Рэалізаваць спартыўныя амбіцыі

- 10:59Актуально, Апошнія запісы

10 лістапада ў Рэспубліканскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву ўрачыста ўзнагародзілі пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскай універсіяды — 2019. Эпідэмічная сітуацыя перашкодзіла зрабіць цырымонію масавай, але атмасферу свята захаваць удалося.

Віталі гасцей першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў, намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Барауля і старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч. “Трэба, каб героі знайшлі свае ўзнагароды, а пра вашы дасягненні даведалася ўся педагагічная грамадскасць, каб студэнты парадаваліся за агульныя дасягненні тых УВА, якія яны прадстаўляюць. Я, карыстаючыся выпадкам, хачу не толькі павіншаваць з высокімі вынікамі, за якія мы вас сёння ўзнагаро­дзім, але і пажадаць нашым спартсменам, студэнтам, спецыялістам, якія працуюць з імі, усялякіх поспехаў у спартакіядзе. Я вельмі рады, што Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту заняла сваю дастойную нішу ў падрыхтоўцы гэтых спаборніцтваў і сцяг студэнцкага спорту нясе горда, а мы дапамагаем усе разам”, — сказаў Максім Рыжанкоў.

Як адзначыў Аляксандр Кадлубай, Рэспубліканскай універсіядзе адводзіцца цэнтральнае месца ў сістэме студэнцкага спорту. Яна даўно стала стартавай пляцоўкай для спорту вышэйшых дасягненняў. Тыя студэн­ты, якія актыўна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах, у перспектыве могуць заняць месцы ў нацыянальных зборных. “Я хацеў бы падзякаваць камандзе і адміністрацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія карпатлівай працай ствараюць умовы для таго, каб кожны студэнт мог рэалізоўваць спартыўныя амбіцыі ад аматарскага да прафесійнага ўзроўню. Аналізуючы вынікі, якія ў нас ужо ёсць, мы можам з упэўненасцю сказаць, што наперадзе ў нашай краіны яркія спартыўныя дасягненні сённяшніх галоўных герояў — студэнтаў”.

У першай групе Рэспубліканскай універсіяды — 2019 3-е месца заняў БДПУ імя Максіма Танка. Зборныя каманды ўніверсітэта паказваюць асабліва добрыя вынікі ў дзюдо, лыжных гонках, біятлоне, барацьбе самба і міні-футболе. 2-е месца — у БНТУ. Каманда заняла 1-е месца па гандболе сярод жаночых каманд, 2-е месца ў спаборніцтвах па плаванні, футболе, трыятлоне і гіравым спорце. Пераможцам першай групы стаў ГрДУ імя Янкі Купалы. На працягу апошніх 5 гадоў універсітэт уваходзіць у тройку прызёраў Рэспубліканскай універсіяды. У 2019 годзе каманда заняла пяць першых, тры другія і пяць трэціх месцаў.

У другой групе 3-е месца заслужыў БДЭУ. Зборныя каманды ўніверсітэта годна выступаюць у гандболе, валейболе, плаванні і спартыўнай аэробіцы. 2-е месца заняў БДТУ. У спаборніцтвах па армрэслінгу каманда стала пераможцай. 1-е месца — у БДУІРа. Зборныя ўніверсітэта паспяхова паказваюць сябе ў баскетболе, валейболе, пляжным валейболе, бадмінтоне, тайландскім боксе і шахматах.

У трэцяй групе 3-е месца — у ГрДМУ. Студэнты ў 2019 го­дзе ўдзельнічалі ў 15 відах спорту ўніверсіяды. Найбольшых поспехаў яны дасягнулі ў шахматах, гіравым спорце, армрэслінгу, баскетболе і плаванні. 2-е месца адышло БДАТУ. Штогод студэнты становяцца прызёрамі па тайландскім боксе і цяжкай атлетыцы. 1-е месца заняў БРУ. За апошніх 10 гадоў універсітэт упершыню перамог у сваёй групе.

У чацвёртай групе 3-е месца заваявала Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Многія з выпускнікоў акадэміі сталі заслужанымі майстрамі спорту Беларусі і міжнароднага класа. Ёсць сярод іх і ўдзельнікі Алімпійскіх гульняў. 2-е месца — у ВДТУ. У 2019 годзе каманды па лёгкай атлетыцы, веласіпедным спорце, мнагаборстве “Здароўе” сталі прызёрамі ўніверсіяды, а каманда па трыятлоне — пераможцай. 1-е месца заняў Універсітэт грамадзян­скай абароны МНС Беларусі. Яго гонар — пераможцы і прызёры сусветных і кантынентальных першынстваў па пажарна-выратавальным спорце, рукапашным баі, змешаных адзінабор­ствах і лёгкай атлетыцы.

Абсалютным пераможцам Рэспубліканскай універсіяды — 2019 стаў БДУФК.

Акрамя таго, на цырымоніі ўручылі спецыяльныя прызы ад Беларускай федэрацыі футбола. Іх атрымалі каманды-пераможцы Рэспубліканскай студэнцкай футбольнай лігі — 2019 і Рэспубліканскай універсіяды па міні-футболе — 2019. Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту ўзнагародзіла пераможцаў анлайн-турніраў па FIFA20 і шахматах. Іх правялі сумесна з федэрацыяй шахмат і федэрацыяй кіберспорту.

Узнагароджанне прызёраў універсіяды праходзіла паміж матчамі Рэспубліканскай студэнцкай баскетбольнай лігі — 2020. У матчы за 3-е месца перамог БДУФК. Каманда разграміла сапернікаў з ГрДУ — 99:63. Студэнта БДУФК Максіма Каратцова ўзнагародзілі спецыяльным прызам Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту “За лепшую тэхніку”. У фінальнай сустрэчы БДУІР перайграў БНТУ з лікам 95:74. MVP фіналу прызналі студэнта БДУІР Генадзя Захара.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.