыклады гарадской забудовы ХІХ стагоддзя (будынак былога народнага вучылішча і гарадской аптэкі), а таксама арыгінальна добраўпарадкаванае месца злучэння рачулкі Мухі і канала Вец. Адным словам, у Пружанах ёсць на што паглядзець, ёсць і што сфатаграфаваць. Як і ёсць што даследаваць.

Дом і сабор

Найбольш актыўна сярод пружанскіх школ даследаваннем роднага краю займаецца калектыў сярэдняй школы № 4. Ганарацца педагогі і навучэнцы не толькі помнікамі архітэктуры, але і землякамі. Прычым ганарацца як словамі, так і справамі. Напрыклад, у кабінеце беларускай мовы і літаратуры абсталявана арыгінальная карта раёна, дзе каля выяў населеных пунктаў змешчаны партрэты іх знакамітых ураджэнцаў. “Гэты край — мой дом і сабор”, — сведчыць надпіс на карце. Нешта падобнае, аднак у большым маштабе, можна ўбачыць і на цэнтральнай плошчы горада. На суседнім з гасцініцай “Мухавец” будынку — вялізныя партрэты трох знакамітых ураджэнцаў Пружаншчыны: гісторыка Юзафа Крашэўскага, опернага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага і мастака Станіслава Жукоўскага. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірыны Піліпаўны Філон, на гэтай галерэі не хапае як мінімум двух партрэтаў — дырыжора, кампазітара, педагога, фалькларыста Рыгора Шырмы і паэта Міколы Засіма.
Пра кожнага знакамітага земляка ў чацвёртай школе складзена асобная даследчая работа. На вокладках імёны Пятра Пракаповіча, дзіцячай мастачкі Алены Лось, знакамітага разьбяра па дрэве Мікалая Тарасюка (вядомы стваральнік незвычайнай краіны драўляных чалавечкаў, які, на жаль, нядаўна пайшоў з жыцця), паэта Міколы Засіма, які ў часы нямецка-фашысцкай акупацыі пісаў вершы-заклікі да змагання з ворагам і захоўваў свае творы на бярозе ў шпакоўні. Плённая шматгадовая работа па вывучэнні біяграфіі знакамітых землякоў, распрацоўцы экскурсій па родным краі вядзецца Мікалаем Антонавічам Шарашоўцам, Ірынай Уладзіміраўнай Астапчук, Марыяй Міхайлаўнай Шышко, Марыяй Піліпаўнай Жабрун, Алай Уладзіміраўнай Дзмітруковіч, Таццянай Міхайлаўнай Чураковай, Паўлам Васільевічам Пракаповічам, Галінай Мікалаеўнай Макаед, Юрыем Андрэевічам Яльцовым, Святланай Аляксандраўнай Собаль і рэгулярна адзначаецца дыпломамі рознага ўзроўню. Прычым праслаўляюць родную школу настаўнікі і вучні не толькі даследчымі работамі, але і арыгінальнымі кветкавымі кампазіцыямі. Толькі ў мінулым годзе школа заняла прызавыя месцы на раённых і абласных этапах такіх рэспубліканскіх конкурсаў, як “Упрыгожым Беларусь кветкамі” ў намінацыі “Памяць Перамогі”, “Ніколі не забудзем: унукі пра вайну”, конкурсу метадычных распрацовак па грамадзянска-патрыятычным выхаванні.

Вясна і вэсна

Пружанцы-палешукі — гэта не толькі жыхары ўласна райцэнтра, але і навакольных вёсак, напрыклад, Лінова. У 2013 годзе пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Ліноўскай сярэдняй школы Алены Леанідаўны Макарэвіч быў створаны праект “Фолк-кола “Лінаўчанка”, які на Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня заняў ганаровае трэцяе месца. І нездарма, бо аўтар праекта прапаноўвае расказваць вучням пра мясцовыя, паляшуцкія святы і абрады, загадкі, песні, танцы, гульні, казкі, павер’і і прыкметы ў даволі арыгінальнай форме — на фальклорным тэматычным двары з гаспадыняй-вучаніцай Лінаўчанкай.
— Фальклорнае кола было падзелена на 5 тэматычных дваровых сектараў: “Казка”, “Свята”, “Гульня”, “Павер’і і прыкметы”, “Кухня”. Падчас рэалізацыі праекта кожную чацвёртую суботу месяца Лінаўчанка запрашала сяброў на тэматычны дворык. Тут праводзіліся святы, гульні, конкурсы, выставы-кірмашы, падводзіліся вынікі работы праекта. Нібыта сапраўдная чараўніца, Лінаўчанка паўставала перад аднакласнікамі ў вобразах казачніцы, святкаўніцы, кухарніцы, прыкметніцы, забаўніцы. Кожнаму фальклорнаму дворыку адпавядалі свае адметныя рысы, свая творча-пошукавая дзейнасць. Так, вынікам падрыхтоўкі казачнага дворыка стала выданне кніжак-малышак “Казкі маёй бабулі” і правядзенне касцюміраванага балю “У нейкім царстве…”. Пра традыцыйныя мясцовыя стравы вучні даведаліся на тэматычным дворыку “Кухня”. Кожны клас выпусціў часопіс “Рэцэпты страў бацькавай кухні”. Паспрабаваць гэтыя стравы маглі ўдзельнікі кірмашу-выставы “Ліноўскія прысмакі”. Вывучэнню асаблівасцей мясцовых народных гульняў, фарміраванню беражлівых адносін да культурнай спадчыны малой радзімы садзейнічаў дворык “Гульня”. Вынікам праекта стала выданне зборніка “Карагод народных гульняў вёскі Лінова”. Яшчэ адным краязнаўчым праектам можна назваць сайт “Лінова і наваколле”, створаны настаўнікам інфарматыкі Аляксандрам Іванавіч Гукам у 2013 годзе, — паведамляе Алена Леанідаўна.
Падчас рэалізацыі праекта вучні актыўна карысталіся экспанатамі этнаграфічнага музея. Па словах Алены Леанідаўны, у школе плануецца стварыць і музей “На мяжы трох эпох”. Для большай дакладнасці ў назву музея можна дадаць і такія словы: “На мяжы трох народаў”. Справа ў тым, што праз Лінова ў часы Вялікай Айчыннай вайны праходзіла мяжа паміж акупіраванымі тэрыторыямі Беларусі і Украіны. Вёска Лінова ўваходзіла ў склад Украіны, нават навучанне ў мясцовай школе вялося на ўкраінскай мове. Для будучага музея ўжо ёсць і першыя экспанаты — гэта прапускныя жэтончыкі ваеннага часу з Украіны ў Беларусь. Адметнае геаграфічнае становішча адбілася і на гаворцы мясцовых жыхароў. Калі, напрыклад, надыходзіць красавіцкае цяпло, то гавораць так: “Прышла вэсна”. А вось у Ружанах ужо скажуць больш па-літаратурнаму: “Прыйшла вясна”.

