Рэпартаж з урока: «Беларусь у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў»

- 10:00Образование, Портфолио, Приложение

Эмацыянальныя, шчымлівыя, пранікнёныя… Кранаюць да глыбіні душы, не пакідаюць абыякавымі, уразаюцца ў памяць, вучаць чалавечнасці, дабрыні, міласэрнасці… Менавіта на такі ўрок у 11 класе па тэме “Беларусь у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў” запрасіла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 146 Мінска Святлана Шавель.

У вучэбны кабінет я зайшла за 10 мінут да пачатку ўрока. Святлана Аляксанд­раўна рабіла апошнія прыгатаванні. На вучнёўскіх сталах, расстаўленых для работы ў групах, былі раскладзены вучэбныя дапаможнікі “Гісторыя Беларусі, ХІХ — пачатак ХХІ стагоддзя” пад рэдакцыяй А.Касовіча, А.Салаўянава, ілюстрацыі, раздатачны матэ­рыял, рабочыя лісты для вывучэння матэрыялу і самакантролю. Мільгаў агеньчыкамі вось-вось гатовы ўключыцца ў работу мультыборд.

Асаблівую атмасферу ў класе стварае музейная экспазіцыя “Гісторыя маёй сям’і ў гісторыі маёй краіны”, якая адразу прыцягвае ўвагу наведвальнікаў. Створаны намаганнямі педагогаў і навучэнцаў школы музейны куток змяшчае фотаздымкі, асабістыя рэчы герояў вайны, матэрыялы, прысвечаныя генацыду беларускага народа, пераносныя экспазіцыі “Музей у чамадане” рознай тэматыкі. Па словах дырэктара гімназіі Святланы Бондаравай, у найбліжэйшай перспектыве плануецца распрацаваць праект на атрыманне гранта Мінгарвыканкама аб ролі гісторыі сям’і ў гісторыі краіны і папоўніць музейны куток экспанатамі і іншымі матэрыяламі.

Мэты ўрока:

Вучэбная: садзейнічаць фарміраванню ў навучэнцаў сістэмных ведаў па гісторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў, замацаваць веды аб этапах і асаблівасцях вайны на тэрыторыі Беларусі, устанавіць залежнасць паміж гісторыяй краіны і гісторыяй сям’і, актуалізаваць веды аб сімвалах і месцах памяці беларускага народа аб падзеях Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Развіццёвая: працягваць фарміраваць у навучэнцаў уменні самастойна вызначаць мэты свайго навучання, прадстаўляць, аналізаваць і карэкціраваць іх вынікі ва ўмовах індывідуальнай і калектыўна-размеркавальнай дзейнасці; сістэматызаваць і абагульняць змест вучэбнага матэрыялу і рабіць на аснове гэтага аргументаваныя высновы; ажыццяўляць пошук, збор, апрацоўку розных крыніц сацыяльна-гістарычнай інфармацыі з магчымасцю яе пераводу з візуальнага ў вербальны від, і наадварот.

Выхаваўчая: садзейнічаць выхаванню ў навучэнцаў асобасных перакананняў на аснове пачуцця гордасці за гістарычную спадчыну Беларусі, фарміраванню светапогляду і каштоўнасных арыентацый асобы.

І вось гучыць званок. Настаўніца вітаецца з адзінаццацікласнікамі і настройвае іх на рабочы лад.

Сёння наш урок я хачу пачаць каля музейнай экспазіцыі. Чаму менавіта тут? — пытаецца ў вучняў Святлана Аляксандраўна.

Гэта месца, у якім сабраны рэчы часоў Вялікай Айчыннай вайны, і гэта памяць пра тыя па­дзеі, — тут жа ўключаюцца ў размову гімназісты.

Гэта даніна павагі людзям, якія змагаліся супраць ворагаў, і магчымасць прыгадаць іх подзвігі, — чуецца голас цемнавалосага юнака.

Так. Усё правільна. Вайна, аб якой мы з вамі гаварылі на працягу некалькіх урокаў, цесна звязана з гісторыяй кожнай сям’і, таму тут,  ля музейнай экспазіцыі, мы пачынаем наш урок, — адзначыла настаўніца. — А зараз я прапаную вам “Музейную скарбонку”. (У руках педагога з’явілася чырвоная скрыня.) Як вы лічыце, што можа знаходзіцца ў ёй? І як гэты прадмет будзе звязаны з тэмай урока?

— Магчыма, узнагароды, — адразу пачуўся правільны адказ.

— Сапраўды, у скарбонцы — ордэн і медалі прадзеда навучэнца нашай гімназіі Данііла Станкевіча — Эдуарда Іосіфавіча Лукашэвіча. Ён партызаніў, быў удзельнікам вызвалення Польшчы, ваяваў у Маньчжурыі. І нам неабходна зберагчы памяць аб гэтым легендарным чалавеку. Што для нас сёння значаць гэтыя медалі?

— Гэта знак павагі, памяць, гістарычная крыніца, — пачуліся галасы старшакласнікаў.

— Згодна. Гэта і сямейная рэліквія, сімвал памяці, — дадала настаўніца.

Святлана Аляксандраўна прапанавала вучням звярнуць увагу на экран, на якім быў прадстаўлены кросенс, і адказаць на пытанне, якая галоўная думка ў ім зашыфравана. Навучэнцы ахарактарызавалі помнікі-сімвалы Вялікай Айчыннай вайны (сярод якіх — Брэсцкая крэпасць-герой, мемарыяльны комлекс “Хатынь”, помнік Марату Казею, Курган Славы і інш.) і адзначылі, што яны адлюс­троўваюць храналогію падзей вайны ў нашай краіне. Гэта этапы вайны на тэрыторыі Беларусі і этапы ўрока “Беларусь у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў”.

Вучні самастойна сфармуля­валі мэты ўрока, сярод якіх — назваць этапы Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі; на падставе фактаў даць ацэнку па­дзеям; знайсці ў дакументах факты, якія пацвярджа­юць тое ці іншае меркаванне, вынесці ўрокі з падзей Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

На інфармацыйна-дзейнасным этапе навучэнцы падзяліліся на чатыры групы. Кожнай з іх былі прапанаваны практыка-арыентаваныя заданні:

1-я група — “Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі ў Беларусі і іх значэнне”;

2-я група — “Германскі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі ў 1941 — 1944 гадах. Палітыка генацыду насельніцтва Беларусі”;

3-я група — “Партызанскі рух і падпольная барацьба на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады вайны”;

4-я група — “Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.

Працуючы з гістарычнымі крыніцамі, старшакласнікам неабходна было даць адказ на пастаўленыя пытанні. Так, напрыклад, апошняй групе прапаноўваліся пытанні:

  1. Сіламі якіх франтоў право­дзілася Беларуская наступальная аперацыя?
  2. Чаму савецкая камандаванне вырашыла нанесці галоўны ўдар па германскіх войсках летам 1944 года менавіта на тэрыторыі Беларусі?
  3. Патлумачце назву, якую атрымала Беларуская наступальная аперацыя. Як яна звязана з падзеямі вайны 1812 года, якія разгортваліся на тэрыторыі Беларусі?
  4. Чаму дзень, калі адбылася гістарычная падзея, прадстаўленая на карціне В.Волкава, у выніку ўсенароднага галаса­вання на рэспубліканскім рэферэндуме 1996 года быў аб’яўлены Днём Незалежнасці Рэспуб­лікі Беларусь?

У якасці гістарычных крыніц адзінаццацікласнікам былі прадстаўлены карта “Аперацыя “Баграціён” (23 чэрвеня — 29 жніўня 1944 года), урывак з кнігі Г.К.Жукава “Успаміны і разважанні”: “Генеральнае наступленне было адкрыта 23 чэрвеня вайскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту…”, а таксама карціна В.Волкава “Мінск. 3 ліпеня 1944 года”.

Навучэнцы актыўна ўключыліся ў работу. Было відаць, што гэта дарослыя людзі, выпускнікі, якія за гады вучобы навучыліся працаваць у камандзе, размяркоўваць работу, кожнае меркаванне выслухоўвалася, выпрацоўвалася агульнае рашэнне.

На раздадзеных рабочых лістах старшакласнікам неабходна было зафіксаваць свае адказы і інфармацыю, пачутую ад іншых груп, з чым яны паспяхова справіліся. Адзін вучань ад кожнай групы прадстаўляў атрыманую інфармацыю. Так, група, якая разглядала палітыку генацыду, адзначыла, што Вялікая Перамога захавала беларускі народ і дала яму магчымасць жыць на роднай зямлі, бо ў выпадку сваёй перамогі фашысты планавалі выселіць 75 працэнтаў беларускага насельніцтва, 25 працэнтаў насельніцтва анямечыць і выкарыстоўваць у якасці рабочай сілы (сельскагаспадарчых або прамысловых рабочых, рамеснікаў), засяліць тэрыторыю Беларусі нямецкімі перасяленцамі. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што немцы мэтанакіравана право­дзілі палітыку масавага знішчэння насельніцтва Беларусі. Да месцаў найбольш масавага знішчэння людзей на акупіраванай тэрыторыі Беларусі адносяцца Трасцянец, Мінскае гета, Лясная і інш. Планы гітлераўцаў і іх дзеянні на акупіраванай тэрыторыі Беларусі былі несумяшчальныя з існаваннем беларускага народа.

З дапамогай прыёму “Пазл” па тэматычных картках вучні сабраліся ў новыя групы (дарэчы, перамяшчэнне па класе стала для старшакласнікаў своеасаблівай фізкультхвілінкай). Кожнай групе настаўніца прапанавала  скласці інтэлект-карту па адной з чатырох тэм, прапанаваных для работы раней.

Ізноў у класе пачуўся рабочы гул. А праз 5 мінут на дошцы з’явіліся чатыры інтэлект-карты, кожную з якіх пракаменціравалі прадстаўнікі ад груп. Адказы вучняў атрымаліся інфарматыў­нымі і пазнавальнымі. Гімназісты прадэманстравалі сваё ўменне працаваць з інфармацыяй, абагульняць веды, устанаўлі­ваць прычынна-выніковыя сувязі, рабіць высновы. Стварэнне інтэлект-карт дапамагло старшакласнікам раскласці аб’ёмную інфармацыю па палічках, суаднесці новы матэрыял з наяўнымі ведамі.

Кожнаму прадстаўніку групы Святлана Аляксандраўна прапанавала праблемнае пытанне:

  1. У заходняй літаратуры прычынамі краху гітлераўскага плана “маланкавай вайны” называюць ваенныя і палітычныя памылкі А.Гітлера, неспрыяльныя кліматычныя ўмовы і вялізныя тэрыторыі СССР, а таксама дапамога Савецкаму Саюзу з боку Вялікабрытаніі і ЗША. Ці згодны вы з выказанай думкай? Якія прычыны правалу гітлераўскага плана “маланкавай вайны” вы б назвалі?
  2. Ці можна назваць дзеянні, здзейсненыя нацысцкімі злачынцамі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, генацыдам беларускага народа?
  3. Адзін з военачальнікаў нацысцкай Германіі ўспамінаў пра падзеі Беларускай наступальнай аперацыі: “У той час, як на фронце ў Нармандыі разгортваліся перадавыя часткі заходніх саюзнікаў і рыхтаваліся ажыццявіць прарыў нашага фронту… на Усходнім фронце развіваліся падзеі, якія непасрэдна наблізілі страшэнную катастрофу”. Якія факты ў прыведзеных крыніцах пацвярджа­юць гэтае меркаванне?
  4. Дакажыце, што барацьба беларусаў супраць германскіх акупантаў мела народны характар.

Вучні з веданнем справы, пераканаўча адказвалі на пытанні. Так, у апошнім пытанні яны падкрэслілі, што ў барацьбе су­праць германскіх акупантаў прынялі ўдзел 374 тысячы партызан і 70 тысяч падпольшчыкаў. Стваральнікамі першых партызанскіх атрадаў сталі партыйныя і савецкія кіраўнікі, чырвонаармейцы, якія трапілі ў акружэнне, і звычайныя грамадзяне. Ужо на пяты дзень вайны ў Пінскім раёне быў сфарміраваны партызанскі атрад, які ўзначальваў У.Корж. У гэты ж час у Кастрычніцкім раёне Палескай вобласці быў арганізаваны партызанскі атрад “Чырвоны Кастрычнік”, які ўзначалілі Ц.П.Бумажкоў і Ф.І.Паўлоўскі — першыя з савецкіх партызан, якім у жніўні 1941-га было прысвое­на званне Героя Савецкага Саюза. У ліпені 1941 года рабочыя кардоннай фабрыкі ў пасёлку Пудоць Суражскага раёна арганізавалі партызанскі атрад пад кіраўніцтвам дырэктара М.Шмырова (партызанскі псеўданім Бацька Мінай).

Разам з фарміраваннем партызанскіх атрадаў у многіх населеных пунктах Беларусі паўсталі падпольныя арганізацыі, якія дзейнічалі ў Мінску, Віцебску і інш. Яркая старонка барацьбы падпольшчыкаў — Мінскае падполле, арганізатарамі якога былі I.Казінец, I.Кавалёў, У.Амельянюк, І.Матусевіч і інш. З першых дзён акупацыі падпольшчыкі здзяйснялі дыверсіі на прадпрыемствах, у фашысцкіх установах, перадавалі ў партызанскія атрады зброю, медыкаменты, звесткі аб руху ваенных эшалонаў, планы размяшчэння ваенных аб’ектаў. Усё гэта сведчыць пра тое, што барацьба на тэрыторыі Беларусі насіла народны характар.

Праверка творчага дамашняга задання адбывалася з дапамогай прыёму “Адкрыты мікрафон”. Вучні падзяліліся кароткімі звесткамі з гісторыі сваёй сям’і ў гады вайны. Так, Уладзімір Казлоўскі расказаў пра свайго прапрадзеда Андрэя Міхайлавіча Яфрэмава, які нарадзіўся ў Заходняй Украіне ў сям’і селяніна. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны малады чалавек сустрэў у вучылішчы. З лютага па май 1942 года быў слухачом Ваеннай акадэміі механізацыі і матарызацыі, прайшоў курсы камандзіраў і быў накіраваны на фронт у якасці начальніка штаба 159-й танкавай брыгады, якая прымала актыўны ўдзел у баях пад Сталінградам. Прапрадзед быў некалькі разоў паранены. Пры наступленні на Спас-Дзяменск пасля цяжкага ранення быў эвакуіраваны. Удастоены шматлікіх узнагарод.

Трэба было бачыць, з якім хваляваннем у голасе адзінаццацікласнікі расказвалі пра сваіх родных, як, здаецца, самі перажывалі тыя страшэнныя дні вайны.

Вынікі ўрока былі падведзены па “Формуле ПОПС” (ПОПС: П — позиция (я лічу, што…), О — обоснование (таму, што), П — пример (я магу гэта даказаць на прыкла­дзе…), с — следствие (такім чынам).

Навучэнцы зрабілі выснову, што вайна — гэта наш боль, памяць аб мінулых падзеях, таму што памылкі мінулага якраз і робяцца для таго, каб не здзяйсняць іх сёння. Нашы продкі — моцныя, мужныя, самаадданыя людзі. Мы можам гэта даказаць на прыкла­дзе нашых прадзедаў і прабабуль, бо менавіта яны ўносілі ўклад у гісторыю і дэманстравалі, як трэба рабіць і як не трэба. Ідэалогія нацызму ідзе ў разрэз з любымі праявамі чалавечай маралі. Нельга дапускаць памылак мінулага, і трэба спыняць любыя дзеянні па разгортванні вайны.

— Так. Вялікая Айчынная вайна пакінула незабыўны след у нашай гісторыі, нашай памяці, нашых сэрцах і ў нашых сем’ях. Я з вамі згодна: мы павінны берагчы гісторыю, памятаць пра яе, каб не здзяйс­няць памылак мінулага, — падкрэсліла педагог.

У якасці дамашняга задання Святлана Аляксандраўна прапанавала вучням напі­саць эсэ “Жывая памяць: мая сям’я ў гады вайны”. У адказ пачуліся апладысменты і словы навучэнцаў: “Вялікі дзякуй за ўрок!”

***

Урок па гісторыі Беларусі праводзіўся ў 11 “А” класе, — пракаменціравала С.А.Шавель. — Яго вучні — нашы выпускнікі, вельмі адказныя, сур’ёзныя вучні, якія заўсёды пад­рыхтаваны да ўрока, адгукаюцца на любыя прапановы. Даў творчае заданне напісаць эсэ — зробяць, прапанаваў сабраць “музей у чамадане” — таксама адгукнуцца. Яны прымаюць актыўны ўдзел у навукова-даследчай дзейнасці, з’яўляюцца пераможцамі НПК рознага ўзроўню. Так, Ганна Шако ў мінулым го­дзе стала ўладальніцай дыплома ІІІ ступені рэспубліканскай канферэнцыі (з міжнародным удзелам) “У імя Радзімы і чалавека”. З гэтымі вучнямі лёгка і прыемна працаваць. З імі я адчуваю сябе ўтульна, камфортна. І мне здаецца, што яны таксама адчуваюць сябе камфортна са мной.

Праведзены ўрок па тэме “Беларусь у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў”— другі ў тэме. Калі на першым уроку на тэарэтычным узроўні вучні прыгадвалі гістарычныя факты, то тут неабходна было іх сістэматызаваць. Па тыпалогіі гэта ўрок удасканалення ведаў, уменняў і навыкаў. На ім стаяла задача садзейнічаць фарміраванню сістэмных ведаў, і гэта ў нас атрымалася. Сёння асаблівая ўвага звяртаецца на развіццё ў вучняў кампетэнцый, таму і групавая работа адбываецца як асноўная. Тут ёсць і камунікацыя, і калабарацыя — тыя кампетэнцыі, якія неабходны чалавеку ў сучасным свеце. Акрамя таго, адзінаццацікласнікі працавалі з практыка-арыентаванымі заданнямі. Гэта значыць, яны вучыліся здабы­ваць інфармацыю, аналізаваць яе. А сёння гэта ключавая задача сучаснай адукацыі. Акрамя групавой работы, мела месца франтальная і індывідуальная работа. Я прымяняла часткова-пошукавы, рэпрадукцыйна-пошукавы, праблемны метады, паспрабавала скамбінаваць розныя прыёмы навучання, пачынаючы ад “Музейнай скарбонкі” (па аналогіі з “Чорнай скрыняй”) да “Адкрытага мікрафона”.

Вельмі выйгрышны варыянт — разглядаць гісторыю Беларусі праз гісторыю сям’і, бо ў кожнай сям’і захоўваецца памяць аб родных. Выхаваўчая мэта тут выхо­дзіць на першы план. Вельмі важна фарміраваць асобасныя перакананні навучэнцаў на аснове пачуцця гордасці за гістарычную спадчыну. Прапускаючы праз сябе падзеі, факты, вучні фарміруюць каштоўнасныя адносіны не толькі да сваёй сямейнай гісторыі, але і да гісторыі ў цэлым. Яны пераконваюцца, што гісторыя іх сям’і  — маленькая часцінка ўсеагульнай гісторыі. Вельмі важна паводзіць сябе годна, каб пакінуць у ёй дастойны след. Хочацца, каб урокі для маіх выхаванцаў былі не проста ўрокамі, а ўрокамі далёкага дзеяння. Каб яны разумелі, для чаго ім гэта патрэбна: вучоба не дзеля вучобы, а дзеля жыцця.

Даведка

Святлана Шавель — пераможца гарадскога конкурсу “Панарама інавацыйных адукацыйных практык “Акадэмія ўрока — 2022” у намінацыі “Інфармацыйныя перакрыжаванні”, уладальніца прэміі Мінгарвыканкама ў конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара