Рэспубліканскі конкурс даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык”.

- 9:01Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

Ці ёсць у молі зубы? Чаму рыбы не тонуць у вадзе? Навошта колу паветра? Як прадказаць надвор’е на заўтра?

Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні шукалі ўдзельнікі рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык”. Конкурс праводзіцца з мэтай развіцця інтэлектуальна­творчага патэнцыялу дзяцей. Сёлета ў фінал трапілі 28 чалавек. Спонсарам спаборніцтваў выступіў ПВТ. Вынікі падводзіліся ў АПА. Старшынёй журы конкурсу была Юлія Кіслякова, дэкан факультэта кіравання і прафесійнага развіцця педагогаў Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка.

Камяні на агародзе

У намінацыі “Дзіця і прырода” дыплом І ступені атрымала Ніка Рай, выхаванка ясляў­сада № 1 Жыткавіч, з тэмай “Як з’яўляюцца камяні на агародзе?”. 

— У 2019 годзе ў маёй выхаванкі, стрыечнай сястрычкі Нікі, ужо быў дыплом заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Я — даследчык”, — расказала кіраўнік работы Кацярына Шапавалава. — Крок за крокам я адкрываю новыя грані ў свеце дзіцячых даследаванняў і захапленняў. У нашай групе ёсць “Скарбонка пытанняў”, якую дзеці напаўняюць. І калі ў кагосьці ўзнікае жаданне па­чаць даследаванне, але няма ідэі, мы дастаём са скарбонкі любую картку і пачынаем вывучаць запісанае на ёй пытанне. Дзеці — генератары ідэй, з задавальненнем дзеляцца сваімі задумамі. Праведзеныя даследаванні, доследы, назіранні выхаванцы занатоў­ваюць у сваіх арганайзерах даследаванняў. Звычайная магнітная дошка ў гэты час ператвараецца ў інтэлект-карту. Штомесяц у групе праводзяцца пасяджэнні “ВоМИ” (“Вопросы маленьких исследователей”), на якіх мы з дапамогай ТРВЗ-тэхналогіі знаходзім адказы на пытанні са скарбонкі. Калі хутка знайсці адказ не атрымліваецца, пачынаем даследа­ваць глыбей. 

Аднойчы ў скарбонцы з’явілася пытанне Нікі: “Як з’яўляюцца камяні на агародзе?”. Яе даследчая работа ператварылася ў сапраўдныя прыгоды. Пацвярджэнне гэтага — гульні з камянёў (шашкі, даміно, крыжыкі-нулікі), якія дзеці вырабілі самі. Актыўным удзельнікам даследавання стаў дзядуля Нікі — геолаг. 

— Аднойчы я дапамагала бабулі збіраць ураджай на агародзе і выпадкова паклала сабе ў кошык камяні, якія пераблытала з бульбай, — гаворыць дзяўчынка. — Мне стала цікава: як яны з’явіліся на агародзе? Вылучыўшы некалькі гіпотэз, правяла даследаванне. Нават пабывала з экскурсіяй у Мікашэвічах на кар’еры. Свае назіранні ўносіла ў спецыяльную карту даследаванняў, якая ёсць у нас у групе. У выніку доследаў зрабіла выснову, што камяні з’яўляюцца на паверхні зямлі дзякуючы паветру і вадзе. Вясной іх выштурхоўвае талая вада. Прыродай створана і спецыяльнае “абсталяванне”, якое пры выштурхоўванні робіць камяні гладкімі. Гэта пясок, паветра і вада!

Падман зроку

У намінацыі “Бюро знаходак” дыплом І ступені атрымала Варвара Краўчанка, выхаванка санаторнага ясляў­сада Хойнік, з тэмай “Ці можа зрок нас падманваць?”. 

— У  мяне ўжо ёсць вопыт удзелу з іншай маёй выхаванкай у названым конкурсе і нават дыплом у абласным этапе, — заўважае кіраўнік работы Акса­на Хамяк. — У кожнай групе нашага сада абсталяваны “астраўкі даследаванняў”. Педагогі прымяняюць тэхналогіі, метады і прыёмы па развіцці крытычнага мыслення, пазнавальнай актыўнасці, даследчыцкіх уменняў. Часта ў сваёй рабоце я выкарыстоўваю тэхналогію А.І.Са­вянкова, ТРВЗ-тэхналогіі, метад праблемных сітуацый, прыём інтэлект-карт, адвэнт-каляндар. І, вядома ж, вывучаю вопыт работы іншых устаноў, якія ўдзельнічаюць у даследчым конкурсе. Тэму даследавання часта падказваюць дзеці, затым самі шукаюць спосабы вырашэння пастаўленых перад імі задач, спрабуюць, памыляюцца, эксперыментуюць і атрымлі­ва­юць нечаканы адказ. І, як сапраўдныя навукоўцы, выступаюць па тэме свайго даследавання, адказваюць на пытанні аднагодкаў і нават дарослых.

Цікавае даследаванне пра тое, як зрок можа нас падманваць, дапамагло Варвары зразумець, чаму некаторыя намаляваныя прадметы пачынаюць рухацца, а ў некаторых аднолькавых прадметаў скажаюцца колер і памер. Па дапамогу дзяўчынка звярнулася да бабулі — настаўніцы фізікі.

— Аднойчы ў наш сад прыйшла ўрач-аку­ліст з дзіцячай па­ліклінікі, — гаворыць дзяўчынка. — З ёй ра­зам мы правялі зрокавую гімнастыку і пагулялі з дзіўнай цацкай-таўматропам. З аднаго боку таўматропа быў намаляваны Фіксік, а з другога — тэлевізар. Калі я хутка круціла цацку, Фіксік трапляў у тэлевізар. Чаму я бачу тое, чаго на самай справе няма? Мне захацелася разабрацца ў прычынах зрокавых ілюзій.

Варвара даведалася, што сабой уяўляюць прыродныя ілюзіі, паназірала за фізічнымі ілюзіямі і разам з сябрамі стварыла штучную фотаілюзію (серыю здымкаў змясціла ў альбом).

Таямніца кінетычнага пяску

У намінацыі “Незвычайнае ў звычайным” дыплом І ступені атрымаў Дзямід Аўтушка, выхаванец ясляў­сада № 6 Лепеля, з тэмай “У чым таямніца кінетычнага пяску?”. 

— Праблемай развіцця даследчай актыўнасці дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту займаюся з 2014 года, — гаворыць кіраўнік работы Ірына Калітуха. — Была ўдзель­нікам абласнога праекта па ўкараненні мадэлі развіцця даследчай актыўнасці дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў працэсе дзіцячага эксперыментавання і рэспубліканскага эксперыментальнага праекта па апрабацыі навукова-метадычнага забеспячэння даследчай дзейнасці выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі. Абапіраючыся на методыку А.І.Са­вянкова, заклікаю дзяцей задаваць пытанні і самастойна знаходзіць адказы на іх. Развіваю ў выхаванцаў даследчыцкія ўменні: здольнасць бачыць праблему, задаваць пытанні, вылучаць гіпотэзу, назіраць, эксперыментаваць, рабіць высновы, даказваць і абараняць свае ідэі.

Дзямід шукаў адказы на пытанні пра ўласцівасці кінетычнага пяску, пра тое, чаму яго так называюць, чым ён адрозніваецца ад звычайнага пяску і ці можна зрабіць яго самому. Ён з захапленнем вывучаў сыпучасць, растваральнасць, пластычнасць пяску і рэцэпты яго стварэння. А самае галоўнае — Дзяміду ўдалося зрабіць пясок, вельмі падобны па сваіх уласцівасцях на кінетычны. Апрабаваўшы розныя рэцэпты, найбольш удалым аказаўся наступны: 200 г крухмалу, 1 шклянка соды, пена для галення, чырвоны харчовы фарбавальнік. Пясок атрымаўся пластычным, глейкім, вільготным, з яго хлопчык змог вылепіць розныя фігуркі.

“Белае золата”

У намінацыі “Мая радзіма Беларусь” дыплом І ступені атрымаў Уладзіслаў Волкаў, выхаванец ДЦРД Добруша, з тэмай “Чаму мама называе фарфоравы кубак “белым золатам” Беларусі?”.

Для мяне даследчая дзейнасць — гэта магчымасць акунуцца ў свет нязведаных дзіцячых фантазій, даць адчуць малышам адказ­насць за вынікі сумеснай працы, павысіць сваё прафесійнае майстэрства, — адзначае кіраўнік работы Ганна Герман. — Асаблівую ролю я адводжу праблемным адукацыйным сітуацыям. Непрыметна падштурхоўваю дзяцей да ўласных адкрыццяў, новых ведаў. Разам мы не проста вывучаем родны горад, а “пражываем” старонкі яго гісторыі. Дзеці праяўляюць асаблівую назіральнасць. Так адбылося і з Уладам.

— Неяк дома ўвечары мы пілі чай і пачалі размаўляць пра любімыя кубкі. Мама сказала, што яе любімы фарфоравы кубак — гэта “белае золата” Беларусі. Чаму так? — разважае хлопчык. — Правёўшы некаторыя доследы, параўнаўшы фарфор з фаянсам, я шмат даведаўся аб каштоўных уласцівасцях фарфору. Мая выхавальніца арганізавала для мяне экскурсію ў выставачную залу адзінага ў Беларусі Добрушскага фарфоравага завода. Там мяне здзівіў выгляд першага кубка, зробленага на заводзе. Ён увесь быў у нейкіх пухірках, не такі гладкі, як сучасныя кубкі. Але на ім не было ніводнай трэшчынкі! Значыць, ён можа доўга служыць людзям, што вельмі каштоўна. З інтэрв’ю з работнікам завода, я даведаўся, што фарфоравы посуд вырабляюць з гліны, але не з простай, а рэдкай — белай. Значыць, нездарма мама называе фарфоравы кубак “белым золатам” Беларусі. Прадукцыя Добрушскага завода — гэта здабытак усёй рэс­публікі. 

Разам з педагогам Улад зрабіў інтэ­лект-карту па выніках даследавання і прадставіў яго іншым дзецям.

Надзея ЦЕРАХАВАЙ.