Замак і палац

Адрозніваецца Ружаншчына і сваёй архітэктурай. У культавым дойлідстве тут пераважаюць касцёлы. Сярод іх Свята-Троіцкі касцёл, узведзены ў пачатку XVII стагоддзя пры падтрымцы Льва Сапегі. Наогул, Сапегі і Ружаншчына — гэта як жыта і валошкі. Найбольш яскрава гэта пацвярджаецца палацавым комплексам, які ўжо некалькі дзесяцігоддзяў паважна ўзвышаецца над Ружанамі.
Па словах дырэктара палацавага комплексу Руслана Сяргеевіча Кнігі, беларускі Версаль з’яўляецца помнікам архітэктуры XVI—XVIII стагоддзяў. Фундатарам яго будаўніцтва быў канцлер ВКЛ Леў Сапега. Менавіта ён выкупляе навакольныя землі ў 1596 годзе ў Васіля Тышкевіча і будуе на ўзгорку замак з абарончымі функцыямі. Наогул, уся гісторыя палаца дзеліцца на два вялікія гістарычныя перыяды: замкавы і палацавы. Другі пачынаецца ў XVIII стагоддзі, калі замак перабудавалі пад палац. Пра першы перыяд гісторыі беларускага Версаля нагадваюць толькі скляпенні, якія размешчаны пад адным з рэканструяваных флігеляў. Усё астатняе — гэта XVIII стагоддзе.
Адна з асноўных функцый музея — навукова-адукацыйная, таму супрацоўнікі музея нярэдка наведваюцца ў школы, чытаюць там лекцыі. Частымі гасцямі ў музеі з’яўляюцца і настаўнікі з вучнямі. Найбольш яскрава такое ўзаемадзеянне праяўляецца праз дзейнасць гісторыка-краязнаўчага гуртка “Міфы нашай Бацькаўшчыны”, які быў створаны на базе музея ад Ружанскага шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю ў 2011 годзе.
— Доўгі час пра Сапегаў амаль не ўзгадвалі. Не шмат ведалі пра дзейнасць прадстаўнікоў гэтага знакамітага роду і настаўнікі, не гаворачы ўжо пра вучняў. Каб выправіць такую недарэчнасць, на базе музея “Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў” і быў створаны гурток. На яго занятках пад кіраўніцтвам супрацоўніцы музея Вікторыі Уладзіміраўны Каско вучні знаёміліся з гісторыяй роднага краю, роду Сапегаў, распрацоўвалі экскурсіі, якія потым праводзілі для навучэнцаў не толькі Ружанскай сярэдняй школы, але і ўстаноў адукацыі раёна. У гэтым навучальным годзе ў дзейнасці гуртка адбыўся перапынак, аднак з новага навучальнага года дзеці зноў пачнуць вывучаць гісторыю беларускага Версаля, — расказвае дырэктар цэнтра Аксана Уладзіміраўна Манчык.
Падчас Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня гурткоўцамі быў створаны праект “Сем рэчаў з куфра Льва Сапегі”, у рамках якога да сямі найбольш арыгінальных экспанатаў яны распрацавалі асобную экскурсію (“Кубак “Іван”, “Келіх з цёмнага шкла”, “Фарфоравы посуд — супніца”, “Фарфоравы посуд — талерка”, “Фарфоравы посуд — ваза”, “Сярэбраны пярсцёнак з рубінам”, “Турэцкі кінжал”). Напрыклад, падчас экскурсіі “Келіх з цёмнага шкла” можна даведацца, што 12 жніўня 1784 года Ружанскі палац наведаў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Кароль, між іншым, быў вядомым змагаром з п’янствам і смагу наталяў толькі крынічнай вадой. Яго прыкладу прытрымліваліся многія вядомыя асобы, але не ўсе. Так, у Сапегаў і ваду, і віно налівалі толькі ў цёмныя келіхі, праз якія немагчыма было ўбачыць колер вадкасці.
Ад былой раскошы палацавых пакояў амаль нічога не засталося. Многія прадметы знаходзяцца ў Эрмітажы, у іншых музеях Расіі, а таксама Польшчы. Этнаграфічнаму куточку Ружанскай сярэдняй школы ў гэтым плане пашчасціла больш. Усе яго экспанаты, няхай і не такія каштоўныя, як у музеі палацавага комплексу, — арыгінальныя і расказваюць пра традыцыйнае сялянскае жыццё, якое да пачатку ХХ стагоддзя мала чым адрознівалася ад сялянскага жыцця эпохі Сапегаў. Лапці, драўляныя прылады працы, чорны задымлены гліняны посуд, характэрны для ружанскага краю… Азнаёміцца з гэтымі прадметамі можна падчас тэматычных экскурсій (“Запрашаем у нашу хатку”, “Руплівая гаспадыня і яе рэчы”, “Гаспадарчыя драўляныя і саламяныя рэчы”, “Дбайны гаспадар і яго прылады працы”, “Беларускае нацыянальнае адзенне, абутак і догляд яго”, “Вячоркі-попрадкі”, “Нацыянальныя стравы беларусаў”), распрацаваных кіраўніком музея настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Верай Антонаўнай Шамяцюк.
— Экспанаты мы збіралі разам з Верай Антонаўнай, Валянцінай Аляксандраўнай Неткачавай і вучнямі падчас спецыяльнай экспедыцыі. Дарэчы, частку экспанатаў, а дакладней мэблі, мы перадалі ў экспазіцыю Ружанскага палацавага комплексу. Праводзілі настаўнікі-беларусазнаўцы разам з вучнямі і краязнаўчую экспедыцыю “Як вас завуць?”, падчас якой вывучалі найбольш пашыраныя ў Ружанах імёны і прозвішчы. Была даследавана гісторыя паходжання імёнаў, складзены іх слоўнік, адзначаны найбольш рэдкія імёны па бацьку, прозвішчы жыхароў Ружан былі класіфікаваны паводле паходжання, змешчана інфармацыя пра старажылаў. Асабліва цікавым з’яўляецца раздзел, у якім удзельнікі экспедыцыі апісваюць прычыны надання ім таго ці іншага імені. Прыведзены даволі цікавыя факты. Напрыклад, Аліну Казначэеву назвалі ў гонар настаўніцы яе мамы, а Вольгу Козій — у гонар акушэркі, якая прымала роды і дапамагла дзяўчынцы з’явіцца на свет. Вынікі сваіх даследаванняў мы нярэдка змяшчаем у раённай газеце ў рубрыцы “Ружанскія матывы”, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вера Фёдараўна Наумік.

Палешукі і ліцвіны

Нічога ў нашым жыцці проста так не бывае. Кожная падзея, кожная сустрэча напоўнена таемным сэнсам. Сапраўды, нешта містычнае ёсць у тым, што ў 1962 годзе аб’ядналіся два амаль аднолькавыя па назве раёны: Пружанскі і Ружанскі. Гэтае аб’яднанне злучыла не толькі тэрыторыі, але і людскія лёсы, а Беларусі падарыла адзін з самабытных і ўнікальных куточкаў. Пружанцы — палешукі, ружанцы — ліцвіны, аднак разам мы — беларусы!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.