Рэсурс для росту і развіцця

- 11:43Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Кропкамі росту і развіцця для сістэмы прафесійнай адукацыі ў апошнія гады сталі рэсурсныя цэнтры. Менавіта гэтыя структуры цесна звязаны з працэсамі мадэрнізацыі і ўкаранення інавацый. У мінулым годзе былі адкрыты два рэсурсныя цэнтры і цяпер іх у краіне 48 — па 9 розных кірунках эканамічнай дзейнасці.

Н.П.Дзерваед.

Абодва новыя рэсурсныя цэнтры адкрыліся на Віцебшчыне. Так, рэсурсны цэнтр машынабудаўнічага профілю цяпер дзейнічае на базе Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа і стаў новым этапам   развіцця ўстановы. Дарэчы, гісторыя развіцця гэтага каледжа вельмі цікавая і насычаная. Уявіце сабе — установа адкрылася як тэкстыльны каледж і першы выпуск налічваў усяго тры навучэнцы. За больш чым 65 гадоў гісторыі змянілася многае — і спецыяльнасці, і маштабы, і ўмовы навучання. Сёння тут 753 юнакі і дзяўчыны атрымліваюць запатрабаваныя на сучасным рынку працы прафесіі, ва ўмовах, аб якіх першыя навучэнцы каледжа маглі толькі марыць.

Шмат змяненняў бачыла Наталля Дзерваед, дырэктар каледжа, а многія змяненні сама і ініцыіравала. Наталля Пятроўна працуе ў каледжы больш за 40 гадоў і больш за 30 з іх узначальвае ўстанову. Яна з’яўляецца выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь, лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, носіць ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны”. У сваёй кіраўніцкай дзейнасці арыентуецца на індывідуальны падыход, удзяляючы ўвагу матывацыі і стымуляванню, калегіяльнасці ў прыняцці рашэнняў, падтрымцы добрага псіхалагічнага клімату ў калектыве.

 — Каб ісці ў нагу з часам, мы  вывучаем рынак працы і актыўна ўмацоўваем сувязі з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, — расказвае Наталля Пятроўна. — Працуем над адкрыццём новых спецыяльнасцей, зыхо­дзячы з патрэб эканомікі. Не спыняецца работа па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы, умацаванні аўтарытэту і канкурэнтаздольнасці ўстановы адукацыі, стварэнні ўстойлівага даверу на рынку адукацыйных паслуг і ў сацыяльна-эканамічнай прасторы нашай краіны. Захоўваючы традыцыі, мы вітаем наватарства, знаходзімся ў пошуку сучасных эфектыўных адукацыйных ідэй.

Наталля Пятроўна як вопытны кіраўнік, усведамляе неабходнасць работы на апярэ­джанне і ў сугуччы з сучаснымі тэндэнцыямі развіцця тых галін прамысловасці, для якіх установа рыхтуе спецыялістаў. Стварэнне на базе каледжа рэсурснага цэнтра якраз адпавядае тэндэнцыям наватарства, якія ўзялі на ўзбраенне ў каледжы.

Рэсурсны цэнтр уключае 4 лабараторыі, а таксама майстэрні фрэзернай і такарнай апрацоўкі матэрыялаў на малагабарытных станках з праграмным кіраваннем і прамысловых станках з праграмным кіраваннем. Лабараторыі і майстэрні аснашчаны сучаснымі вучэбнымі стэндамі, вучэбным і прамысловым абсталяваннем. Тут ёсць разрыўная машына, лічбавы  мікраскоп, цвердамер з узорамі мер цвёрдасці, 3D-прынтар і 3D-сканер, робатызаваны тэхналагічны комплекс, які складаецца з канвеера, робата і станка з праграмным кіраваннем, праграмныя прадукты, якія дазваляюць віртуальна вывучыць працэс стварэння дэталей з наступным іх вырабам на сучасных станках з праграмным кіраваннем.

— Рэсурсны цэнтр дае навучэнцам магчымасць не толькі ўбачыць найноўшае абсталяванне машынабудаўнічай галіны, але і разві­ваць навыкі і ўменні, запатрабаваныя ў будучыні: канструяваць, праграма­ваць, генерыраваць новыя ідэі і ўвасабляць іх у жыццё, — адзначае Наталля Пятроўна Дзерваед. — Навучанне дазваляе пашырыць кругагляд і атрымаць паглыбленыя веды, пасля чаго выпускнікі будуць гатовы працаваць на новым абсталяванні і ў розных арганізацыях, быць канкурэнтаздольнымі на рынку працы.

На базе рэсурснага цэнтра арганізавана таксама работа з дзеючымі работнікамі розных прадпрыемстваў: з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў заключаны дагаворы аб  перападрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі кадраў.     Таксама заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве і арганізацыі заняткаў для навучэнцаў і студэнтаў іншых устаноў адукацыі. Адкрыццё рэсурснага цэнтра машынабудаўнічага профілю дазволіла пашы­рыць магчымасці дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў.

Разабрацца ў дэталях

У Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы імя акадэміка М.С.Высоцкага, які з’яўляецца філіялам РІПА, рэсурсны цэнтр па накірунках аўтасэрвісу і тэхналагічнай эксплуатацыі аўтамабіляў працуе пяты год. Таму гаварыць аб перавагах, якія дае арганізацыя работы такога цэнтра на базе ўстановы адукацыі, тут могуць зыходзячы са значнага вопыту. Толькі за мінулы год на занятках у цэнтры пабывалі каля 900 навучэнцаў каледжа і каля 400 спецыялістаў з розных кампаній і прадпрыемстваў. Рэсурсны цэнтр складаецца з класа тэарэтычнага навучання і 5 лабараторый.

Адпраўляемся ў падарожжа па рэсурсным цэнтры, які паказваюць выкладчыкі спецдысцыплін каледжа Дзмітрый Аляксандравіч Гемскі, Вадзім Аляксеевіч Ліндо, Яўген Уладзіміравіч Луцэнка, Алег Валер’евіч Царук, Марыя Аляксандраўна Бараноўская. Вакол — сучасныя прыборы і тэхніка, некаторыя з іх  — унікальныя для нашай краіны.

Заняткі ў рэсурсным цэнтры пачынаюцца ў класе тэарэтычнага навучання. Тут размешчаны некалькі стэндаў, якія дэман­струюць прынцып работы розных сістэм аўтамабіля. Напрыклад, на адным са стэндаў імітуецца работа бензінавага рухавіка, на другім — гібрыднага рухавіка. Тут жа ёсць макеты бензінавых рухавікоў з рознымі сі­стэмамі ўпырску, макет гібрыднай устаноўкі, якая спалучае рухавік унутранага згарання і электрарухавік.  У класе ёсць і парты, за якімі навучэнцы вывучаюць новы матэрыял, а таксама выконваюць лабараторныя работы. Таксама ў лабараторыях тэарэтычнага навучання можна ўбачыць макеты рухавікоў у разрэзе. Пры гэтым захоўваецца кінематыка — усе дэталі могуць рухацца. Так можна разгледзець літаральна кожную дэталь і зразумець, як яны спалучаюцца і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Гэтак жа можна даследаваць і розныя каробкі пераключэння перадач — механічную, гідрамеханічную, робатызаваную і інш. 

Калі тэарэтычны матэрыял засвоены — можна пераходзіць да практыкі, а значыць, навучэнцы трапляюць у лабараторыю дыягностыкі. Тут адразу звяртае на сябе ўвагу адна канструкцыя — каркас аўтамабіля, на якім “навешаны” розныя сістэмы.

— Гэта макет шасі заднепрываднога легкавога аўтамабіля з дызельным рухавіком, — расказвае Дзмітрый Аляксандравіч Гемскі. — Тут прадстаўлены ўсе ключавыя вузлы. Навучэнцы наглядна бачаць, як яны размешчаны, як працуюць, як спалучаюцца. Гэты макет заводзіцца і нішто не перашка­джае раз­гледзець, як і што ў машыне працуе. Ёсць такі ж макет пярэднепрываднога аўтамабіля з бензінавым рухавіком.

Побач стаіць аўтамабіль “Фіат”. Быццам бы звычайная машына, вось толькі на дзвярах праз выразаныя дзіркі ў метале выглядаюць дэталі. “Аголены” і розныя сістэмы ў салоне. Гэта яшчэ адна “прылада” для навучання. Аўтамабіль поўнасцю рабочы, заво­дзіцца і можа ехаць. Праўда, не заўсёды, але так задумана.

 — На гэтым аўтамабілі ёсць сістэма ўводу няспраўнасцей. Педагог, майстар вытворчага навучання, можа “запраграма­ваць” пэўную паломку аўтамабіля. А навучэнцы павінны яе дыягнаставаць і выправіць, — расказвае Вадзім Аляксеевіч Ліндо. — Для работы выкарыстоўваюць сапраўднае дыягнастычнае абсталяванне, якое прызначана для работы на аўтасэрвісных станцыях.

Па суседстве яшчэ адзін аўтамабіль — на ім вучацца праводзіць работы па кузаўным рамонце. Машына стаіць на стапелі — гэта спецыяльная падлогавая сістэма для праўкі дэфармаванага кузава аўтамабіля. Сістэма гэтая для нашай краіны, можна сказаць, унікальная — такую пакуль можна знайсці літаральна ў адной-двух арганізацыях. 

Адрамантуем усё

Рэсурсныя цэнтры здольны аператыўна рэагаваць на запыты часу. Так, на беларускіх дарогах пачалі з’яўляцца электрамабілі. А значыць, ёсць патрэба і ў спецыялістах, здольных іх рамантаваць і абслугоўваць. Таму ў рэсурсным цэнтры аўтамеханічнага каледжа з’явілася адпаведная лабараторыя. Спачатку навучэнцы вучацца за камп’ютарамі — кожнае рабочае месца абсталявана сістэмай Uni Train. Праз сі­стэму да камп’ютара  падключаюцца па чарзе розныя платы, кожная дапамагае тэарэтычна вывучаць пэўную сістэму электрамабіля. Потым перахо­дзяць да работы на трох стэндах — тут змадэляваны сілавая ўстаноўка электрамабіля, сістэма кандыцыяніравання і ацяплення, высакавольтная батарэя. Стэнды даюць магчымасць мадэляваць няспраўнасці ў сістэмах. А самае цікавае ў лабараторыі, канечне, непасрэдна сам электрамабіль. Гэта “Нісан”, а дакладней, дзве яго трэці — бок аўтамабіля адрэзаны, так, каб было відаць, як усё працуе. Пры гэтым “жыццёва важныя” дэталі не пашкоджаны, аўтамабіль можа е­хаць. І зноў жа — усё наглядна і зразумела. 

У мінулым годзе матэрыяльная база каледжа прырасла яшчэ адной структурай — быў адкрыты цэнтр вытворчых тэхналогій MAZ — Weichai. Тут  рыхтуюць спецыялістаў да работы з дызельнымі рухавікамі класа еўра-5 і еўра-6, якія выпускаюць на новым прадпрыемстве ў Беларуска-кітайскім  індустрыяльным парку “Вялікі камень”.

Цэнтр падзелены на некалькі зон. У зону тэарэтычнага навучання толькі што прыйшлі навучэнцы 2 курса, якія пачынаюць знаём­ства з рухавікамі. Яны сядаюць за парты і надзяваюць 3D-акуляры. На экране яны   ба­чаць дэталі рухавіка, якія аб’ядноўваюцца, і прыбор пачынае працаваць. “Аб’ёмная” карцінка робіць усё больш зразумелым. Побач — інтэрактыўная дошка, якая дазваляе самому “сабраць” з дэталей спачатку асобныя сістэмы рухавіка, а потым і сам рухавік. Калі дэталі спалучаны няправільна, праца­ваць нічога, канечне, не будзе. А далей можна пазнаёміцца і непасрэдна з рухавіком у зоне выпрабаванняў.

 — Гэта рухавік  VP-12 экалагічнага класа еўра-5, — паказвае Яўген Уладзіміравіч Луцэнка, выкладчык спецдысцыплін. — Гэта сапраўдны механізм, ён заводзіцца і працуе. Можна вывучаць яго работу і характарыстыкі. Да яго падключаны стэнд для навучання і тэсціравання няспраўнасцей. Выкладчык можа запраграмаваць каля 50 паломак.

У зоне вывучэння канструкцыі рухавіка прадстаўлены яго макет у разрэзе — выкладчык уключае прыбор і поршні пачы­наюць рухацца. Пры гэтым кожны падсвечаны розным колерам, што адпавядае розным тактам: зялёны — такт упуску, сіні — сціскання, чырвоны — рабочага ходу, фіялетавы — выпуску. Відавочна, што навучэнцаў, якія ба­чаць гэта, карцінка захапляе і зацікаўлівае. У хуткім часе ў іх будзе магчымасць папрацаваць з рухавіком у функцыянальнай зоне рамонту. Тут размешчаны 2 рухавікі, якія можна разабраць да апошняй шрубкі, і зноў са­браць. Дарэчы, вага кожнага такога рухавіка — каля тоны. Аднак прадуманая сістэма пад’ёму і кантавання дазваляе знайсці падыход з любога боку.

Відавочна, што ў лабараторыях цэнтра ўсё прадумана і добра прыстасавана для навучання. У каледжы адсочваюць змяненні ў тэхніцы і тэхналогіях у галіне аўтасэрвісу і тэхналагічнай эксплуатацыі аўтамабіляў і імкнуцца, каб усе навінкі знайшлі адлюстраванне ў абсталяванні рэсурснага цэнтра.

 — Тут сканцэнтравана высокатэхналагічнае абсталяванне. Але тэхніка — гэта яшчэ не ўсё. Шмат часу і сродкаў мы ўклалі ў падрыхтоўку нашых педагогаў да работы з гэтай тэхнікай. Яны дасягнулі значных вышынь прафесіяналізму і працэс іх падрыхтоўкі не спыняецца. Перакананы, што нашы педагогі маглі б выкладаць у любым пункце свету, на любым абсталяванні, — расказвае дырэктар Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа Валерый Рыгоравіч Кірыленка.

Магутнасці рэсурснага цэнтра выкарыстоўваюцца і для падрыхтоўкі да конкурсаў прафесійнага майстэрства. Навучэнцы каледжа добра праявілі сябе ў міжнародным конкурсе WorldSkills. Двое педагогаў установы з’яўляюцца міжнароднымі экспертамі гэтага конкурсу — Алег Валер’евіч Царук і Канстанцін Раманавіч Шайтар.

Немалаважна, што ў лабараторыях рэсурснага цэнтра могуць займацца і тыя, хто ўжо працуе на прадпрыемствах, каб атрымліваць новыя актуальныя веды. Так, зараз на занятках у каледжы знаходзяцца дзве групы спецыялістаў з дылерскага і сэрвіснага цэнтра “Мерседэс”. А ў цэнтр вытворчых тэхналогій  MAZ — Weichai наогул едуць вучыцца з розных куткоў свету, куды пастаўляюцца нашы МАЗы з новымі рухавікамі. Тут віталі слухачоў з Сочы, Смаленска, Самары, Барнаула, Нарыльска, Якуцка, Магадана і яшчэ многіх расійскіх гарадоў, а таксама з Украіны і Казахстана.

Рэсурсны цэнтр — надзвычай ёмкая назва. У такіх цэнтрах акумуляваны ўсе неабходныя рэсурсы для сучаснага навучання. І ў той жа час гэтыя цэнтры самі становяцца моцным рэсурсам для развіцця як устаноў адукацыі, так і сістэмы прафесійнай адукацыі, а таксама эканомікі краіны.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара і Ірыны ІВАШКА.