Разам вырашаць агульныя задачы

Падчас рабочага візіту ў горад над Бугам старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Т.Р.Якубовіч сустрэлася з прафсаюзным актывам Брэстчыны на чале з кіраўніком абласной арганізацыі І.І.Васіленкам.

Мерапрыемства праходзіла ў фармаце адкрытага канструктыўнага дыялогу. Т.Р.Якубовіч расказала, што сёння ў шэрагах галіновага прафсаюза больш за 610 тысяч чалавек. Ён праводзіць сістэмную работу па павышэнні сацыяльнага статусу педагогаў, абароне іх сацыяльна-эканамічных і працоўных правоў, удасканаленні і выкананні норм калектыўных дагавораў.

Т.Р.Якубовіч адзначыла асаблівую ролю пярвічных прафсаюзных арганізацый у вырашэнні актуальных праблем педработнікаў і адукацыйнай галіны ў цэлым. Усе члены галіновага прафсаюза павінны бачыць у ім надзейнага абаронцу прафесійных інтарэсаў. Дзякуючы карпаратыўнай згуртаванасці, можна паспяхова спраўляцца з рознымі задачамі. Гэта красамоўна паказаў актыўны ўдзел галіновага прафсаюза ў аказанні дапамогі медыкам у складаных эпідэміялагічных умовах.

Т.Р.Якубовіч засяродзіла ўвагу на цесным узаемадзеянні з ФПБ і Міністэрствам адукацыі па многіх праблемных пытаннях, у прыватнасці па аплаце працы кіраўнікоў і тэхперсаналу, вылічэнні стажу асобных катэгорый педагогаў і інш.

Таццяна Раманаўна вяла гаворку пра ўдзел галіновага прафсаюза ў сёлетняй выбарчай кампаніі, рабоце з моладдзю, мерапрыемствах з нагоды 100-гадовага юбілею прафсаюза, ушаноўванні пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года”, аздараўленні работнікаў галіны і інш.  

Т.Р.Якубовіч падзякавала прафактыву Брэстчыны за плённую дзейнасць па розных напрамках:

— Толькі агульнымі намаганнямі, адказнай і мэтанакіраванай сумеснай працай можна палепшыць работу сістэмы адукацыі краіны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.