Рэспубліканскае свята «Апошні званок»: сем класных кіраўнікоў адзначаны падзякамі Міністэрства адукацыі

- 10:06Актуально, Новости

Цёплы майскі дождж, які нечаканым госцем прайшоўся па брэсцкіх вуліцах, не толькі не сапсаваў вясёлага настрою ўдзельнікаў рэспубліканскага свята апошняга званка, але нават палепшыў яго, падарыўшы дадатковую порцыю станоўчых эмоцый. Сёлетняя маладзёжная сталіца Беларусі сабрала амаль 3 тысячы выпускнікоў і педагогаў з усёй краіны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Спачатку школьнікі на чале з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом і іншымі ганаровымі гасцямі аддалі даніну павагі абаронцам легендарнай цытадэлі над Бугам, усклаўшы кветкі да некропаля мемарыяла, пасля чаго ў суправаджэнні тэатралізаванай групы рушылі па цэнтральнай гарадской вуліцы гаманкой, шумнай калонай, вітаючы брэс­таўчан маханнем рук і ўсмешкамі.

На сцэне Парку культуры і адпачынку разгарнулася святочнае шоу з песнямі і танцамі пад узнёсла-рамантычнай назвай “Крылатыя арэлі”, падрыхтаванае мясцовымі творчымі калектывамі і выканаўцамі.

У рамках мерапрыемства больш за 30 лепшых выпускнікоў з ліку пераможцаў алімпіяд, конкурсаў і спартыўных спаборніц­тваў атрымалі з рук міністра адукацыі Андрэя Іванца, намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзіма Краўчука і першага сакратара ЦК БРСМ Аляксанд­ра Лук’янава каштоўныя падарункі ў розных намінацыях.

Не засталіся без заслужаных узнагарод і педагогі. Сем класных кіраўнікоў былі адзначаны падзячнымі пісьмамі галіновага міністэрства. Сярод іх — настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Маршалкіна з сярэдняй школы № 10 Пінска, настаўніца французскай мовы Валянціна Герасімовіч з гімназіі № 3 імя А.С.Пушкіна Віцебска, настаўніца гісторыі Ірына Клімянок з гомельскага гарадскога ліцэя № 1, настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Салаўёва з сярэдняй школы № 3 Дзятлава, выхавальніца Вольга Папова з Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, настаўніца хіміі Наталля Грышанава з сярэдняй школы № 45 Магілёва і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Дзяшук з гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска.

Па словах міністра адукацыі, сёлетнімі выпускнікамі школ стануць больш за 55 тысяч адзінаццацікласнікаў, з якіх запрашэнні на рэспубліканскае свята апошняга званка атрымалі юнакі і дзяўчаты, лепшыя ў вучобе, творчасці, спорце і грамадскім жыцці.

— У Беларусі добрая будучыня, бо ў нас разумная і творчая моладзь, якая любіць сваю краіну і гатова працаваць дзеля яе росквіту, — адзначыў Андрэй Іванец. — Дзяржава стварае неабходныя ўмовы для самарэалізацыі і стваральнай працы.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў свята, міністр адукацыі пажадаў ім верыць ва ўласныя сілы і ведаць, што яны заўсёды могуць разлічваць на дапамогу старэйшага пакалення.

— Няхай выбраная адукацыйная траекторыя і наступнае прафесійнае станаўленне акажуцца правільнымі і паспяховымі, бо ад гэтага залежыць усё далейшае жыццё, — заўважыў Андрэй Іванец. — Пры гэтым важна не забываць тых людзей, якія ўклалі ў вас веды і многае іншае, без чаго нельга адбыцца як асоба.

Адметнасцю сёлетняга рэспубліканскага свята стала тое, што апошні званок для адзінаццацікласнікаў краіны далі першакласнікі і выпускнікі ўсіх школ Брэс­та: кожная пара прыйшла са сваім званочкам. Традыцыйны развітальны вальс закружыў пад вячэрнім небам у парку школьнікаў і ганаровых гасцей. А завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам з дыскатэкай і феерверкам у гонар выпускнікоў.

Людміла Маршалкіна — класны кіраўнік аднаго з ваенна-патрыятычных класаў, якія дзейнічаюць у сярэдняй школе № 10 Пінска з 2016 года. Пад крылом педагога — 12 юнакоў і 5 дзяўчат.

— Працуючы з імі не адзін год, пераканалася, што менавіта класны кіраўнік адыгрывае важную ролю ў выхаванні дзяцей, таму імкнуся заўсёды быць для іх прыкладам, — гаворыць Людміла Эдуардаўна, якая вельмі ганарыцца сваім класам. — Усе вучні мэтанакіраваныя і адказныя, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Юнакі з’яўляюцца членамі маладзёжнага атрада аховы правапарадку, а дзяўчаты — валанцёрскага атрада “Добрае сэрца”.

Радуюць і вучэбныя поспехі школьнікаў. Так, Настасся Скаржынец і Дзмітрый Сарокін прэтэндуюць на атэстат асаблівага ўзору. Максім Хоміч, Аляксандр Турчыновіч і Уладзіслаў Пархамчук па выніках універсітэцкай алімпіяды па фізіцы ўжо амаль студэнты БрДТУ. Кірыл Навумчык — пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізкультуры, а Вікторыя Вежнавец — заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу даследчых работ у секцыі “Чалавек і сучаснае грамадства” па грамадазнаўстве (настаўніца Алена Ярашук), а таксама саіскальніца прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у навукова-даследчай дзейнасці, грамадзянска-патрыятычных мерапрыемствах, акцыях, конкурсах і праектах, прымеркаваных да розных знакавых дат. Так, летась Настасся Сідарэвіч была адзначана дыпломам ІІ ступені на VI форуме вучняў школ, якія ўзаемадзейнічаюць з Акадэміяй МУС Беларусі (настаўніца Людміла Маршалкіна), а сёлета стала абсалютнай пераможцай у абласным этапе маладзёжнага творчага конкурсу “Памятаць. Шанаваць. Не дапусціць” у намінацыі “Лепшае эсэ” (настаўніца
Людміла Маршалкіна). Акрамя таго, Нас­тасся годна прадставіла Пінск у беларускі-расійскім праекце “Цягнік Памяці”. Андрэй Антановіч і Настасся Скаржынец аказаліся наймацнейшымі па выніках абласнога конкурсу “#Спецназ_day”. Сцяганосная група школы з ліку Настассі Сідарэвіч, Андрэя Антановіча, Кірыла Навумчыка і Настассі Скаржынец другі год запар становіцца лепшай у гарадскім конкурсе “Раўненне на сцяг”. А нядаўна школьнікі святкавалі перамогу ў гарадскім конкурсе агляду строю і песні “Легендарная і несакрушальная”.

Людміла Маршалкіна спадзяецца, што яе работа не толькі аб’ядноўвае дзяцей, але і дапамагае вырасціць з іх сапраўдных пат­рыётаў, якія любяць Радзіму не на словах, а на справе.

Педагог лічыць гонарам пабываць на рэспубліканскім свяце апошняга званка, за што ўдзячна начальніку ўпраўлення па адукацыі Пінскага гарвыканкама Вользе Леўчанка і яе намесніку Людміле Былінскай.

— Урачыстасць у Брэсце назаўсёды застанецца ў памяці маіх выхаванцаў, — упэўнена Людміла Маршалкіна, якая ўдзяч­на таксама дырэктару школы Сяргею Тамільчыку і яго намеснікам Ірыне Ракіцкай, Святлане Жук і Наталлі Барычэўскай за веру ў вучняў і падтрымку ва ўсіх пачынаннях.

Педагог не хавае эмоцый: “Сёлета ўпершыню выпускаю 11 клас. Гэта сумна і радасна адначасова. Сумна, бо не хочацца развітвацца з ім, а радасна, бо штодзень бачу вынікі сваёй настойлівай і карпатлівай працы. Пісьмо падзякі, атрыманае з рук міністра адукацыі, толькі пацвярджае, што рухаюся ў правільным кірунку”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара