Разважаем, супастаўляем, эксперыментуем

- 13:32Метадычная скарбонка, Рознае партфолiо

Школьнае метадычнае аб’яднанне ствараецца для забеспячэння бесперапыннага павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў, удасканальвання інавацыйнай дзейнасці, аказання практычнай дапамогі настаўнікам у арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, а таксама развіцця педагагічнага майстэрства, вывучэння, абагульнення і трансляцыі эфектыўнай педагагічнай практыкі.

На мой погляд, настаўніцкая прафесія трымаецца на любові і патрабавальнасці да вучняў, а таксама — на няспынным самаўдасканальванні. Пошукі шляхоў самаўдасканальвання часцей за ўсё прыводзяць да эксперыментаў у вобласці методыкі, педагогікі, а значыць — да інавацый.
Інавацыйная дзейнасць настаўніка — гэта выкарыстанне перадавога, новага, лепшага. У настаўніцкім асяроддзі вельмі часта можна пачуць скептычныя заўвагі наконт новаўвядзенняў. Але перш чым адмаўляць, трэба добра разабрацца ў сутнасці таго ці іншага новаўвядзення, апрабаваць на практыцы. А практычная методыка — гэта заўсёды творчасць.
Апошнім новаўвядзеннем у гімназіі стала дыстанцыйнае навучанне. На мой погляд, гэты від дзейнасці павінен ператварыць любімую цацку вучня — камп’ютар — у інструмент самастойнай работы па ўсіх школьных прадметах. Настаўнікі нашай кафедры актыўна ўдзельнічаюць у гэтым праекце. На сайце гімназіі на старонцы беларускай мовы змешчаны і тэарэтычны матэрыял, і тэставыя заданні, і прэзентацыі, якія дапамагаюць навучэнцу падрыхтавацца да самастойнай ці кантрольнай работы, паўтарыць тую ці іншую тэму.
У 2012/2013 навучальным годзе мы правялі інтэрнэт-алімпіяду для ўсіх жадаючых навучэнцаў 5—8 класаў. 104 гімназісты паўдзельнічалі ў гэтай алімпіядзе, 12 з іх узнагароджаны дыпломамі, а ўсе, хто выканаў больш за 50% заданняў, — граматамі. Такая форма работы, як дыстанцыйнае навучанне, ніяк не выцясняе ўрок, а толькі пашырае яго межы. Яна патрабуе ад настаўніка энергіі і часу, але і ўзбагачае яго арсенал, адкрывае новыя перспектывы, прыўносіць навізну і ў адносіны з вучнямі, павышае іх цікавасць да прадмета.

Без пошуку і творчасці няма сапраўднага педагога. Лічу, што ў нашым метадычным аб’яднанні працуюць толькі сапраўдныя настаўнікі. “Не з ведамі да вучняў, а з вучнямі да ведаў!” — лічыць Юлія Сяргееўна Паўлава, якая з’яўляецца членам рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій, членам творчай групы па рэалізацыі абласнога педагагічнага праекта “Задавальненне адукацыйных запытаў вучняў, пашырэнне магчымасцей дадатковай адукацыі сродкамі дыстанцыйнага навучання”. ГалушкаЯна — цэнтр усёй нашай работы па асваенні інфармацыйных тэхналогій, дарадчык і памочнік.
Юлія Сяргееўна адной з першых у гімназіі асвоіла методыку работы з інтэрактыўнай дошкай. Ужо дала шэраг адкрытых урокаў з выкарыстаннем гэтага сродку навучання. Удзельнічала ў конкурсе матэрыялаў “Адукацыя для свабоды. Ноўтбук актыўнаму настаўніку”, які праводзіць інтэрнэт-сайт nastaunik.info. Тут змешчаны ўрокі з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі “Правапіс у, ў” і “Антонімы і іх роля ў маўленні”.
Таісія Іванаўна Байкова лічыць, што настаўнік — гэта шкло, праз якое вучні глядзяць на свет. На ўроку для яе самае галоўнае — адчуванне дзяцей, іх унутранага стану. Заахвочвае вучняў да вывучэння роднай мовы і літаратуры ўласным прыкладам, шчырай, адданай любоўю да беларускай мовы.
Наталля Эдуардаўна Мірзаян не толькі творчы настаўнік, але і таленавіты выхавальнік. У 2003 годзе яна стала пераможцай конкурсу “Самы класны класны”. Умела знаходзіць таленавітых вучняў і арганізоўвае работу з імі. Як вынік — яе выхаванцы з’яўляюцца пераможцамі алімпіяд, конкурсаў, займаюцца навукова-даследчай работай. Многія вучні Наталлі Эдуардаўны закончылі навучанне на філалагічным факультэце БДУ.
Асаблівую ўвагу надае развіццю ўменняў самастойнай пазнавальнай дзейнасці вучняў, творчага стаўлення да вучобы Людміла Аляксандраўна Сінькевіч. Яна імкнецца рацыянальна спалучаць розныя метады работ на ўроку: праблемны, пошукавы, даследчы, інфармацыйны, рэпрадуктыўны. У сваёй рабоце на сучасным этапе перавагу аддае тэхналогіі праблемнага навучання, выкарыстоўвае элементы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення і інфармацыйныя камп’ютарныя тэхналогіі.
Юлія Валер’еўна Пятакова ў сваёй рабоце выкарыстоўвае элементы тэхналогіі крытычнага мыслення, праблемнага навучання, інтэгральнай тэхналогіі, інфармацыйна-камп’ютарныя тэхналогіі. Штогод рыхтуе прызёраў рэспубліканскай алімпіяды, дыпламантаў навукова-практычных вучнёўскіх канферэнцый.

З шасці настаўнікаў нашай кафедры сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій маюць чацвёра, двое рыхтуюцца да экзамену. Вынікам працы настаўнікаў метадычнага аб’яднання стала і стварэнне банка прэзентацый — інфармацыйных дапаможнікаў для правядзення ўрокаў мовы і літаратуры, пазакласных мерапрыемстваў. Прэзентацый у нас 118, адзін мультымедыйны праект, 8 прэзентацый для правядзеня ўрокаў з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі (апошнія зрабіла і карыстаецца імі Юлія Сяргееўна Паўлава). Інтэрнэт дапамагае нам і фільмамі па праграмных творах. Вельмі зручна — паглядзець фільм ці спектакль падчас вывучэння таго ці іншага твора невялікай аўдыторыяй ва ўтульным класе ці актавай зале .
З вопыту ўкаранення ў практыку інфармацыйных тэхналогій настаўнікамі мовы і літаратуры паступова адышлі стыхійнасць і бессістэмнасць, прыйшло цвёрдае разуменне таго, што выкарыстанне нават самых арыгінальных тэхналогій, метадаў і прыёмаў жаданага плёну не дасць. Любая форма, не напоўненая зместам, — гэта не больш чым “штучная метадычная біжутэрыя”, сродкі не павінны быць вышэйшымі за мэты і змест.
І да старых, даўно вядомых форм арганізацыі адукацыйнага працэсу можна ставіцца на-новаму, надаць ім новае гучанне. Я маю на ўвазе арганізацыю пазакласнай работы па прадмеце. Прааналізаваўшы мінулагоднія вынікі, мы вырашылі надаць ёй сістэмны характар. У гімназіі працуе творчая група настаўнікаў па арганізацыі і правядзенні пазакласных мерапрыемстваў, актыўнымі членамі якой з’яўляюцца Таісія Іванаўна Байкова і Наталля Эдуардаўна Мірзаян.
Навучэнцы восьмых класаў аб’яднаны ў клуб “Спадчына”, які працуе пад маім кіраўніцтвам. Мэта работы клуба – праз далучэнне падлеткаў да гістарычнай і культурнай спадчыны беларусаў выхоўваць пачуццё нацыянальнай гордасці і любові да Радзімы; праз правядзенне адкрытых пасяджэнняў клуба садзейнічаць выхаванню любові і пашаны да роднай мовы; развіваць ініцыятыву і творчасць.
У мінулым навучальным годзе на добрым узроўні прайшлі такія мерапрыемствы, як урок ведаў, прысвечаны юбілеям Якуба Коласа і Янкі Купалы, свята беларускага гумару, сустрэчы з паэтэсамі Лёляй Багдановіч і Верай Буландой, калядныя вандроўкі шасцікласнікаў з інсцэніроўкай “Цар Ірад”, свята “Свяці, кахання чыстая зара”. Клуб цесна супрацоўнічае з музычнай кафедрай гімназіі. Дзякуючы квартэту пад кіраўніцтвам Ірыны Мікалаеўны Данец нашы адкрытыя пасяджэнні становяцца яшчэ больш цікавымі, яркімі, запамінальнымі.
Школьнае метадычнае аб’яднанне павінна вывучаць, абагульняць і спрыяць пашырэнню перадавога вопыту настаўнікаў. Усім добра вядома, што настаўнік толькі да таго часу здольны выхоўваць і вучыць, пакуль сам працуе над асабістым выхаваннем і адукацыяй. Да работы па самаадукацыі настаўнікі нашага МА ставяцца вельмі сур’ёзна: над тэмамі працуюць па 2-3 гады, па гэтай жа тэме абагульняецца іх вопыт у гімназіі. Сістэматызаваны, правільна аформлены матэрыял дапамагае потым пры здачы экзамену на кваліфікацыйную катэгорыю. Вопыт настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры трансліруецца не толькі ў рамках семінараў рознага ўзроўню, што праводзяцца ў гімназіі, а запатрабаваны і на ўзроўні вобласці і рэспублікі.
Юлія Сяргееўна Паўлава, акрамя таго, што з’яўляееца пераможцай раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года-2012”, стала фіналістам сёмага конкурсу метадычных распрацовак педагагічных работнікаў Рэспублікі Беларусь “Адкрыты ўрок”, які праводзіць “Настаўніцкая газета”, у намінацыі “Лепшы ўрок па прадмеце гуманітарнага напрамку”.
Трывалыя зносіны ўстанавіліся ў нас з рэспубліканскім навукова-метадычным часопісам “Беларуская мова і літаратура”. Толькі ў канцы мінулага і пачатку гэтага навучальнага года ў рубрыцы “Запрашаем на ўрок” змешчаны пяць нашых урокаў: Людмілы Аляксандраўны Сінькевіч “Агні кахання: ці вечныя яны?” і “Чарнобыльская трагедыя ў творчасці сучасных беларускіх паэтаў”, Наталлі Міхайлаўны Галушка “Праблема кахання ў рамане І.Мележа “Людзі на балоце” і “Прыметнік як часціна мовы”, Юліі Сяргееўны Паўлавай “Правапіс у/ў”.

Методыку выкладання прадмета вывучыць на ўсё жыццё нельга. Яна ўвесь час у няспынным руху, у ёй пастаянныя толькі змены. Поспех чакае настаўніка, калі ён думае, разважае, супастаўляе, эксперыментуе.
Напрыканцы хачу заўважыць, што ў школьнай практыцы не павінна быць моды на тыя ці іншыя спосабы ўзаемадзеяння настаўніка і вучняў. Педагогу неабходна валодаць усім арсеналам метадаў, прыёмаў, сродкаў навучання, выхавання і развіцця асобы, выпрацаваных педагагічнай навукай, каб з усяго іх багацця выбраць тыя, якія забяспечваюць эфектыўнасць яго работы з канкрэтным класам на канкрэтным уроку.

Наталля ГАЛУШКА,
кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы
гімназіі №1 Барысава Мінскай вобласці.