Рэспубліканскае свята «Апошні званок» пройдзе 23—24 мая ў Брэсце

- 14:14Актуально, Новости

Як будуць арганізаваны ў Беларусі ўрачыстыя мерапрыемствы «Апошні званок» і «Выпускны вечар», карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

«Апошні званок» і «Выпускны вечар» ва ўстановах адукацыі — адны з самых значных, маштабных, эмацыянальных і кранальных мерапрыемстваў, яны маюць асаблівае значэнне ў жыцці кожнага выпускніка, яго бацькоў і педагогаў, — адзначыў А. Кадлубай. — Па традыцыі праводзяцца ў памяшканні школы, ва ўстановах культуры, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама на адкрытай пляцоўцы. Творчы патэнцыял педагагічных калектываў нашых школ сёння дазваляе арганізаваць выпускны вечар без прыцягнення іншых арганізатараў.

Нагадаем, апошні званок для навучэнцаў 9-х і 11-х класаў прагучыць 25 мая, а выпускныя для адзінаццацікласнікаў пройдуць 14 чэрвеня.

Формы правядзення выпускных вечароў могуць быць разнастайнымі: цырымонія «Юнацтва ўступае ў жыццё» з уручэннем узнагарод у пэўных намінацыях, фестываль «Выпускнік-2024», памятнае дзейства ў выглядзе закладкі алеі або капсулы памяці і інш. Самадзейны школьны капуснік дазволіць прыгадаць самыя яркія старонкі школьнага жыцця, а выпускны вечар у форме прэзентацыі «Кінастужка школьных дзён» дасць магчымасць узнавіць рэтраспектыву школьных гадоў, этапы сталення выпускнікоў. Кожная ўстанова распрацоўвае свой сцэнарый правядзення гэтых мерапрыемстваў, змястоўна яны павінны мець выхаваўчы патэнцыял. Разам з класічнымі падыходамі вітаюцца і новыя фарматы.

Міністэрствам адукацыі пытанні правядзення выпускных вечароў у рэстаранах, кафэ, іншых аб’ектах не рэгламентуюцца. Час, працягласць і месца правядзення выпускнога вечара вызначаюцца рашэннем, якое прымаецца кіраўніком установы адукацыі з удзелам бацькоўскага камітэта і па ўзгадненні з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам.

Начальнікі структурных падраздзяленняў гарадскіх, раённых выканкамаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, у тым ліку кіраўнікі ўстаноў адукацыі абласнога падпарадкавання, нясуць персанальную адказнасць за належную арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў, стварэнне бяспечных умоў падчас іх правядзення, ажыццяўляюць кантроль за зместам сцэнарыяў.

Абавязкова павінна быць арганізавана дзяжурства педагагічных і іншых работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, законных прадстаўнікоў навучэнцаў падчас правядзення мерапрыемстваў, а таксама суправаджэнне выпускнікоў педагогамі з прыцягненнем законных прадстаўнікоў навучэнцаў падчас масавых гулянняў на гарадскіх вуліцах і ў парках, сустрэчы світанання.

***

— Удзельнікамі рэспубліканскага свята «Апошні званок», якое пройдзе ў гэтым годзе ў Брэсце 23-24 мая, стануць лепшыя навучэнцы 11-х класаў: па 100 чалавек з кожнай вобласці, Мінска і 2000 чалавек з Брэста, — расказаў А. Кадлубай. — У межах мерапрыемства прадугледжаны ўскладанне кветак на плошчы Цырыманіялаў у мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», шэсце ўдзельнікаў свята, правядзенне цырымоніі ўзнагароджання ў Парку культуры і адпачынку, падчас якой лепшым выпускнікам (пераможцам міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, турніраў) будуць уручаны каштоўныя падарункі і прызы. Пасля ўрачыстай часткі для ўдзельнікаў «Апошняга званка» на базе Брэсцкага абласнога клуба па гульнявых відах спорту «Вікторыя» імя А.П. Мяшкова арганізуюць дыскатэку і канцэртную праграму, у якой прымуць удзел папулярныя сярод моладзі прадстаўнікі сучаснай беларускай эстрады.

У кожным рэгіёне краіны запланаваны гарадскія, раённыя ўрачыстыя мерапрыемствы. Напрыклад, у Гомелі другі год будзе праходзіць агульнагарадское свята «Апошні званок» з 18.00 да 21.00. На яго запрашаюцца лепшыя выпускнікі — больш за 1000 хлопчыкаў і дзяўчынак. Пачнецца мерапрыемства з ускладання кветак ля Вечнага агню, потым на стадыёне «Лакаматыў» будзе арганізавана ўрачыстая частка і танцавальна-забаўляльная праграма.

У Чавускім раёне «Апошні званок» і «Выпускны вечар» пройдуць у форме вечара-канцэрта. Сімвалічным завяршэннем выпускнога балю ў Светлагорску стане сустрэча світання на набярэжнай, дзе збяруцца выпускнікі горада.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара