ШУМАК Алена Рыгораўна,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Пінска.
А.Р.Шумак — выпускніца Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (1998 год, спецыяльнасць “Руская мова і літаратура”). Педагог з 18-гадовым стажам работы. Аўтар і суаўтар вучэбна-метадычных выданняў для настаўнікаў-філолагаў. Эфектыўна ўкараняе ў філалагічную падрыхтоўку гімназістаў элементы медыяадукацыі.
Намінацыя “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”
На працягу апошняга дзесяцігоддзя ў школьнай адукацыі развіваецца медыяпісьменнасць: асвойваючы медыяпрастору, сучасныя навучэнцы ўсё часцей звяртаюцца да медыятэкстаў. Нягледзячы на тое, што медыятэксты першапачаткова не прызначаны для дасягнення мэт навучання, пасля дыдактычнай апрацоўкі яны ператвараюцца або ў дадатковую вучэбную інфармацыю, або становяцца непасрэдным аб’ектам вывучэння.
А.Р.Шумак мяркуе, што ўсе ўрокі рускай літаратуры валодаюць патэнцыялам для развіцця медыяпісьменнасці навучэнцаў праз выкарыстанне медыякультурных адзінак. Але яе як настаўніка-філолага цікавіла даследаванне магчымасцей іх прымянення пры вывучэнні біяграфій празаікаў і паэтаў. Засваенне біяграфічнага матэрыялу, у чым давялося неаднаразова пераканацца, выклікае ў навучэнцаў пэўныя складанасці ўспрымання і асэнсавання, патрабуе асаблівай метадычнай апрацоўкі з прычыны пэўнай зададзенасці, існуючых стэрэатыпаў выкладання жыццёвага шляху і светаразумення літаратурных класікаў і сучаснікаў. Выбар тэмы вопыту педагагічнай работы настаўніцы быў прадвызначаны жаданнем актывізаваць на ўроках разумовую дзейнасць гімназістаў шляхам інтэграцыі ў вучэбны працэс арыгінальных медыятэкстаў і тым самым развіваць медыяпісьменнасць навучэнцаў, такую неабходную сёння для сацыялізацыі, агульнага развіцця, будучай прафесійнай дзейнасці.
Заданні на развіццё медыяпісьменнасці былі ўмоўна падзелены на 3 групы: а) тыя, што развіваюць крытычнае мысленне навучэнцаў; б) даследчыя; в) творчыя. Умоўнасць гэтага падзелу можна растлумачыць наступным чынам: медыятэксты часцей за ўсё змяняюць палітру прыёмаў, якія прымяняюцца пры вывучэнні жыццёвага і творчага шляху мастакоў слова, уплываюць на ўзаемапранікненне метадаў. Так, для праверкі дакладнасці інфармацыі пра біяграфію пісьменніка, знойдзенай за межамі падручніка, навучэнцам спачатку прапаноўваецца заданне даследчага характару, якое перарастае ў самастойнае вывучэнне медыятэксту, каштоўнага інфармацыйнымі прыўнясеннямі ў вядомыя біяграфічныя звесткі, і якое, у сваю чаргу, можа прывесці да неабходнага пошуку новай дадатковай інфармацыі і праектавання гэтага пошуку ў медыяпрасторы.
Для даследавання Алена Рыгораўна прапаноўвае гімназістам на ўроках літаратуры медыятэксты розных жанраў. Эфектыўнымі з’яўляюцца заданні, дзе неабходна даследаваць (на пачатковым этапе — па прапанаваным алгарытме) тэлевізійныя навіны пра юбілей Ф.М.Дастаеўскага, сайт, прысвечаны жыццю і творчасці Л.М.Талстога, юбілейную манету з выявай А.П.Чэхава, паштовую марку з выявай А.Т.Твардоўскага, карыкатуру на І.С.Тургенева. Заданні часткова выконваюцца з выкарыстаннем тэхналогіі BYOD, але адзначу, што пры цяжкасцях выхаду ў інтэрнэт можна выкарыстоўваць скрыншоты старонак, раздрукаваныя выявы.
Што да крытычнай ацэнкі медыятэкстаў, якія дапаўняюць праграмны біяграфічны матэрыял, то дабівацца яе настаўніца прапаноўвае праз супастаўленне: напрыклад, артыкула пра А.А.Блока ў падручніку рускай літаратуры і звестак у вікіпедыі; біяграфій У.У.Маякоўскага савецкага часу і выкладзенай у наш час.
Як паказвае вопыт, найбольшую цікавасць выклікаюць творчыя заданні, што арыентуюць на стварэнне ўласных медыяпрадуктаў. Удалым Т.Р.Шумак лічыць урок па біяграфіі У.У.Маякоўскага, дзе медыятэкстам стаў пашпарт паэта, які ствараўся навучэнцамі. Мэтазгодна вывучаць біяграфію С.А.Ясеніна праз стварэнне навучэнцамі старонкі ў “Фэйсбуку”. Біяграфія М.А.Булгакава наглядна прадстаўляецца ў распрацаванай гімназістамі Гугл-карце. Асабліва прадукцыйнай з’яўляецца групавая работа старшакласнікаў, якая дазваляе генерыраваць вялікую колькасць цікавых ідэй: ці то ў пошуку арыгінальнага медыяматэрыялу, які істотна дапаўняе вядомыя біяграфічныя старонкі (напрыклад, у 10 класе — фотаілюстрацыі дома А.П.Чэхава, што захаваўся ў Ялце; вёскі Дастоева ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці — малой радзімы Дастаеўскіх або помніка Ф.М.Дастаеўскаму ў цэнтры Іванава; у 11 класе — шматлікія апублікаваныя ўспаміны народнага артыста Расійскай Федэрацыі Аляксея Баталава пра жыццё Ганны Ахматавай у іх сям’і), ці то ў інтэрпрэтацыі, жывым і неабыякавым абмеркаванні таго, што знойдзена на медыяпрасторах, ці то ў праектаванні новага збору. Варта адзначыць, што выкананне творчых заданняў педагог імкнецца арганізоўваць на конкурснай аснове з наступным вызначэннем найлепшай работы.
У якасці прыкладу такой работы можна прывесці ўрок па біяграфіі М.А.Булгакава, мэта якога — акумуляванне творчай дзейнасці навучэнцаў падчас падрыхтоўкі і выдання газеты, прысвечанай пісьменніку. На падрыхтоўчым этапе вызначаюцца раздзелы, якія могуць быць у газеце, прыёмы прыцягнення чытачоў да апублікаванага матэрыялу, што выкарыстоўваюцца журналістамі, магчымыя складнікі: уяўнае інтэрв’ю з М.А.Булгакавым; 10 самых вядомых, на думку чытачоў газеты, цытат пісьменніка; аб’ява аб продажы рукапісу рамана “Майстар і Маргарыта”; анонс спектакля “Дні Турбіных” у тэатры імя М.А.Булгакава. Далей работа праводзіцца ў парах, невялікіх групах. Падрыхтаваныя матэрыялы размяшчаюцца на адным вялікім лісце, падобным на разварот сапраўднай газеты, даецца агульная назва, стыкерамі пазначаюцца матэрыялы, якія найбольш спадабаліся.
Заканамернае пытанне: у сувязі з інтэграваннем медыятэкстаў у структуру ўрокаў рускай літаратуры і іх метадычным забеспячэннем ці не ператворыцца большасць вучэбных заняткаў у бесперапынны працэс фарміравання выключна медыяпісьменнасці, у яе абсалютызацыю? На самай справе, як лічыць Т.Р.Шумак, медыяпісьменнасць як надпрадметная кампетэнцыя фарміруецца і развіваецца паралельна з базавымі прадметнымі ўменнямі, у цэнтры ўвагі так ці інакш застаецца асоба генія літаратуры, медыякультурныя адзінкі толькі дапаўняюць жыццёвы і творчы партрэт новымі, часта нечаканымі, раней невядомымі фарбамі, дэталямі, нюансамі. Але, займаючыся іх пошукам і матэрыялізацыяй на ўроках, і настаўнік, і яе навучэнцы ўзбагачаюцца новымі ведамі, становяцца больш эрудзіраванымі, лепш арыентуюцца ў велізарным медыясвеце.